Субота, 20.04.2024, 09:54

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны

Частка другая: Будча
Першая царква ў вёсцы Будча з’явілася ў 1623 годзе. Па пабудове яна была ўніяцкай і была названа ў чэсць сашэсця святога і жыватворнага Духа і святой Троіцы.

Доказам гэтаму можа служыць гэты дакумент: "Лета ад нараджэння сына божага тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга, месяца лютага, сямнаццатага дня… На роках судовых земскіх, на заўтра па грамніцах свяце рымскім, в року на даце выш пісаным прыпалых і судовых отпрововатые зачатых Перад намі, Андрэем Абрынскім – суддзею, Яном Пратасавічам – пісарам ваяводства Наўгародскага, пастанавіўшыся очэвісто зямяне гаспадарскія землі Навагародскае ўроджаны яго міласць пан Як Жук з Каршэва, сакратар і дваранін яго каралеўскае міласці і малжонка яго пані Кацярына з Кавечына Жукава, апавядалі і пакладалі ліст дабравольны вечысты фундушовы запіс водлуг права спраўлены, на цэркаў божую новую цераз іх міласцей саміх в іменію Бучы збудаваную даны… Той умысл свой даўні спутку прыводзячы, пана Бога ўзяўшы на палог, на чэсць і хвалу яго святую, а на збавенне душ нашых за ведамасцю і благаславенствам старэйшага пастыра рэлігіі грэчаскае ў панстве яго Каралеўскае міласці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага будучага высоце в бозе велічнага яго міласці айца Іосіфа Вельяміна Руцкага, архіепіскапа, мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсея Русі, каторы к уніі і пад паслушэнствам айца святога панежэ рымскага ёсць і потым наступаючыя пад унію і паслушэнствам айцоў святых панежаў і іншых рымскіх наступаючых будуць фундуемы на вечныя і неадзоўныя часы. І залажылі есьма ў памененнам іменіі нашым Буча цэркаў сашэсця святога і жыватворнага Духа і святое Тройцы, каторую водлуг можнасці нашае збудаваўшы да аздоб і патрэб усім да яе належачых прылажыцісь маемо…” Цытата гэтая ўзята з Даведкі аб вёсцы Будча, змешчанай у Відзімусе (выпісе) 1623 года з земскіх кніг Навагрудскай зямлі.

Пацверджаннем таго, што царква была ўніяцкай можа служыць тое, што благаславенне на яе будаўніцтва даў кіраўнік уніяцкай царквы Іосіф Вельямін Руцкі. Руцкі працягваў справу папярэдняга мітрапаліта Іпата Пацея і, побач з арцыбіскупам полацкім Іясафатам Кунцэвічам, вельмі шмат паспрыяў распаўсюджванню ўніяцтва на беларускіх землях. Сялянам жа на карысць царквы належала выконваць "павіннасці: цяглае і баярскае” па два карцы (карэц – 101,7 кг.) збожжа (½ жыта, ½ грэчкі, 1 карэц аўсу) меры клецкай з кожнай валокі. Тыя, хто меў борці, давалі па фунту воску.

Згодна з Інвентарамі маёнтка Будча 1643 і 1645 гадоў пры ім знаходзіўся касцёл. "За дваром касцёл з чатырма вокнамі і з усім іншым. Дзвярэй да яго двое на завесах з зашчапкамі. На версе касцёла купал бляхаю абабіты і крыж залацісты”. "Перад дваром касцёл драўляны гонтай абабіты”. З гэтага можна зрабіць выснову, што побач з уніяцкай царквой у адной вёсцы знаходзіўся і касцёл, але ж гэта малаверагодна. Справа ў тым, што Відзімус 1623 года быў складзены на старабеларускай (рускай) мове, а Інвентары 1643 і 1645 гадоў на польскай. У сувязі з гэтым і ўніяцкая царква магла быць проста названа касцёлам.

