Аўторак, 16.04.2024, 20:58

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Павел Дайлід

Антон Сокал-Кутылоўскі і Ганцавічы
nullСправа № 18094 у 2-х тамах па абвінавачванні Антона Сокала-Кутылоўскага па артыкулах 63-1 і 64 Крымінальнага кодэкса БССР распачата 8 верасня 1945 года, скончана 31 сакавіка 1948 года. Знаходзіцца яна ў архіве Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.

21.08.45 Антона Сокала-Кутылоўскага энкавэдзісты затрымалі ў г.Мюльхаўзен. Падставай было тое, што Сокал-Кутылоўскі, у часы нямецкай акупацыі працаваў Ганцавіцкім акруговым школьным інспектарам.

У 1900-1905 гг. А.Сокал-Кутылоўскі вучыўся ў пачатковай школе ў Лунінецкім павеце. У 1910 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, працаваў у школах Літвы.

З верасня 1915 году служыў у царскай арміі, спачатку шарагоўцам, затым – унтэр-афіцэрам, прапаршчыкам, капітанам. Ваяваў супраць аўстра-германскіх войскаў у Галіцыі, на Віленшчыне. За храбрасць атрымаў Георгіеўскі Крыж. Да прыходу ў 1939 годзе Саветаў выкладаў у школе, служыў у царкве святаром. Саветы, негледзячы на тое, што ён спыніў святарскае служэнне, забаранілі яму настаўнічаць і ён вымушаны быў з’ехаць у Баранавічы, дзе працаваў тэхнікам на будаўніцтве.

Але арышт ў 1945 быў ужо не першым для А.Сокала-Кутылоўскага.

У дзень народзінаў Леніна – 22 красавіка 1941 году – энкавэдзісты рапартавалі пра выкрыццё яшчэ аднаго злоснага ворага савецкай улады. У гэты дзень у г.Ляхавічы нейкім Аванесянам на А.Сокала-Кутылоўскага быў падпісаны ордэр на арышт. Як выявілася, мясцоваму райаддзелу НКВД была добра вядома ягоная дзейнасць у 1918-1920 гг., калі Сокал-Кутылоўскі ваяваў супраць Саветаў: "Сокол-Кутыловский Антон Андреевич в 1918 г. добровольно вступил в армию Деникина и активно боролся против большевиков. В начале 1919 г. находился на службе РККА в г. Слуцке, в первых числах марта 1919 г. дезертировал и перешел на сторону белополяков. Находясь в Польше, был направлен в Эстонию, где служил в армии Юденича и боролся против РККА. В 1920 г. на территории Западной Белоруссии организовал отряд "Самозащиты” и вёл активную борьбу против большевиков. В 1938 г., будучи священником Островской церкви, преследовал коммунистов, а по адресу Карла Маркса износил всякие оскорбления”.

За 3 дні да пачатку вайны А.Сокал-Кутылоўскі на рабочым месцы быў арыштаваны і кінуты ў баранавіцкую турму.

Але тады, у 1941, Сокалу-Кутылоўскаму пашанцавала, бо разам з нямецкай акупацыяй для яго прыйшло і вызваленне. Жонка ж і двое дзяцей 20 чэрвеня былі высланы з Беларусі і пра іх далейшы лёс Сокал-Кутылоўскі ніколі і нічога больш не даведаўся…

Пры немцах Антон Сокал-Кутылоўскі працаваў у Баранавічах у гарадзкой управе памочнікам начальніка аддзела сацыяльнага забеспячэння. З кастрычніка 1941 году ён быў накіраваны ў Ганцавічы школьным інспектарам. На гэтай пасадзе заставаўся да 5.07.44 г. Той, хто лічыць Сокала-Кутылоўскага здраднікам за тое, што служыў у акупацыйных уладах, няхай шчыра адкажа для сябе, ці было б лепей для нашых людзей, на якіх зваліліся цяжкасці акупацыйнага рэжыму і ваеннага ліхалецця, каб сацыяльным забеспячэннем і школьніцтвам у Баранавічах і Ганцавічах займаўся нейкі чужынец?

