Субота, 20.04.2024, 14:46

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Аляксандр Кандраценя

З гісторыі вёскі Будча
Вёска Будча знаходзiцца на ўсходзе Ганцавiцкага раёна Брэсцкай вобласцi на самай мяжы з Клецкiм раёнам Мiнскай вобласцi, сто гадоў таму назад яна ўваходзiла ў склад Слуцкага павета Мiнскай губернi. Паколькi мы пачнем з часоў больш даўнiх, то трэба яшчэ адзначыць, што вёска Будча знаходзiцца на правым беразе ракi Лань за некалькi дзесяткаў кiламетраў па цячэннi нiжэй Клецка.

Упершыню вёска Будча ўпамiнаецца ў Лiтоўскай метрыцы пад назвай Буча, дзе гаворыцца, што князь Пётр Мiхайлавiч Дамадканавiч у 1515 г. прадаў "навечна" Фёдару Яраславiчу дзве вёскi, у тым лiку Бучу, за 150 коп лiтоўскiх грошаў (Цэнтральны дзяржаўны архiў старажытных актаў РФ, ф. 389, воп.1, кн.1). Прозвiшча Яраславiч тут, хутчэй за ўсё, паказвае прыналежнасць да пэўнай галiны Рурыкавiчаў, а не iмя па бацьку. Князь Фёдар Iванавiч Яраславiч у той час валодаў Клецкам. Яго дзед быў шваграм вялiкага князя маскоўскага Васiля II, бацька, напэўна, уцёк ад Дзмiтрыя Шамякi у час грамадзянскай вайны ў Масковii ў сяр. XV ст.

У пач. XVII ст. Буча (Будча) належала Кацярыне Высоцкай, аб чым сведчыць дакумент аб спрэчцы Высоцкай з уладальнiкам суседняй вёскi Чудзiн пра тое, каму павiнна належаць Замошша (1603 г.). Ёсць падставы меркаваць, што Кацярына Высоцкая нейкiм чынам звязана з родам Кавячынскiх. Тэрыторыя Бучскага маёнтка тады ўваходзiла ў склад Навагрудскага ваяводства.

У 1623 г., калi вёскай валодала па-ранейшаму Кацярына Высоцкая, жонка Яна Жука, у Бучы "за пазваленем пана i дзедзiча тое меснасцi" была пабудавана царква. Царква была ўнiяцкай, аб чым сведчыць блаславенне кiраўнiка ўнiяцкай царквы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм мiтрапалiта Кiеўскага i Галiцкага Вельямiна Руцкага. Руцкi працягваў справу папярэдняга мiтрапалiта Iпата Пацея i, побач з арцыбiскупам полацкiм Iясафатам Кунцэвiчам, вельмi шмат паспрыяў распаўсюджанню ўнiяцтва на беларускiх землях. На карысць царквы належала выконваць "павiннасцi: цяглае i баярскае" - па 2 карцы збожжа (1/2 жыта, 1/2 грэчкi, 1 карац аўсу) меры клецкай з кожнай валокi. Тыя, хто меў борцi, давалi па фунту воску.

У Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь захавалiся iнвентары за 1643 - 1645 гг. Прычым упершыню ў дакументах ужываецца назва не толькi Буча, але i Будча. У наступных дакументах паралельна ўпамiнаюцца абедзве назвы. Яшчэ адна асаблiвасць iнвентароў у тым, што яны складзены на польскай мове, у той час як папярэднiя дакументы - на старабеларускай (рускай) мове.

Справы ў гаспадара Будчы Аляксандра Яна Жука, вiдаць, iшлi не надта добра i ў самым канцы 1642 г. ён перадаў вёску ў застаўнае валоданне Ярэму Зарэмбе на тры гады за 8500 злотых. Але ўжо ў пачатку 1643 г. маёнтак з вёскай пераходзiць да Мiхала Караля Радзiвiла, якi заплацiў заставу ў памеры 11000 злотых. У адпаведнасцi са Статутам ВКЛ застава - гэта форма забеспячэння пазыкi. Калi пазычаная сума не вярталася ў вызначаны тэрмiн, маёнтак пераходзiў да новага ўладальнiка. Так, магчыма, адбылося з Будчай. Праўда, быў яшчэ судовы працэс, паводле рашэння якога Радзiвiл вымушаны быў заплацiць яшчэ 1000 злотых доўгу Аляксандра Яна Жука нейкаму Магiльнiцкаму.

