Чым больш знаёмішся з гісторыяй роднага краю, тым больш яна здзіўляе нечаканымі знаходкамі. Такой знаходкай для мяне аказалася і месца пад назвай Ізбійскі (іншыя варыянты, народныя, — Ізбіцкі, Узбіцкі) бор паміж паваротам на Дзяніскавічы і Будчай.
Айцец Пётр адразу згадзіўся паказаць гэтае месца, і на другі ж дзень мы паехалі туды разам з дырэктарам і навуковым супрацоўнікам раённага краязнаўчага музея А. Занька і В. Герасіменем. Не даязджаючы некалькі кіламетраў да Будчы, спыніліся і пайшлі пяшком у лес па пратаптанай сцежцы. Праз метраў сто ўбачылі крыжы, упрыгожаныя свежымі яркімі стужкамі, спаднічкамі, на некаторых з іх былі прычэплены іконы з выявай Божай Маці. Па ўсяму відаць, людзі тут і цяпер бываюць часта.
Непадалёку вольна раскінуў ушыркі свае вузлаватыя лапы стары паўзасохлы дуб — маўклівы сведка падзей паўтаравекавой (а то і болей) даўнасці. Але найбольш вакол елак ды сосен. Асобныя невялікія камяні і невысокія горкі з іх яшчэ хаваюць абрысы фундамента будынка. Айцец Пётр расказвае, што некалі тут стаяла невялікая царква ў гонар Прасвятой Багародзіцы, куды на Прачыстую збіралася ўсё духавенства акругі, каб адслужыць малебен. Чаму менавіта ў лесе? Захавалася легенда, што на гэтым месцы, як і ў Жыровічах, была знойдзена ікона Маці Божай, якая нібыта і сама сыходзіла сюды. Тут жа бруілі крыніцы, якія валодалі гаючай, ачышчальнай сілай, таму і стала яно месцам масавага паломніцтва.
У Свята-Ціханаўскім храме г. Ганцавічы захоўваюцца выпіскі з архіўных дакументаў, якія сведчаць, што пабудавана цэркаўка была ў 1861 годзе "с разрешения Минской Духовной консистории по указу 20 июля 1859 года за № 4807 тщанием священника Людвига Горбацевича и старосты церковного Герасима Глеба” (НИАБ, Ф. 136, оп.1, д. 40866, л. 65). Памятная кніжка 1871 года сяла Дзяніскавічы сведчыць, што "приписная Успенская церковь в Избийском боре, деревянная, новая” належыць царкве ў імя Святых Пятра і Паўла. У архівах захавалася і ведамасць "О приписной церкви, состоящей в Избийском бору во Имя Успения пресвятыя Богородицы за 1865 г.”
Аднак ёсць выпіскі і з больш ранніх дакументаў (якія дакладна — не пазначаны). Адзін з іх за 1860 год сведчыць, што царква пабудавана "невядома калі і кім”. Называецца той жа яе служыцель — Людвіг Іааннавіч Гарбацэвіч. Ён, адзначаецца, з сям’і свяшчэнніка, як і яго жонка Фёкла Пракопаўна. Указваецца, што "С 1865 г. дьячек при сей церкви” — 46-гадовы Фама Кандратавіч Сушчынскі, у якога ёсць жонка Параскева Іванаўна 36-і гадоў і дочкі: Марыя, Вольга, Алена, якім адпаведна па 12, 9, 3 гадоў, і паўгадовая Юлія. Ёсць таксама звесткі пра сем’і пазаштатных служыцеляў — 49-гадовага Фелікса Іааннавіча Гарбацэвіча (меў 39-гадовую жонку Марыю Сцяфанаўну і чатырох дачок — Сцефаніду, Алену, Ганну і Лізавету, 10, 8 з паловай і 2 гадоў) і 48-гадовага Макарыя Іааннавіча Гарбацэвіча (жонка — 45-гадовая Францішка Ігнатава, два сыны — Іван, Мітрафан, 18, 11 гадоў, дачка Феафіла).
Фота 1 і 2. На святым, намоленым месцы.
"У той час яшчэ былі ў нашай мясцовасці і уніяцкія цэрквы, — гаворыць айцец Пётр. — Але гэтая была праваслаўнай: не ўсе перайшлі ва ўніяцтва". Пазней, гартаючы старонкі падручнікаў па гісторыі Беларусі, знаходжу пацвярджэнне сказанаму свяшчэннікам: уніяцкай царкве быць не магла. Пасля прызнання дзяржаўнай уладай правамоцнасці Берасцейскай уніі і скасавання праваслаўнай царквы яна, тым не менш, працягвала існаваць нелегальна. Па Беларусі пракацілася хваля антыўніякіх выступленняў — дала сябе знаць пяцісотгадовая праваслаўная традыцыя. У 1633 годзе ўрад Рэчы Паспалітай пайшоў на ўступкі і зноў афіцыйна прызнаў праваслаўную царкву. А вось уніяцтва было забаронена Полацкім царкоўным саборам 1839 года.
…Айцец Пётр вымярае крокамі, якога памеру была царква. "Прыкладна 8х12 метраў, — паведамляе ён і заўважае: — Ідуць сюды людзі, іншыя нават прыпаўзаюць на каленях: просяць у Багародзіцы збавення ад бед, хвароб. Святое гэта месца, намоленае. Таму з цягам часу мы плануем пабудаваць тут каплічку, зноў наладзіць службу ў дзень Прачыстай.”
Як кажуць, няхай Бог дапамагае! А матэрыяльна маглі б падтрымаць і мы, праваслаўныя. Справа, думаю, таго вартая.
І не толькі матэрыяльна. Магчыма, некаторыя жыхары раёна маглі б больш расказаць пра гэтае месца. Адкуль пайшла яго назва? Ці ёсць яшчэ легенды, гісторыі, звязаныя з ім? Як і калі была зруйнавана пабудова?.. Тэлефануйце ў рэдакцыю газеты "Савецкае Палессе”: 2-22-94. Мы ж разам з вамі пішам летапіс свайго краю.
|