Амаль на 200 гадоў абрываюцца дакументальныя звесткі пра Будчанскую Троіцкую царкву. Крывавая завіруха канца XVI – пачатка XVII стагоддзяў дала аб сабе знаць.

Пасля далучэння Беларускіх зямель да Расійскай імперыі царызм усяляк імкнуўся павялічыць уплыў праваслаўя. На 1836 год царква ў Будчы знаходзілася ў заняпалым стане: сяляне і самі былі беднымі, уладальнік вёскі – князь Леў Радзівіл, а тым больш дзяржава не дапамагалі ўніятам, якія на той час складалі пераважную большасць насельніцтва. Магчыма на той час у Будчанскай Троіцкай царкве не было нават сталага святара. Скарыстаўшы гэта, старобінскі праваслаўны святар Іаан восенню 1836 года схіліў жыхароў Будчы да пераходу ў праваслаўе. Пры гэтым было паабяцана, што кансісторыя прышле сталага святара і выдзяліць сродкі на капітальны рамонт царквы.

Характэрна, што ўсю сваю агітацыйную работу Іаан праводзіў у прысутнасці начальніка ўпраўлення паліцыі па Слуцкаму і Бабруйскаму паветах. Пры тым, што ў вёсцы на той час налічвалася прыблізна 50 двароў і каля 350 душ насельніцтва, за пераход у праваслаўе выказаліся толькі 29 чалавек. Але ва ўмовах таго часу – прайшло шэсць год пасля Лістападаўскага паўстання ў Польшчы і заставалася тры гады да поўнай ліквідацыі ўніяцтва ў краі, – і тае дзяржаўнае палітыкі для гэтага было дастаткова.

З даведкі Мінскай духоўнай кансісторыі можна даведацца: "У мінулым 1863 годзе 12 снежня Будчанская царква з прыходам і вёскамі Чудзін і Гаўрыльчыцы (зараз Салігорскі раён Мінскай вобласці) далучаны з уніяцкай царквы да праваслаўя і па загаду свяцейшага Сінода ад 20 сакавіка 1837 года зацверджана Будчанскай прыходскай царквой. Гэтая царква ў сценах яшчэ новая, звонку патрабуе капітальнага рамонту фундамента, ашалёўкі, новага даху, а па ўнутранаму аздабленню – новага іканастаса, патрэбных для богаслужэння сасудаў і рэчываў, святарскага адзення і царкоўных кніжак”.

Пасля адпаведнай бюракратычнай працэдуры кансісторыя выдзяліла для Будчанскай Троіцкай царквы 1000 рублёў асігнацыямі, у тым ліку для першапачатковага "абзавядзення” святара – 200 рублёў. Святаром стаў дваццацітрохгадовы выпускнік духоўнай семінарыі Іван Данкевіч. У царкоўнай даведцы сказана, што Данкевіч у семінарыі навучаўся мове яўрэйскай "добра”, мове грэчаскай, нямецкай, французскай, польскай – "з поспехам”.

Праверка дзейнасці Будчанскага святара Івана Данкевіча па аднаўленню царквы праводзілася даволі часта. Вось, што піша ў сваім рапарце 19 верасня 1839 года ў Мінскую Духоўную Кансісторыю Вызненскі (зараз – Чырвоная Слабада Салігорскі раён Мінскай вобласці) святар Павел Яроміч: "Маю гонар данесці, што да гэтага ніякага рамонту ў гэтай царкве не было… Як было раней па ўніяцкаму абраду – прыстол пры сцяне, так і зараз без вялікіх перамен у ёй ад папярэдняга выгляду”.

У 1841 годзе для царквы была адмерана зямля ва ўрочышчах Рыгорка, Дворышча і Мошнева, а сялянам, што раней карысталіся гэтымі надзеламі, была зроблена замена за кошт "землі празднай пад назваю пусташы”. Можна ўявіць, колькі поту давялося праліць тым гаспадарам, каб распрацаваць надзелы на новым месцы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што і царкоўная зямля не была надта ўрадлівай.

