Кніга «Мой літпрацэс» з'яўляецца зборнікам рэцэнзій, эсэ, гутарак за аўтарствам Анатоля Трафімчыка.
Перад вамі зборнік літаратурна-мастацкай крытыкі бягучага літаратурнага працэсу на Беларусі. Большасць работ была апублікавана ў перыёдыках. Цяпер яны сабраны пад адной вокладкай. Аўтар звяртае ўвагу на некаторыя – перажытыя і асэнсаваныя ім непасрэдна – з’явы ў развіцці беларускага прыгожага пісьменства. Менавіта «працэджванне» тых з’яў праз сябе дало падставу назваць літпрацэс сваім (як называюць класікаў, напрыклад, мой Колас, мой Пушкін, мой Міцкевіч). З гэтай прычыны ў аналізе прысутнічае пэўная доля суб’ектыўнасці. Разам з тым аўтар як прафесійны чытач стараецца вытрымаць і справядлівасць у ацэнках. Стыль – месцамі хуліганскі, месцамі акадэмічны, дзе залішне нават гарэзлівы, дзе жыццёва сур’ёзны – зробіць чытанне дынамічным, без аднастайнасці і суму. Удзяляецца ўвага выданням і творчасці самага шырокага кола самых разнастайных аўтараў: Алеся Гаруна, Пятра Сеўрука, Уладзіміра Жылкі, Сяргея Пясецкага, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Васіля Гадулькі, Віктара Гардзея, Аляксея Белага, Янкі Лайкова, Віктара Шніпа, Уладзіміра Гніламёдава, Сяргея Кавалёва, Зінаіды Дудзюк, Ярыны Дашынай, Аксаны Данільчык, Таццяны Сівец, Розы Шэрай, Таццяны Барысюк, Ягора Конева, Міколы Захаранкі, Анатоля Кудласевіча, Валерыя Гапеева, Сержука Вітушкі… Прыдасца як прафесійнаму даследчыку, так і паспалітаму аматару беларускай мастацкай літаратуры.
Даследаванне выкрывае фарысейскую палітыку кіраўніцтва бальшавіцкай Расіі стасоўна лёсу Беларусі; прыводзяцца пераканаўчыя доказы таго, што ленінска-сталінскі Крэмль быў супраць беларускай дзяржаўнасці, але рэальнасць геапалітычнай сітуацыі ў сімбіёзе з амбіцыямі на сусветную рэвалюцыю вымусіла яго з «беларускае карты» зрабіць козыр і пайсці — хаця б фармальна — на стварэнне Савецкай Беларусі. Кніга разлічаная не толькі на спецыялістаў-гісторыкаў, але і на ўсіх, каго цікавіць станаўленне беларускай дзяржаўнасці.
Аўтар сабраў пад адной вокладкай свае даследаванні творчасці і жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Як вынікае з назвы, чытач не толькі абновіць некаторыя свае веды, але і адкрые для сябе дагэтуль незнаёмыя бакі класіка як мастака слова. Даследуюцца таксама некаторыя біяграфічныя старонкі пісьменніка. Разглядаюцца асобныя моманты захавання памяці пра Песняра. Аўтар не імкнуўся да сенсацый. Аднак месцамі Якуб Колас прадстаўлены як мінімум нечакана, што выклікае цікавасць да кнігі самага шырокага кола чытачоў.
У манаграфіі ўпершыню прааналізавана і ахарактарызавана на шырокай сістэматызаванай аснове развіццё беларускай дзіцячай драматургіі, раскрываюцца агульныя тэндэнцыі развіцця драматургіі для дзяцей на кожным з этапаў, выяўляюцца змены і асаблівасці характараў у беларускай п’есе для дзяцей. Вартасць атрыманых вынікаў заключаецца ў стварэнні цэласнай працы па праблеме характару ў беларускай дзіцячай драматургіі на працягу стогадовай гісторыі яе існавання, а таксама ў крытычнай рэвізіі многіх ранейшых палажэнняў літаратуразнаўства і крытыкі. Кніга разлічана перадусім на філолагаў, а таксама тэатральных дзеячаў – як прафесіяналаў, так і аматараў.
Рэпрэзентуецца крытычны погляд з нагоды некаторых кніг па гісторыі, меркаванні, якія часта выходзяць за рамкі традыцыйнай рэцэнзіі і схільны да рэпрэзентацыі аўтарскай візіі. Прадметам увагі сталі працы па гісторыі Беларусі А.Вялікага, У.Ладысева, Л.Несцерчука, В.Сьляшыньскага, С.Парашкова, А.Татаранкі, Я.Мірановіча. Трохі выбіваюцца з такога шэрагу прысутныя тут рэцэнзіі на кароткую беларускамоўную сінтэзу гісторыі Польшчы М.Семаковіча і на даследаванне т.зв. сучаснай гісторыі Украіны Г.Касьянава, шырокі водгук на чарговую кнігу Н.Дэвіса і разгляд гісторыі тэатральных пастановак на тэму жыцця Т.Касцюшкі П.Мітцнера, а таксама аналітыка ўжывання беларусамі слова "маскаль" і пераклад урыўкаў кнігі вядомага палітычнага правакатара Д.Карчынськага пра падзеі на Беларусі 1996 г. Кнігу характарызуе набор смеласці, неардынарнасці ды іроніі. Таму варта разлічваць, што яна выкліча цікавасць у самага запатрабавальнага чытача, нягледзячы на яго ўзрост і ступень абазнанасці ў той ці іншай тэме гістарычнага мінулага.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.