У Польшчы прайшоў фестываль "Песнi балот". На сцэну тэатра ў Люблiне выйшаў аўтэнтычны фальклорны калектыў "Завiца" з в. Раздзялавiчы Ганцавiцкага раёна.Чаму менавiта на спявачак з гэтай вёскi выпаў выбар? Што, у Беларусi мала вёсак на балотах?
—
Вёсак хапае, але такiх калектываў больш няма. Таму менавiта "Завiца" i паехала на фестываль, — растлумачыла начальнiк аддзела культуры раёна Iрына Марцiнкевiч. —
А яшчэ i польскi бок, пазнаёмiўшыся з матэрыяламi пра нашых спявачак, зацiкавiўся iмi. Вось у вобласцi i прынялi рашэнне...Назва "Завiца" — гэта старадаўняе палескае слова, якое можна перакласцi як "залоўка" цi "радня". У калектыве шэсць жанчын, пяць з iх носяць прозвiшча Рабцэвiч, i толькi адна — Кiсялевiч. Блiзкiя i далёкiя, але ўсе сваякi.
Сабралiся жанчыны ў доме Соф'i Рабцэвiч — яна Мiкалаеўна, бо ў калектыве ёсць яшчэ адна Соф'я, але ўжо Фёдараўна.
У печы палаў агонь, а гаспадыня замешвала ў дзежцы цеста, у хаце было цёпла, i атмасфера схiляла да душэўнай размовы. Так яно i атрымалася.
А як прымалi ў Люблiне?
—
Афiшы былi расклееныя па ўсiм горадзе, але калi за паўгадзiны да выступлення мы выглянулi са сцэны — у зале нiводнага чалавека, — павяла аповед дырэктар мясцовага Дома культуры Людмiла Рабцэвiч. Яна хоць i з Вiлейшчыны, але як трапiла ў Раздзялавiчы, то выйшла замуж. —
Нашы жанчына запанiкавалi. Як перад пустой залай выступаць? Чаго мы сюды прыехалi? Але за нейкiя дзесяць хвiлiн да выхаду на сцэну залу запоўнiлi гледачы, i здзiўляла тое, што амаль усе маладыя. Наша выступленне разлiчана было на сорак хвiлiн, а нас не адпускалi са сцэны дзве гадзiны.
—
Так добра нас нiдзе не прымалi, — працягвае размову Соф'я Мiкалаеўна, —
дома ногi баляць, а там нiчога. Нiводная з нас не кашлянула i не ахрыпла.
Яе падтрымалi астатнiя.
—
Першыя дзве песнi спявалi заціснута, а затым, адчуўшы такую падтрымку, пайшлi танцаваць кракавяк, польку, казу, Мiкiту... Мы на сцэне, а гледачы наладзiлi танцы ў зале...—
Адзiн пан адрэкамендаваўся Тадэвушам i сказаў, што прыехаў на фестываль за сто кiламетраў, каб паслухаць нас...—
Там людзi крыху iншыя, суперажывалi разам з намi. Было вiдаць, што наша выступленне iх цiкавiць... А мы ж у лапцях былi.Вось такiя ўражаннi былi ў раздзялавiцкiх спявачак ад паездкi на фестываль.
Жанчын нiхто спевам не вучыў, а яны спяваюць у тры-чатыры галасы, i спявачкi ведаюць, дзе ўзяць "вышэй", а дзе "нiжэй". I песнi старадаўнiя дасталiся ад мацерак i бабуль, ды i строi, у якiя апранулiся жанчыны, не сённяшняга дня. Ва ўзорах няма каляровай эклектыкi, якая апошнiм часам прысутнiчае ва ўбраннi шмат якiх калектываў: спаднiцы — зялёныя, а гарсэты — сiнiя. А тут чырвоны дэкор на белым фоне — народны матыў.
А як некалi было? I жанчыны разгаварылiся.
