Пятніца, 29.03.2024, 00:13

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка трэцяя: Лактышы, Нач, Гута, Ясянец
Крочым далей на поўнач раёна, дзе захавалася шмат артэфактаў культавага хрысціянскага дойлідства.

У вёсцы Лактышы ў 1792 годзе была пабудавана драўляная Мікалаеўская царква на месцы ранейшай, якая спарахнела. У 1864 годзе на сродкі казны была пабудавана новая, таксама з дрэва, а старая была разабрана.

Прыкладна з гэтага часу Лактышоўская Свята-Мікалаеўская царква стала з’яўляцца цэнтрам праваслаўнага прыхода. Згодна з Памятнай кніжкай за 1871 год да прыхода належалі яшчэ і дзве капліцы ў вёсках Нач і Міцкевічы. Да прыхода належалі: Лактышы, Навозы, Бурдзейкі, Галузы, Драбаўшчына, Стараселье, Заполье, Міцкевічы і Нач. На 1879 год прыход налічваў 1780 прыхаджан, сярод іх мужчынскага полу 875 душ, жаночага – 905. Амаль усе сяляне адносіліся да сялянскага саслоўя, сярод прыхаджан пісьменных было не болей чатырох працэнтаў. Лактышоўскай прыходскай царкве на той час належала каля сарака дзесяцін зямлі. З пабудоў мелася: для святара – дом, свіран, гумно, адрына; для псаломшчыка – толькі дом. Усе пабудовы былі ветхія.

У 1886 годзе на сродкі прыхаджан Лактышоўская Свята-Мікалаеўская царква была адрамантавана. Адпаведна Памятнай кніжцы 1901 года прыход налічваў 2373 прыхаджан, сярод іх мужчынскага полу 1171 душа, жаночага – 1202. Святаром на той час быў Ананій Дневіч, які закончыў курс Мінскай духоўнай семінарыі, працаваў святаром з 1889 года і меў набедранік. Псаломшчыкам быў Васіль Кунцэвіч, які навучаўся ў Мінскім духоўным вучылішчы. Пры царкве была прыходская школа, якая была пабудавана ў 1884 годзе, настаўнікам быў Міхаіл Лукашэвіч.

Царква была вырашана ў плане падоўжаным крыжам з купалам над гонтавым чырвонай афарбоўкай дахам. Сцены жоўтай афарбоўкі чляніліся радам аконных праёмаў. Мела два ўваходы. Унутры апсіда без рызніцы вылучалася старажытным дашчатым двух’ярусным іканастасам на трынаццаць абразоў.
 

Дзеці Лактышоўскай школы на фоне мясцовай Свята-Мікалаеўскай царвы. 1950-я гады

 
Рэшткі падмурку былой царквы ў вёсцы Лактышы

Прастаяўшы крыху больш за 100 год і ўступіўшы ў пярыяд савецкага атэізму, у 1965 годзе царква была разабрана. Ад яе засталіся толькі паўразбураны падмурак, ды старая званіца. У канцы 1980-х гадоў званіца для лепшага захавання была абабіта нерыфлёным шыферам.

Новая Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Лактышы была асвечана на Вадохрышча 19 студзеня 2008 года. З гэтага дня пачаўся адлік новага жыцця хрысціянскай святыні. Праваслаўны храм размясціўся ў адным з былых будынкаў старой школы. Будаўніцтва працягвалася каля двух гадоў. Адным з ініцыятараў аднаўлення хрысціянскай святыні ў Лактышах стаў мясцовы жыхар Аляксандр Матусевіч, якому каб сабраць неабходныя сродкі, прыйшлося чатыры разы хадзіць па хатах. Акрамя грашовай дапамогі, шмат чаго на ўнутранае аздабленне царквы прыносілі самі людзі. Амаль усе абразы – падарункі лактышоўцаў. А ўраджэнка вёскі, зараз жыхарка Мінска, Ніна Матусевіч, калі даведалася, што на малой радзіме ідзе аднаўленне царквы, напісала дванаццаць абразоў на ўсе асноўныя гадавыя святы і падаравала Лактышоўскаму храму.
 
Адноўленная Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Лактышы
ў прыстасаваным для гэтага будынку былой школы


  
Званіца і званы Лактышоўскай Свята-Мікалаеўскай царквы

Непадалёку ад Лактышоўскай царквы размяшчаюцца яшчэ дзве могілкавыя: Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Нач і царква ў вёсцы Гута.
 
Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Нач

Царква ў імя святога архангела Міхаіла ў Начы размяшчаецца на могілках. Пабудавана ў 1870 годзе з дрэва. З’яўляецца помнікам народнага дойлідства. Вырашана прамавугольным зрубам з двухграннай алтарнай часткай пад вальмавым дахам, вынас якога на фасадзе падтрыманы чатырма слупамі. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. На прыканцы 1980-х гадоў сцены абабіты нерыфлёным шыферам.

 
Царква на могілках ў вёсцы Гута

Царква ў Гуце была пабудавана ў ХІХ стагоддзі з дрэва. Помнік народнага дойлідства. Вырашана прамавугольным зрубам з трохграннай алтарнай часткай, двухсхільны дах над якой пераходзіць у вальмавы, а на франтальным фасадзе мае значны вынас-падценне на двух слупах. Неашаляваныя фасады члянёны чатырмя прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх дашчатых ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. На прыканцы 1980-х гадоў сцены абабіты нерыфлёным шыферам.

У гэтай мясцовасці досыць шырока было распаўсюджана і каталіцтва. Шматлікія шляхецкія роды мелі тут свае мёнткі.

Адметнай кропкай з’яўляюцца каталіцкія могілкі ў Ясянцы, якія размешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі. Тут размешчаны дзве вялікія капліцы-пахавальні вядомых на Беларусі родаў – Вендорфаў і Яленскіх.

 
Капліца-пахавальня роду Вендорфаў

Капліца-пахавальня Вендорфаў у Ясянцы пабудавана з цэглы і бутавага каменю. Яна ўяўляе сабой помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам пад вальмавым дахам, закрытым на фасадзе паўкруглым франтонам. Арачныя аконныя і ўваходны праёмы вылучаны цагляна чырвонымі ліштвамі на паліхромным фоне бутавай муроўкі сцен.

 
Капліца-пахавальня роду Яленскіх

Непадалёку ад яе размяшчаецца капліца-пахавальня родя Яленскіх вырашаная прамавугольнікам ў плане над заходняй кчасткай якой узвышаецца пірамідальная вежачка. Капліца мае вялікі склеп на некалькі трунаў.

 
Рэшткі падмурку драўлянай капліцы на могілках у Ясянцы

Была на Ясянецкіх могілках і невялікая драўляная каталіцкая капліца, якая стаяла насупраць уваходу. Мясцовае насельніцтва яе яшчэ называла проста – "касцёлак”. Калі і кім яна была пабудавана невядома. Вядома толькі тое, што яна была спалена адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.

На сённяшні час ад яе засталіся толькі рэшткі падмурка і невялікі звон. Звон, кажуць, і зараз служыць вернікам пры царкве ў вёсцы Нач.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (08.01.2010) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 3302 | Тэгі: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Вендорфы, Нач, Яленскія, Ясянец, Гута, Лактышы, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.