Нядзеля, 12.05.2024, 02:53

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Андрэй Блінец

Старажытныя храмы Ганцаўшчыны
У 1680 годзе па ініцыятыве ўніяцкага мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага пачалася візітацыя (інспекцыя) цэркваў Навагрудскага і Мінскага паветаў. Для яе правядзення меліся важкія падставы. Беларусь яшчэ не паспела апра-віцца ад наступстваў вайны з Маскоўскай дзяржавай (1654 — 1667 гады), падчас якой многія ўніяцкія цэрквы былі спалены і разрабаваны, прыхаджане загінулі або вывезены ў палон. Загінула і большая частка архіваў уніяцкіх мітрапалітаў. Да таго ж, частка насельніцтва ў гады вайны вярнулася да праваслаўя. Каб паспяхова кіраваць епархіяй, неабходна было, прынамсі, ведаць сапраўдны стан рэчаў. Для гэтага на месцы і былі накіраваны ўпаўнаважаныя прадстаўнікі мітрапаліта. Храмы Навагрудскага сабора, куды адносілася і сённяшняя Ганцаўшчына, аглядаў святар Аляксандр Валасовіч.

На той час тэрыторыя Ганцаўшчыны ўваходзіла ў склад Клецкай пратапопіі (царкоўнай акругі), якая ўключала 22 царквы і 7 капліц. Пераважна яны размяшчаліся ў межах сучаснага Клецкага і Капыльскага раёнаў. Найбольш аддаленымі ад цэнтра акругі былі прыходы мястэчка Лахва і вёскі Чучавічы (цяперашні Лунінецкі раён), а таксама вёскі Хорастава (Салігоршчына). Агульная колькасць прыхаджан складала 8310 чалавек (пры гэтым няма звестак па 6 парафіях). У межах Ганцавіцкага раёна знаходзіліся цэрквы ў Лактышах, Дзяніскавічах, Агарэвічах, капліцы ў Круговічах і Ганцавічах.

27 снежня 1680 года візітар наведаў царкву Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Лактышах, збудаваную клецкімі князямі Радзівіламі. Фундуш на царкву захоўваўся ў яе настаяцеля Мікалая Гарбацэвіча. Да Лактышоўскай парафіі належалі вёскі Чудзін, Будча (у арыгінале — Бучча), Драбаўшчына, Астроўчыцы, Старыя Бурдзейкі, Навозы, Нача, Міцькавічы, Даўгапалы. Усіх прыхаджан было 420. Да гэтай жа парафіі адносілася капліца Святога Юрыя ў Круговічах.

музей Строчыцы
Царква з вёскі Логнавічы Клецкі раён
у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцах.
Магчыма, цэрквы маневіта падобнага характару былі
на тэрыторыі сучаснага Ганцавіцкага раёна напрыканцы XVII ст.


На наступны дзень Аляксандр Валасковіч ужо аглядаў Дзяніскавіцкую царкву Святой Тройцы. Як і Лактышоўская, яна была заснавана Радзівіламі, але яе дакументы згінулі падчас вайны. Настаяцелем быў Ян Гарбацэвіч. Прыход налічваў 240 чалавек і ўключаў у сябе, акрамя Дзяніскавіч, вёскі Шашкі і Еськавічы (увайшлі ў склад дзяніскавіч, у арыгінале — Яскавічы).

Няцяжка заўважыць, што ў абодвух выпадках візітар стараўся акругліць лічбу прыхаджан. Калі браць яе ў параўнанні, то адзначу, што Лактышоўскі прыход выглядае досыць сярэдне. Суседні з ім, Морацкі, налічваў430 чалавек. А вось Дзяніскавіцкі — быў адным з найменшых у пратапопіі. Менш, чым тут, прыхаджан было толькі ў Галынкаўскім і Грыцэвіцкім прыходах (200 і 160 чалавек).

Абедзве царквы былі драўлянымі і, як сказана ў апісанні, "упрыгожаны абразамі". У Лактышоўскай царкве знаходзіўся нерухомы антымінс (палотнішча з зашытымі рэліквіямі, на якім можна праводзіць набажэнствы). Нерухомыя антымінсы, як правіла, захоўваюцца ў царкве з моманту яе асвячэння. Рухомыя ж могуць пераносіцца з адной царквы ў другую. Менавіта такі антымінс, уласнасць настаяцеля, выкарыстоўваўся ў Дзяніскавічах. У абодвух храмах было па два званы: адзін у алтары і адзін на званіцы. Настаяцелі характарызаваліся візітарам, як людзі ўзорных паводзін. Захаванне царкоўных архіваў таксама не выклікала ў яго нараканняў.

Уяўляе цікавасць і склад царкоўных кнігазбораў. Адзначу, што па гэтаму паказчыку Клецкая пратапопія займала апошняе месца ў Навагрудскім саборы. Ва ўсіх яе цэрквах налічвалася 83 кнігі (з іх 53 друкаваныя). У Лактышоўскай царкве было 6 кніг. Друкаваны "Трэбнік" (трэбы — службы, якія адпраўляюцца на патрэбу вернікаў, напрыклад, паніхіда, або малебен), "Апостал", "Паўустаў" (зборнік літургій і тэкстаў, неабходных для святочных набажэнстваў), былі рукапіснымі, a вось тэхніка выканання "Нотнага Ірмалоя" — зборніка песнапенняў — у візітацыі не вызначана. У Троіцкай царкве ў Дзяніскавічах усе кнігі былі друкаванымі: "Евангелле", "Апостал", "Службоўнік", "Трэбнік" і "Паўустаў".

Апісанне Агарэвіцкай царквы абмежавана некалькімі радкамі: "Царква Агарэвіцкая ўласнасць яго міласці пана Крывіцкага пустая. Унія заў-сёды была, а цяпер схізматык прыязджае з-за нядбайнасці... і пратапопа клецкага..." (на гэтым запіс абрываецца). Відаць, гэта была адзіная царква пратапопіі, якая цалкам адпала ад уніі і вярнулася да праваслаўя. Намаганні візітара змяніць становішча не далі вынікаў. Пра капліцу ў Ганцавічах сказана толькі, што яна стаіць "без апартаменту", г.зн. без царкоўнага начыння. Hi яе назва, ні колькасць прыхаджан не зафіксаваны.

Нядаўна надрукаваныя матэрыялы візітацыі дапамагаюць узнавіць невядомыя раней старонкі царкоўнага жыцця. Думаю, яны будуць карыснымі для краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай роднага краю.
Катэгорыя: Андрэй Блінец | Дабавіў: admin (09.04.2011) | Аўтар: Андрэй БЛІНЕЦ
Праглядаў: 2469 | Тэгі: Лактышы, Дзяніскавічы, Агарэвічы, Вялікія Круговічы, Андрэй Блінец, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.