25 лютага 1844 года той жа святар Павел Яроміч зноўку з праверкай наведаў Будчанскую Троіцкую царкву. Вось, што ён піша ў сваім рапарце: "Ездзіў я на месца ў сяло Будча. Аказалася, што царква знадворку адрамантавана вельмі добра. У фундамент у патрэбных месцах падстаўлены новыя сваі. У сценах для ўмацавання з двух бакоў навылет працягнуты жалезныя цвікі. Купалы цэрквы, праўда, не накрытыя бляхаю, а пакрыты няякасна апрацаванымі дошкамі, з-за чаго ў час дажджоў вада пападае ўнутр. Падлога таксама няякасная. Замест іканастаса зроблена перагародка з піляных хваёвых дошак. Хоць царскія, паўночныя і паўднёвыя вароты ёсць, але не пафарбаваны, а толькі памазаны нейкімі простымі рэчывамі блакітнага колеру – іх можна выцерці, а на месцы службовых варот трэба паставіць абразы. У царкве ёсць шэсць малых абразоў, з іх на палатне напісаны чатыры Евангелі і Благавешчанні да царскіх варот. На месцы тайнай вячэры прыгатавана плашчаніца на палатне. На ахвярніку няма ніякіх абразоў, харугвій няма. Уваходныя дзверы не закрываюцца, таму што няма замкоў. У некаторых вокнах выбіта шкло. На званіцы пабудаваны новы дах, але яшчэ не зусім закончаны. Навокал царквы няма плота. Яшчэ 28 снежня гэтага ж года будчанскі святар Іван Данкевіч паведамляў мне, што мясцовы памешчык Вендорф (браў сяло Будчу з навакольнымі землямі ў арэнду ў князя Льва Радзівіла) прапанаваў напісаць прыстойным жывапісам розных святых абразоў… Зыходзячы з убачанага царкву нельга назваць канчаткова пабудаванай”.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя царква ў Будчы згарэла і на некаторы час вяскоўцы на набажэнствы ездзілі ў суседнія Дзяніскавічы і царкву ў Ізбіцкім Бары. Але гэта адбывалася зусім нядоўга. Калі верыць архіўным дакументам, то не болей дзесяці год "на 1886 год у Будчы было 47 двароў, 458 жыхароў, царква…” А ўжо ў 1896 годзе ў Будчы на Спаса была адчынена новая Спаса-Праабражэнская царква. Была яна пабудавана намаганнямі жыхароў дзвух вёсак Будчы і Чудзін.

Нельга абыйсці і той факт, што ў Будчанскай царкве з 1910 па 1918 гады даслужваў свой святарскі век Феадор Навіцкі, бацька Яўхіма Карскага – выдатнага беларускага філолага-славіста, заснавальніка беларускіх навуковых мова- і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, палеагеографа, педагога.

Захаваліся дзве Ведамасці па царкве за 1914 і 1925 гады. З ведамасці за 1914 год можна даведацца, што царква была сапраўды пабудавана ў 1896 годзе: "Пабудова драўляная на каменным фундаменце з калакольняю ў адным звязку, моцная, купал пакрыты жалезам, а ўся царква гонтаю, якая ўжо працякае…” Па штату тут служылі святар і псаломшчык, якім жалаванне выплочвалася ў аб’ёме 509 рублёў 16 капеек. "Кружачныя” даходы за год складалі 370 рублёў 71 капейка. Акрамя ўласнай зямлі іншых крыніц для ўтрымання членаў прычта не было. Наёмным рабочым за сезон працы на царкоўных землях выплочвалася 40 рублёў, святар з продажу сяльгаспрадукцыі атрымліваў 15 рублёў, а псаломшчык увогуле нічога з гэтага не меў. Якасць адной трэці царкоўнай зямлі па мясцовым мерках лічылася добрай, а астатняя без добрых угнаенняў была крайне неўрадлівая. Усе царкоўныя пабудовы, у асаблівасці дом псаломшчыка, патрабавалі капітальнага рамонту.