—
Цяжка некалi было. Былi дзяўчатамi, а бралi косы ды iшлi касiць. Убачыла я хлопцаў, паклала касу i сяджу, бо сорамна неяк было. А яны падышлi, касу тую падвастрылi ды яшчэ i па пракосе прайшлi...—
За Раздзялавiчамi ўжо пачынаюцца Выганаўскiя балоты, i далей дарогi няма. Гэта сёння асфальт ляжыць — дарога, як струна, а некалi да Ганцавiчаў дабiралiся пешшу, балотам. Затым пусцiлi да нас "буду", якую часта даводзiлася выцягваць з гразi, а разбiтая дарога пятляла...—
Да комплексаў як жылi? Са сваiм мужам ягады збiралi. Удваiх тону журавiнаў з балота выцягнеш i цэлы год на тыя грошы жывеш. Тады за кiлаграм 40 капеек плацiлi... А як пабудавалi комплексы, то мы ўсе на кароўнiкi пайшлi...—
Я адна засталася, без мужа. 400 тысяч пенсii малавата, бо трэба i сена набыць — каня трымаю. Каб сыны не дапамагалi, то адна не ўправiлася б...I тут высветлiлася, што ў гаспадарках усiх жанчын, якiя сядзелi перада мною, ёсць конi, а каровы ды свiннi — само сабой. Ды i зямлi пад гектар. Але ж не толькi на гэтым трымаюцца палешукi. Галоўны iх набытак — гэта вялiкiя сем'i.
У Соф'i Мiкалаеўны пяць сыноў i дачка, адзiнаццаць унукаў, i ўсе жывуць у Раздзялавiчах, у Таццяны Васiльеўны — шасцёра дзяцей i дзесяць унукаў, у Ганны Аляксееўны таксама шасцёра i столькi ж унукаў. У Алены Фёдараўны — пяцёра i дзевяць унукаў... Можа, я крыху i пераблытаў, але жанчыны сказалi, што не пакрыўдзяцца.
Вось якiя ў нашых спявачак сем'i.
—
А што тут дзiўнага? Гэта сёння ўтаропяцца ў тэлевiзар i да ночы не адрываюць вачэй. А нiчога добрага ў гэтай скрынцы няма. Раней мы тэлевiзара не мелi, электрычнасцi таксама не было, то як прыцямнела, лезлi ў ложак... — пажартавалi кабеты.
Старэйшае пакаленне яшчэ спявае ў Раздзялавiчах, але цi ёсць каму гэтыя песнi перадаць?
—
Мы спявалi заўсёды. Бывала, зацягнеш "Цяжка жыцi, цяжка быцi" — i ляцiць песня над балотамi, а iм краю няма, — кажа гаспадыня. —
А нашы ўнучкi i не супраць паспяваць, але ж у iх няма часу. Усё некуды спяшаюцца..."Ты калiна, ты малiна, да вады схiлiлася, а я малада-а-я зажурылася", — спявала "Завiца", а ў печы падымаўся ў бляхах аржаны хлеб, бо Соф'я Мiкалаеўна з крамы не прызнае, i падыходзiў час яго даставаць... i ўжо на стол ставiлi сваю каўбасу...
—
А цi шчаслiвыя вы? — задаў апошняе пытанне.
—
Шчаслiвыя! — у адзiн голас адказалi жанчыны. —
Мы маем гаспадаркi, працуем, у нас сем'i, на нагах трымаемся i ўсё яшчэ спяваем.
Калi вярталiся ў райцэнтр, Iрына Марцiновiч адзначыла:
— Iншым разам сустрэнешся з гэтымi жанчынамi — i пачынаеш разумець сэнс жыцця. Нам чагосьцi пастаянна не хапае, мы чымсьцi незадаволеныя, а ў iх шчасце вельмi зразумелае i трымаецца на простых рэчах: праца, хлеб, сям'я...
* * *
Ужо няма пад Раздзялавiчамi жывёлагадоўчага комплексу, але стаiць у вёсцы шыкоўны Дом культуры, якi адрамантавалi, i ён цяпер цягне на Палац. А галоўнае, што ён не пустуе — моладзь наведвае. У Раздзялавiчах пражывае 1326 чалавек, вёска вымiраць не збiраецца. Але ёсць адна праблема — няма працы. Вырашыць бы праблему з працай, i Раздзялавiчы спявалi б, спявалi б.... ад малога да старога.