Перад прыходам Саветаў, добра ўсведамляючы, што яго чакае пры бальшавісцкай уладзе, разам з іншымі беларускімі дзеячамі ён вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну і з’ехаў у Нямеччыну.

З асабістых паказанняў, якія Сокал-Кутылоўскі даў 24.08.45 г. мы сёння ведаем, што пасля прыезду ў Нямеччыну ён жыў у горадзе Кратцаў да кастрычніка 1944 году, дзе працаваў на станцыі грузчыкам, а таксама рабочым на заводзе "Шпрэевэрк”. 1 лютага 1945 году Сокал-Кутылоўскі вымушаны быў легчы ў шпіталь на аперацыю. У другой палове лютага, пасля выхаду са шпіталя паехаў у Баварыю — у горад Вайдэн. Па прыездзе туды ад генерала Ф.Кушаля ён даведаўся пра намер беларускіх вайскоўцаў пры першай жа магчымасці перайсці на амерыканскі бок. Гэты пераход адбыўся 30 красавіка 1945 году. А перад гэтым, 18 красавіка 1945 году, Сокал-Кутылоўскі быў прызначаны камандзірам 1-га батальёну беларускага палка. На гэтай пасадзе ён быў аж да амерыканскага палону.

З гэтага часу Сокал-Кутылоўскі знаходзіўся ў лагеры ў г.Шэрбург. Але праз некалькі месяцаў усіх, хто хацеў і не хацеў вяртацца ў СССР, амерыканцы здалі ў рукі Саветаў.

Справа Сокала-Кутылоўскага была перададзена ва ўпраўленне контрразведкі "Смерш”. Праз нейкі час ягоную справу вырашылі перадаць ва УНКГБ па Пінскай вобласці, аднак па дарозе на Радзіму Сокал-Кутылоўскі трапіў яшчэ ў Паўночна-Пячэрскі лагер, дзе захварэў цынгой і пнеўрытам. Толькі пасля выздараўлення 27 кастрычніка 1947 году яго накіравалі ў Пінск.

Як сведчаць пратаколы энкавэдзістаў, на допытах Сокал-Кутылоўскі спрабаваў спачатку схаваць інфармацыю пра сваю антыбальшавіцкую дзейнасць ў ранейшы перыяд (да 1941 г.). Але энкавэдзістаў правесці не ўдалося.

З пратаколу допыту 27.11.47 г. у Пінску вось што мы даведваемся пра сям’ю з якой паходзіў А.Сокал-Кутылоўскі: "Я сын двараніна, але маёнтка ў нас не было. Бацька купіў лясны маёнтак разам з братамі сваёй жонкі недзе ў 1895 г., зваўся ён Красная Горка. Зямлі мелі 80 га, з яе каля 45 га — ралля”. Менавіта тут — на згубленым у лесе палескім хутары Красная Горка, што на Лунінеччыне, як сцвярджае Сокал-Кутылоўскі, прайшлі ягоныя дзіцячыя і юнацкія гады.

У гэтым пратаколе ён сведчыць, што з першага дня імперыялістычнай вайны быў у арміі: яго накіравалі ў ваенную вучэльню ў Казані, якую ён скончыў 1чэрвеня 1915 году ў чыне падпаручніка, і затым быў накіраваны на фронт. У канцы 1917 году ў чыне капітана ён атрымаў водпуск, вярнуўся дадому і на гэтым скончыў сваю вайсковую кар’еру.