Помнік на магіле святара Феадора Навіцкага

Пры царкве мелася царкоўна-прыхадская школа ў якой навучалася 58 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Настаўнік атрымліваў у год 360 рублёў, а на расходы школы ад адзяржавы – 125.

Царкоўным старастаю быў Сцяпан Андрэевіч Савеня. Ведамасць 1914 года падпісана святаром Феадорам Навіцкім і псаломшчыкам Паўлам Грамыка.

Асноўным адрозненнем Ведамасці за 1925 год ад папярэдняй было тое, што дзяржава, а гэта ўжо была Польшча, грошай на ўтрыманне царквы не выдзяляла ўвогуле. А дзяржаўнае фінансаванне як такавое перапынілася з 1917 года. Святар атрымліваў толькі так званыя "кружачныя” даходы – 270 злотых. Была і школа, праўда к царкве дачынення не мела, па ўзроўню навучання яна была пачатковай і навучалася ў ёй 48 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Але пры ўсім гэтым святар праводзіў у ёй урокі Закона Божага.

Царкоўным старастаю быў Захарый Рыгоравіч Савеня, псаломшчыкам – Іаан Васільевіч Шамяціла, святаром – Мікалай Іванавіч Белюсцін.

Перажыўшы Другую сусветную вайну царква акунулася ў перыяд савецкага атэізму. Але прынамсі захаваўся адзін досыць цікавы дакумент – Тыпавы дагавор паміж сялянамі вёсак Будча і Чудзін і Выканкамам Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных аб перадачы ў безтэрміновае карыстанне "будынка праваслаўнай царквы і культавай маёмасці”. Гэты дагавор быў заключаны 15 мая 1948 года. А перад гэтым у красавіку адбылося вылучэнне двух спісаў: заснавальнікаў абшчыны прыхаджан, і членаў рэвізійнага савету і рэвізійнай камісіі. Па гэтаму дагавору дзве царквы Будчанская і Чудзінская перадаваліся на бязвыплатнай і безтэрміновай аснове прыхаджанам гэтых цэркваў на чале са святаром Паўлам Макарэвічам, якім ад прыхаджан і быў падпісаны дагавор.

Сваю дзейнасць царква спыніла на пачатку 1950-х гадоў, калі страціла святара.

Каля сарака год Будчанская хрысціянская святыня прастаяла без гаспадара, з-за чаго была зачынена і паступова разбуралася. Толькі на пачатку 1990-х сіламі і намаганнямі мясцовых жыхароў быў праведзены капітальны рамонт і царква аднавіла сваю працу.


Царква ў в.Будча ў гонар Праабражэння Гасподняга

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга размяшчаецца ў цэнтры вёскі на старых закрытых могілках. Царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства. Яе пяць зрубаў аб’яднаны ў цэнтрычную крыжовую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асноўны купалападобны аб’ём завершаны васьмігранным барабанам з высокім шатром. Далучаныя да яго прырубы прытвора і апсіды накрыты двухсхільнымі дахамі. Тры ўваходы ў храм аформлены ганкамі з навісямі. Вертыкалізм храма падкрэслены шалёўкай сцен, дэкарыраваных разьбой на франтонах, фрызах, ліштвах стральчатых аконных праёмаў. У малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца бакавыя прыдзелы, апсіда і прытвор.

Аўтар ўдзячны жыхару вёскі Будчы Фёдару Барысавічу Карпені за збор, беражнае захванне шматлікіх царкоўных дакументаў і дапамогу пры напісанні артыкулу.
Катэгорыя: Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны | Дабавіў: admin (12.12.2009) | Аўтар: Віталь Герасіменя
Праглядаў: 3353 | Тэгі: Будча, Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 4.8/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.