У панскiм двары ў той час знаходзiўся новы дом, у якiм было дзве святлiцы, дзве каморы, памiж святлiцамi - сенi з ганкам, вокны ў доме былi шкляныя, печы - "палiваныя", дах - "з дранiцы". У двары былi таксама гаспадарчыя пабудовы: кухня, пякарня, бровар, саладоўня, стайня, тры свiраны, гумно, дзве адрыны, абора, млын, кузня. Побач з панскiм домам стаяла царква (хутчэй за ўсё ўнiяцкая). Найбольшую частку панскага поля займала жыта. Двор меў каля 10 борцяў.

Сяляне апрацоўвалi па 1/2, радзей - цэлую валоку. Колькасць цяглых сялянскiх гаспадарак (дымоў) пасля пераходу вёскi да Радзiвiлаў вырасла больш, чым удвая i дасягнула 48. Сяляне працавалi на паншчыне па 3 днi ў тыдзень з валокi i, у дадатак, па 1 дню з дыма. Акрамя таго сяляне вартавалi панскi двор, выконвалi падводную павiннасць. Чынш плацiлi грашыма, а таксама прадуктамi (авёс, гусi, куры, яйкi, грыбы, льняное семя). Меншы памер павiннасцяў быў у войта, цеслi, бортнiка.

У iнвентарах пералiчаны ўсе сяляне-гаспадары, у многiх, акрамя iмя (Санюк, Васiль, Пятрук, Семко i г.д.), указваюцца i прозвiшчы (Iгнатовiч, Руля, Лужанiн, Петрашэня i iнш.) Цяпер менавiта такiх прозвiшчаў сярод жыхароў вёскi няма.

Наступныя звесткi пра Будчу датуюцца ўжо 1738 г. Напэўна не абмінула вёску крывавая вiхура сяр. XVII ст., вядомая ў гiсторыi пад назвай "патоп". Ваенныя дзеяннi адбывалiся недалёка ад Будчы. У 1654 г. двухтысячны аддзел казакаў спрабаваў узяць Слуцк, у тым жа 1654 г. аддзел маскоўскага стольнiка Iзмайлава ўзяў Клецк, а "лiтовскiх людей побiлi всех" (цыт. па кн. М.Ткачоу. Замкi i людзi. Мн., 1991). У 1655 г. 20-тысячнае войска ваяводы Трубяцкога, якому дапамагаў атрад казакаў I.Залатарэнкi, двойчы трымала ў аблозе Слуцк. Горад узяць не ўдалося, але што давялося перажыць навакольным сёлам, можна меркаваць хаця б паводле твораў мастацкай лiтаратуры. "Пожары обхватывалi деревнi; скот i лошадi, которые не угонялiсь за войском, былi iзбiваемы тут же на месте. < … > Дыбом стал бы ныне волос от тех страшных знаков свiрепства полудiкого века, которые пронеслi везде запорожцы. Iзбiтые младенцы, отрезанные грудi у женщiн, содраная кожа с ног по колена у выпущеных на свободу". Так апiсваў дзеяннi казакоў не нейкi iх недабразычлiўца, гэта Мiкалай Гогаль i яго славутая аповесць "Тарас Бульба" без скарачэнняў школьнай хрэстаматыi.

На жаль i iншыя бакi ваенных канфлiктаў на нашай зямлi паводзiлi сябе мала лепей. Невыпадкова не засталося зараз слядоў нi панскага двара (акрамя тапонiма Дворышча), нi той першай царквы, што належала такiм нялюбым для казакоў i маскоўскага войска ўнiятам. Больш таго, iснуе паданне, што ў пач. XVIII ст. нейкiя людзi, што ратавалiся ўжо ад шведскага войска, у другi раз заснавалi Будчу зноў жа на правым беразе Ланi, але некалькi кiламетраў нiжэй па цячэннi, тое месца цяпер называецца Селiшча. Так гэта цi не, але амаль 100 гадоў выпадае з дакументаванай гiсторыi вёскi.

У 1738 г. крайчы лiтоўскi Марцiн Мiкалай Радзiвiл перадаў Будчу зноў жа ў застаўнае валоданне Багуславу Яну Чыжу, суддзi Навагрудскага суда, за 1375 бiтых талераў. У 1740 г. Б.Я.Чыж перадаў заставу Вiктару Ёзафу Хелхоўскаму, а той, у сваю чаргу, Дамiнiку Рэйтану, стражнiку Навагрудскага ваяводства (1754 г.). У 1778 г. менскi ваявода князь Ёзаф Радзiвiл выкупiў заставу ў Станiслава i Антона Рэйтанаў.