Даведаўшыся пра Слуцкае антыбальшавіцкае паўстанне ў 1920 г. і арганізацыю двух палкоў у складзе больш за 3000 чалавек, Сокал-Кутылоўскі вырашыў далучыцца да паўстанцаў. З гэтымі мэтамі выехаў у Слуцк, але сустрэў паўстанцаў на ст. Семежава. З некаторымі афіцэрамі, што кіравалі паўстаннем, Сокал-Кутылоўскі быў асабіста знаёмы, і яны рэкамендавалі яго суддзі Пракулевічу, які стаяў на чале Рады Случчыны. Пракулевіч прапанаваў Сокалу-Кутылоўскаму пасаду камандуючага арміяй Слуцкай Рады, на што ён, па ўласным прызнанні, з ахвотай пагадзіўся. Спадзеючыся на падтрымку палякаў, Сокал-Кутылоўскі звязаўся з іх камандаваннем у Клецку. Палякі, аднак, заявілі, што цяпер баявыя дзеянні супраць Саветаў не актуальныя, бо пачаліся перамовы аб міры і прапанавалі адвесці войскі са Случчыны на захад, у раён Ляхавічаў. У гэтых мясцінах паўстанцы знаходзіліся каля месяца, а пасля яны былі інтэрнаваныя. У маі 1921 году, нарэшце, усіх адпусцілі. З таго часу, па словах, Сокала-Кутылоўскага, ён жыў у Гарадзеі.

31 снежня 1947 году міністр дзяржбяспекі БССР — сумнавядомы кат беларускага народу Цанава — загадаў перадаць следчую справу Сокала-Кутылоўскага ў Мінск у МГБ БССР. Такім чынам, Сокал-Кутылоўскі 10.01.48 г. з Пінску быў этапаваны ў Мінск ва ўнутраную турму МГБ БССР. Следчыя зноў пачалі свае катаванні, асабліва не звяртаючы ўвагі на ранейшыя паказанні, нібы іх i не было. Сокал-Кутылоўскі вымушаны быў поўнасцю прызнацца ў тым, у чым яго абвінавацілі, а менавіта: ў кіраўніцтве Слуцкім узброеным выступам і ў тым, што ён быў школьным інспектарам на акупаванай тэрыторыі. 21 лютага 1948 году на чарговым допыце Сокала-Кутылоўскага прымусілі падпісаць пратакол, дзе ў віну яму ставілася яшчэ й служба на карысць акупантаў на пасадзе інспектара паліцыі Ганцавіцкай акругі. У гэтым пратаколе, які падпісаў Сокал-Кутылоўскі, гаворыцца, што са снежня 1943 году ён быў інспектарам паліцыі, атрымліваў там паёк, заробак (60 нямецкіх марак) і паліцэйскае абмундзіраванне. Пасля прызнання абвінавачвання ў працы інспектарам паліцыі на Сокала-Кутылоўскага адразу аўтаматычна былі павешаны таксама і ўсе злачынствы, зробленыя Ганцавіцкай акруговай паліцыяй ды фашыстамі.

22 сакавіка 1948 году была прынята пастанова па перакваліфікацыі абвінавачвання Сокала-Кутылоўскага з улікам таго, што ён цяпер абвінавачваўся ў злачынствах, здзейсненых на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Судовае паседжанне, на якім быў вынесены прыгавор, адбылося 20 красавіка 1948 году. Розгаласу Саветы, натуральна, усё роўна пабойваліся, таму судовае слуханне справы Сокала-Кутылоўскага было закрытым, без удзелу абвінавачвання і абароны, а таксама без выкліку сведкаў. На судзе Антон Сокал-Кутылоўскі сказаў: "Предъявленное обвинение мне понятно. Виновным я себя признаю полностью”. Аднак ён адзначыў, што некаторыя моманты хацеў бы ўдакладніць. У прыватнасці, ён заявіў наступнае: "Мою антисоветскую деятельность следовало бы разделить на два периода: первый период — это когда я и многие другие образованные люди, приветствующие свержение в России царизма, неожиданно для нас вынуждены были одеть офицерские погоны, за что в первые дни революции подвергались оскорблениям и издевательствам со стороны Советской власти. За это я лично имел большую злобу на Советскую власть, что и является причиной выступления против этой власти с моей стороны. Свержение царизма я приветствовал потому, что думал, что Россия будет развиваться по другому пути.

