Імя нашага земляка, Уладзіміра Антонавіча Марука, добра вядомае па ўсёй беларускай краіне. Але найперш, канешне, землякам – ураджэнцам Ганцавіччыны. Любоў да сваёй маленькай радзімы чырвонай ніткай праходзіць праз усю творчасць Уладзіміра Антонавіча. І гэта не дзіўна. Бо маляўнічая прырода палескага краю стала жыццядайнай крыніцай натхнення адоранага паэтычным талентам чалавека. Хаця яшчэ са школьнага ўзросту ён зведаў разлуку з роднымі мясцінамі.Нарадзіўся Уладзімір Марук 6 студзеня 1954 года ў вёсцы Гута. Але атэстат сталасці атрымаў у Моўчадскай сярэдняй школе-інтэрнаце Баранавіцкага раёна. Як і ў многіх паэтаў, біяграфію нашага земляка нельга назваць гладкай. Так, пасля школы, у 1970 годзе Уладзімір Марук не ідзе, як большасць пачынаючых паэтаў тагачасся, на філалагічны факультэт якога-небудзь ВНУ, а паступае ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Падчас вучобы адбываецца дэбютнае выступленне ў друку з вершамі, якія ў 1972 годзе публікуе «Магілёўская праўда».
Паэт відавочна гарнуўся да роднае зямелькі. Таму пасля заканчэння тэхнікума прыязджае працаваць у родны кут. Першай старонкай яго працоўнай біяграфіі стала Шашкоўская сельская бібліятэка, з якой перайшоў у раённую дзіцячую. Затым была нават пасада загадчыка аўтаклуба.
Станаўленне на паэтычнае крыло Уладзіміра Марука знешне падаецца няўпэўненым. Але за гэтым хаваецца сціплая натура тонкага і спакойнага лірыка, які не штурмаваў вяршыняў, а шукаў гармоніі ў свеце – і людскім, і паэтычным.
Філфак усё ж для мастакоў слова пасляваеннага пакалення абмінуць было практычна немагчыма. Таму не стала дзівам і заканчэнне Уладзімірам Антонавічам такога ж факультэта ў вядучым універсітэце Беларусі – БДУ (1980).
Далей – праца настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 106 у Мінску. Але ненадоўга. Голас маладога паэта гучаў усё больш адметна і прыкметна на ніве беларусчыны. Яго заўважылі. З 28 красавiка 1981 года ён працуе ў газеце "Звязда" карэспандэнтам аддзела культуры i лiтаратуры, а праз колькi гадоў — i загадчыкам аддзела.
Неўзабаве выспеліўся і першы зборнік – "Зоркi ў кронах” (1982). Ціхую лірычную плынь вершаў Уладзіміра Марука можна параўнаць з паўнаводнаю ракою, якая, нягледзячы на маруднае цячэнне, тым не менш характарызуецца глыбінёй і шырынёй – у адрозненне ад рэчак бурапенных, але малаводных і неглыбокіх. У 1984 годзе паэта прымаюць у Саюз пісьменнікаў (тады СССР).
З 1986-га года Уладзімір Марук загадчык рэдакцыi выдавецтва "Юнацтва", а ў 1998-м — галоўны рэдактар выдавецтва "Белфакс". У 2003-м прыходзіць у вядучы літаратурна-мастацкі часопіс краіны "Полымя”, дзе становіцца намеснікам галоўнага рэдактара.
Пасля дэбютнага зборніка быў яшчэ шэраг кніг і мноства публікацый у перыёдыках, а таксама незлічоная колькасць выступленняў, у першую чаргу перад школьнікамі і студэнтамі. Уладзімір Марук сказаў важкае слова і ў дзіцячай літаратуры. Дасціпнае вершаванае апісанне прыгодаў жэўжыка Чыжа падчас падарожжаў птушачкі па розных кутках свету высвеціла аўтара перад дзіцячай аўдыторыяй у самым прывабным святле.
Нават бегла зірнуўшы на творчасць паэта, прыходзіш да меркавання, што ён не гнаўся за колькасцю вершаў ці прыгожай слоўнай эквілібрыстыкай. Галоўнай рысай яго лірыкі з’яўляецца душэўнасць і духоўнасць.
Да ўсяго паэт займаўся і перакладамі з розных моў. Аднак найперш яго голас інкрустуе (ад назвы зборніка "Інкрустацыя голасам”) нашу паэтычную прастору сваім сінтэзам шчымліва-гуманістычнай любові і народнай філасафічнасці.
***
Сабралася бедна басота...
З народнай песні
П’ём нашу долю
з гноем і потам,
Доўга яшчэ баляваць.
"Сабралася бедна басота...” –
Нельга адрэдагаваць.
Песню не ўтоіш,
песню не ўтопіш,
Песню – не прап’еш...
Даўнія раны песняй акропіш,
Ды –
не перажывеш.
***
Нагорнуцца слёзы. То выйшла душа з берагоў.
Надоечы хмара над ёю раўла-бушавала.
Сышлiся над ёю i здрада мая, i любоў –
Што знала яна i чаго анiзгадкi не знала.
Адвеку было ёй – цярплiвасцю зло асуджаць,
Давеку ёй стала слязамi цярпенне-маўчанне...
Не здрада з любоўю, а лёс прымушае крычаць,
Крычаць, покуль слёз – i мяне – ўжо не стане.
Што тут сказаць? Глыбокадумна. Глыбокасумна. І… прароча…
Жыццё кароткае, мастацтва вечнае, бо напісанае застаецца, – паводле старажытных рымлян.
Чалавек сышоў. Паэт – жыве. У пакінутай людзям паэзіі.
Уладзімір Марук ніколі не забываў край, які даў яму пуцёўку ў жыццё, – Ганцаўшчыну. Землякі таксама будуць помніць сціплага і добрага чалавека родам з Гуты.