Радзiвiлы валодалi Будчай да адмены прыгоннага права. Але яшчэ раней, у 1836 г., Будча прыцягнула ўвагу ўлады. У гэты перыяд царызм iмкнуўся ўсяляк павялiчыць уплыў праваслаўя на беларускiх землях. Нагадаю, што жыхары Будчы, гэтак жа, як i ўсiх iншых навакольных вёсак, на той час былi ўнiятамi. Вясковая царква знаходзiлася ў заняпалым стане: сяляне i самi былi беднымi, пан (Леў Радзiвiл), а тым больш дзяржава не дапамагалi ўнiятам. Магчыма, у Будчанскай Троiцкай царкве не было нават сталага святара. Скарыстаўшы гэта, старобiнскi праваслаўны святар Iаан, што выконваў тады абавязкi благачыннага Слуцкага павета Мiнскай губернi, восенню 1836 г. схiлiў жыхароў Будчы да пераходу ў праваслаўе. Пры гэтым было паабяцана, што кансiсторыя прышле сталага святара i выдзялiць сродкi на капiтальны, як цяпер мы б сказалi, рамонт царквы.

Характэрна, што ўсю сваю агiтацыйную работу Iаан праводзiў у прысутнасцi начальнiка палiцэйскага ўпраўлення па Слуцкаму i Бабруйскаму паветах. Пры тым, што ў вёсцы на той час налiчвалася прыблiзна 50 двароў i каля 350 душ, за пераход у праваслаўе выказалася толькi 29 чалавек. (Нац. Архiў РБ, ф.295, в.1) Але ва ўмовах таго часу: прайшло 6 гадоў пасля падаўлення Лiстападаўскага паўстання ў Польшчы i заставалася 3 гады да поўнай лiквiдацыi ўнiяцтва ў краi, - i тае дзяржаўнае палiтыкi гэтага было дастаткова.

Пасля адпаведнай бюракратычнай працэдуры кансiсторыя выдзялiла для Будчанскай Троiцкай царквы 1000 рублёў асiгнацыямi, у тым лiку для першапачтаковага "обзаведенiя" святара - 200 руб. Бацюшкам стаў 23-гадовы выпускнiк духоўнай семiнарыi Iван Данкевiч. У царкоўнай даведцы сказана, што Данкевiч у семiнарыi навучаўся мове яўрэйскай "порядочно", мовам грэчаскай, нямецкай, французскай, польскай - "с успехом". (НА РБ, ф.136, в.1) У 1841 г. для царквы была адмерана зямля на Рыгорцы, Дворышчы i Мошневе (НА РБ, ф.136, в.1)., а сялянам, што раней карысталiся гэтымi надзеламi, была зроблена замена за кошт "землi праздной под названiем пустошi". Можна ўявiць, колькi поту давялося пралiць тым гаспадарам, каб распрацаваць надзелы на новым месцы. Дзеля справядлiвасцi трэба адзначыць, што i царкоўная зямля не была надта ўрадлiвай.

У XIX ст. у Расiйскай iмперыi перыядычна праводзiлiся своеасаблiвыя перапiсы прыгонных сялян, так званыя "рэвiзскiя сказкi". У Будчы гэтыя сказкi складалiся у 1816, 1834 i 1850 гг.

У 1816 г. у вёсцы налiчвалася 60 двароў, акрамя таго пражывала адна неаседлая сям'я Янкi Цыгана. Мужчынскага сялянскага насельнiцтва налiчвалася 190 душ. Паводле рэвiзскай сказкi 1834 г. у вёсцы было 50 двароў, у тым лiку 3 без мужчын, усяго сялян пражывала 346 чал., у тым лiку 184 мужчыны i 162 жанчыны. У 1850 г. было 55 двароў i 319 жыхароў, мужчын i жанчын, адпаведна, 164 i 154.

Агульная колькасць насельнiцтва, як бачна, прыкметна скарачалася. Галоўнай прычынай гэтага была высокая смяротнасць сярод сялян. Дзiцячая смяротнасць слаба адлюстравана ў рэвiзскiх сказках, бо той, хто памiж сказкамi паспеў i нарадзiцца i памерцi, нi ў якiя дакументы, акрамя царкоўных, не запiсваўся. Затое перапiсы паказваюць, што памiралi i ў 10, i ў 20, i ў 30, i ў 40 гадоў. Людзi ў цяжкай працы пры кепскiм харчаваннi згаралi бы свечкi, асаблiва гэта датычыць замужнiх жанчын, здароўем якiх грамадства плацiла за тое, каб зусiм не вымерцi. У 1850 г. узрост больш 50 гадоў мелi 14 мужчын i 10 жанчын, а, па цяперашняму кажучы, "пенсiйны ўзрост" (60 гадоў i болей мужчыны i 50 гадоў i болей жанчыны) мелi, адпаведна, 7 i 6 чалавек. Самым старэйшым жыхаром вёскi быў 84-гадовы Данiла Стральчэня.