Второй период моей антисоветской деятельности — это когда в 1939 году советские войска вступили в Польшу, где я тогда проживал, и я решил честно трудиться по воспитанию молодых людей. Однако заниматься педагогической деятельностью мне органы Советской власти не разрешили, а 20 июня 1941 года даже был арестован органами НКВД и семья репрессирована. Арестован я был лишь потому, что в период гражданской войны выступил против молодой советской республики. Вот за это я ещё больше был озлоблен на Советскую власть, и, когда наша территория была оккупирована немецкими войсками, я активно повёл борьбу с Советской властью, и стал активным пособником немецких властей”.


Сёння кожны сам можа даць спакойную, непалітызаваную ацэнку гэтаму прызнанню. Ці ж не павінна гэтая самая дзяржава папрасіць прабачэння ў гэтага чалавека, сапраўднага грамадзяніна i патрыёта свайго краю, за ягоны зламаны лёс, за тыя цярпенні, якія яму давялося вынесці? Хто, як ні яна сама штурхала яго на гэтыя дзеянні, у якіх пазней і абвінаваціла?! Бараніць сваю чалавечую годнасць мусіць кожны чалавек.

Сокал-Кутылоўскі заявіў на судзе таксама, што ён не прымае абвінавачванне ў тым, што ён быў інспектарам паліцыі Ганцавіцкай акругі, і, адпаведна, нязгодны з тым, каб яму "вешалі” ўсе тыя злачынствы, што зрабілі паліцыянты ў акрузе. Ён заявіў: "Мне хотелось бы также упомянуть об одной неточности, имеющейся в обвинительном заключении. А именно то, что инспектором полиции я не был. Я только был приглашён проводить с полицейскими беседы по повышению их нравственности, так как полицейские сильно обижали местных жителей, пьянствовали, развратничали. Во внутреннюю жизнь и в боевые дела полиции я не вмешивался и причастия к ним не имел. Оружия я не носил, хотя пистолет имел”. Мала верыцца, што А.Сокал-Кутылоўскі — сапраўдны афіцэр-шляхціц, які без ваганняў пайшоў бараніць сваю Бацькаўшчыну ў 1920-ыя гг., пазней — будучы святаром, аказваў духоўную падтрымку вернікам на Ганцаўшчыне, а пры Саветах — працуючы настаўнікам, — мог належыць да нейкага зброду...

Старшынствуючы на сходзе задаў пяць пытанняў для ўдакладнення, пасля чаго Сокалу-Кутылоўскаму было прадастаўлена апошняе слова. Але скарыстацца з гэтага права ён не палічыў патрэбным.

Суд вынес прыгавор: "Сокол-Кутыловского Антона Андреевича, на основании ст.63-1 УК БССР подвергнуть лишению свободы в ИТЛ сроком на 25 (двадцать пять) лет и по ст.64 УК БССР на двадцать пять лет лишения свободы, с поражением в правах на 5 лет без конфискации имущества за отсутствием такового…”

Ад вышэйшае меры пакарання Сокала-Кутылоўскага выратавала толькі тое, што следства расцягнулася не на адзін год. А 26 мая 1947 году Прэзідыўм Вярхоўнага Савету СССР прыняў указ, які адмяніў смяротную кару. У 1956 годзе, калі пачалася рэабілітацыя ахвяр сталінскіх палітычных рэпрэсій, Сокалу-Кутылоўскаму быў зменшаны тэрмін зняволення ў сувязі з добрасумленнымі адносінамі да працы і добрымі паводзінамі ў лагеры.

У 1957 годзе, пасля 12 гадоў турмаў i лагероў адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну — Антон Сокал-Кутылоўскі — вярнуўся на радзіму ў Беларусь, у г.Ганцавічы, да сваёй стрыечнай сястры Манкевіч Веры Міхайлаўны. Дом сястры Сокала-Кутылоўскага знаходзіўся на вуліцы Паштовай.

Жыццёвая дарога Сокала-Кутылоўскага завяршылася 7 сакавіка 1983 году ў польскім Шчэціне.

Катэгорыя: Павел Дайлід | Дабавіў: admin (13.10.2009) | Аўтар: Павел Дайлід
Праглядаў: 3984 | Тэгі: Антон Сокол-Кутыловский, Павел Дайлид, Ганцевичи | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.