Жыхар вёскі
Лактышы Ганцавіцкага раёна Іосіф Ленкавец яшчэ ў 2005 годзе сабраў калекцыю народных рыбалавецкіх прылад, з якіх атрымалася сапраўдная музейная экспазіцыя. Размясціў яе ў адным з пакояў вясковага цэнтра культуры і з задавальненнем вядзе экскурсіі. Адных назваў — букет: буц, цясла, выліўка,
боўт, даўбенька, таптуха, павук, кош, венцер... Цяпер гэткія словы рэдка пачуеш ад сучасных рыбакоў. Каля 80 экспанатаў, у тым ліку і розных браканьерскіх штучак, налічвае лактышоўская галерэя, адзіная ў Беларусі, як сцвярджае сам Ленкавец.