Перыядычна некага з хлопцаў забiралi ў рэкруты, цi, як казалi ў вёсцы, "у маскалi". Наўрад цi магчыма была поўная справядлiвасць у гэтай справе. У рэкрутах аказалiся адразу два сыны Сцяпана Савенi Хведар i Якаў, адзiны сын Андрэя Петрушэнi Хведар i г.д. Насупраць некаторых прозвiшчаў, напрыклад, Дзям'яна Андрэевiча Кандраценi, у рэвiзскай сказцы стаяць не надта разборлiвыя паметкi, якiя можна прачытаць як "… въ Сiбiръ".

Дэмаграфiчны крызiс няхай сабе ў адной звычайнай вёсцы з'яўляецца дадатковым сведчаннем крызiсу прыгоннiцкай гаспадаркi i неабходнасцi сялянскай рэформы.

Пачалася сялянская рэформа, як вядома, у 1861 г., але выкупны акт памiж князем Львом Радзiвiлам i сялянамi Чудзiнскай грамады Круговiцкай воласцi, у якую ўваходзiлi Будча (у дакуменце Буча) i Чудзiн, быў складзены Слуцкiм мiравым з'ездам толькi праз 9 з паловай гадоў восенню 1870 г.

У адпаведнасцi з актам у Чудзiне i Будчы тады было 302 мужчынскага полу рэвiзскiх душ i 91 сялянская гаспадарка. Сялянам перадаваўся ў валоданне поўны надзел, якi складаў 1863 дзесяцiны i 18 сажаняў абкладзенай плацяжом зямлi, акрамя таго 437 (па iншых звестках 637) дзесяцiн неабкладзеных плацяжом, у асноўным хмызнякоў. Iм было прадастаўлена права пасвiць жывёлу ў памешчыцкiм лесе на ранейшых падставах. Паверачная камiсiя аднесла сялянскiя надзелы да 10 разраду, улiчыла 10-працэнтнае, напэўна ўведзенае пасля паўстання 1863 г., знiжэнне плацяжоў i ўстанавiла iх у памеры 54 капейкi з дзесяцiны, з улiкам капiталiзацыi 6 % у год гэта склала, прыблiзна, 9 руб. з дзесяцiны. Ад iмя Радзiвiла акт падпiсаў яго павераны, асцярожныя i не надта пiсьменныя сяляне на ўсялякi выпадак дакумент не падпiсалi, але i скаргаў у губернскае "прысутствiе" не падавалi, так што акт уступiў у законую сiлу.

За 5 гадоў да гэтага быў прыняты нарматыўны акт, якi гэтак жа, як знiжэнне плацяжоў, можна звязаць з вынiкамi паўстання 1863 г., калi генерал-губернатар М.Мураўёў iмкнуўся знайсцi апору ў беларускiм сялянстве ў барацьбе са шляхецкiмi рэвалюцыянерамi. Старшыня Круговiцкага валаснога ўпраўлення Аляксандр Чабатарэнка падпiсаў дакумент на падставе прадпiсання мiравога пасрэднiка. Прадпiсанне, у сваю чаргу, было складзена на аснове асобага распараджэння графа Мураўёва, праўда, чамусьцi толькi праз паўтары гады пасля яго. У адпаведнасцi з названым актам сяляне Будчы (Бучы), гэтак жа як суседнiх Чудзiна, Лактышоў, Дзянiскавiч, мелi права лавiць рыбу ў Ланi ў тых месцах, дзе хаця б адзiн бераг належаў сялянам. (НА РБ, ф.242)

У 1870 - 80-гг. на аснове новага землеўпарадкавання (старажылы кажуць "другой памеры") у вёсцы фармiруюцца асноўныя вулiцы.

У 1890 г. у Будчы была адкрыта школа граматнасцi, у 1893/94 гг. у ёй займалася 30 хлопчыкаў, заняткi вёў настаўнiк пад наглядам прыходскага праваслаўнага святара з Дзянiскавiч. Царквы ў Будчы на той час не было, яна адчынiлася на Спаса (Прэабражэнне) у 1896 г. (У Зводзе помнiкаў Будчанская царква чамусьцi названа Юр'еўскай). Акрамя царквы i школы адметным месцам у вёсцы была карчма. На арандаванай у князя Антона Вiльгельмавiча Радзiвiла зямлi ёю валодаў Пейсах Лямперт.

Такой Будча сустракала XX стагоддзе, на працягу якога вёска паспела пабываць у складзе 4 дзяржаў, перажыла некалькi акупацый. Аб гэтым я спадзяюся яшчэ прадоўжыць аповяд.

Катэгорыя: Аляксандр Кандраценя | Дабавіў: admin (19.05.2008) | Аўтар: Аляксандр КАНДРАЦЕНЯ
Праглядаў: 2910 | Тэгі: Будча, Аляксандр Кандраценя | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.