Пятніца, 19.04.2024, 03:59

ЖЫТКАВІЧЫ

Галоўная »
ЖЫТКАВІЧЫгорад раённага падпарадкавання і чыгуначная станцыя (на лініі ЛунінецКалінкавічы), адміністрацыйны цэнтр Жыткавіцкага раёна, за 238 км на захад ад Гомеля, 229 км ад Мінска. Аўтадарогі звязваюць Жыткавічы з Брэстам і Калінкавічамі. На захадзе і поўдні – Жыткавіцкі батанічны заказнік рэспубліканскага значэння. 16,7 тысяч чалавек (2008 г.).

Жыткавічы
Герб горада

Паводле пісьмовых крыніц Жыткавічы вядомы з 15 ст. як вёска ў Слуцкім павеце Навагрудскага ваяводства ВКЛ. У 1457 г. сяло, даравана памешчыку В.Бараку. У 1495 г. ўпамінаецца маёнтак Жыткавічы ва ўладанні Ажарынскіх. З 1581 г. дзейнічала пабудаваная з дрэва Свята-Троіцкая царква. У 1633 г. князь Алелькавіч перадаў Жыткавічы баярыну Галоўку. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі. Праз вёску праходзіў тракт МазырДавыд-Гарадок, дзейнічала паштовая станцыя (8 коней). У 1816 г. 79 двароў. У 1842 г. на месцы састарэлага ўзведзены новы будынак царквы. У 1866 г. 80 двароў 644 жыхары. Пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Лунінец – Гомель (люты 1886 г.) пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. У 1867 г. адкрыта народнае вучылішча, якое размясцілася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1903 г. для яго ўзведзена ўласнае памяшканне.

З 1795 г. да 17.07.1924 г. Жыткавічы – цэнтр воласці, у склад якой у 1885 г. ўваходзілі 13 сяленняў з 498 дварамі. Працавалі паштова-тэлеграфная кантора, вадзяны млын. Паводле перапісу 1897 г. ў сяле 1228, на чыгуначнай станцыі – 56 жыхароў, малітоўны дом, хлебазапасны магазін, капліца, часоўня, 5 крам, 6 ветракоў, карчма, аптэка. Побач з чыгуначнай станцыяй ва ўрочышчы Вялікая Голь (пазней далучана да станцыі) налічвалася 18 двароў, 163 жыхары, шкіпінарны і лесапільны заводы, слясарня, пастаялы двор, крама.

Жыткавічы
Царква Святой Параскевы Пятніцы

У 1907 г. сяляне аказалі ўзброенае супраціўленне паліцыі, якая дапамагала памешчыцы Крывашэінай пакараць сялян за вырубку лесу. У 1908 г. 329 двароў. У 1917 г. Жыткавічы – сяло (1848 жыхароў) і пасёлак (327 жыхароў). На лесапільным заводзе Бермана ў ліпені – жніўні 1917 г. адбылася 12-дзённая забастоўка, якая закончылася перамогай рабочых у задавальненні іх эканамічных патрабаванняў. Летам 1918 г. ў час нямецкай акупацыі быў створаны партызанскі атрад (камандзір Лук'яновіч). З 1924 г. да 1937 г. Жыткавічы – мястэчка, з 20.08.1924 г. цэнтр Жыткавіцкага с/с (да 16.07.1954 г.) і Жыткавіцкага раёна Мазырскай акругі (да 26.07.1930 г. і з 21.06.1935 г. да 20.02.1938 г.), з 20.02.1938 г. Палескай, з 08.01.1954 г. Гомельскай вобласці. У выніку пажару 25.04.1925 г. згарэлі 103 пабудовы, 17 двароў. На чыгуначнай станцыі дзейнічала мытня. У 1925 г. адкрыты народны дом, у 1928 г. дала ток электрастанцыя. Дзейнічалі 2 таварыствы саматужнікаў (у 1926 г. 81 чалавек). У 1930 г. арганізаваны калгасы «Бальшавік» і «Пралетарый». У 1931 г. створана МТС і пачала выходзіць раённая газета «Прымежны камунар». Для 7-гадовай школы ў 1932 г. ўзведзены новы будынак. У 1933 г. ў Жыткавічах 2,9 тыс. жыхароў, лесапільня і ганчарня (з 1906 г.), маслазавод (з 1931 г.), друкарня, паравы млын (з 1911 г.), электрастанцыя, шавецкая і кравецкая майстэрні, смолзавод (з 1927 г.), 2 кузні, вобадная майстэрня, хлебапякарня, сукнавальня, крупарушка, алейня. Працаваў радыёвузел. З 27.09.1938 г.Жыткавічы – гарадскі пасёлак. У 1939 г. 4,3 тыс. жыхароў.

Жыткавічы
Касцёл Святога Іёсіфа

У 1941 г. ў час наступлення нямецкіх войск Жыткавічы абараняў разам з часцямі Чырвонай Арміі Тураўскі знішчальны батальён. Са жніўня 1941 г. да 06.07.1944 г. Жыткавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У сакавіку–лістападзе 1942 г. дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі Е.Я. Гораў, Л.С. Галавач, М.Ф. Блюзнюк). У баях за гарадскі пасёлак загінулі 139 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле ў скверы). 290 гараджан загінулі на фронце. У 1970 г. 7,9 тыс. жыхароў. З 19.11.1971 г. горад раённага падпарадкавання. У 1976 г. ў склад горада ўключана суседняя в.Дварэц. Дзейнічаюць лесанарыхтоўчае аб'яднанне «Жыткавічлес», маторабудаўнічы завод, райаграпрамтэхніка, маслазавод (філіял Петрыкаўскага завода сухога абястлушчанага малака), лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання, хлебазавод, элеватар, метэастанцыя, 3 сярэднія, 9-гадовая, музычная і спартыўная школы, прафтэхвучылішча механізацыі меліярацыйных работ, 7 дашкольных устаноў, Дом школьнікаў, раённы і гарадскі Дамы культуры, цэнтр фальклору, кінатэатр, 3 аддзяленні сувязі, 2 бібліятэкі, райэпідэмстанцыя, бальніца, аптэка, раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, гісторыка-краязнаўчы музей. Працуе мясцовае радыёвяшчанне, выдаецца раённая газета «Новае Палессе» (з лютага 1931 г.). У 1990 г. да горада далучаны паселак Сасновы.

Жыткавічы
Кавярня ў выглядзе карабля

Вялікую шкоду гораду нанесла паводка 1993 г., калі быў пашкоджаны 251 будынак. Забудова вядзецца паводле генеральнага плана 1976 г., распрацаванага Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым і праектным інстытутам горадабудаўніцтва. Чыгунка і аўтадарога падзяляюць горад на 3 часткі: паўднёвую (шчыльная сетка вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, перакрыжаваных шыротнымі вуліцамі), паўночную (3 працяглыя шыротныя вуліцы, злучаныя завулкамі, да якіх на ўсходзе далучаюцца 3 паралельныя вуліцы) і ўсходнюю (3 крыху выгнутыя вуліцы, злучаныя завулкамі). Будынкі мураваныя і драўляныя. Новая забудова вядзецца ўздоўж бульвара па вул.Энгельса. Шматпавярховымі мураванымі дамамі забудаваны мікрараёны «Азёрны» і «Паўночны». У пачатку 1990-х г. узведзены 50 мураваных дамоў катэджнага тыпу, у якіх пасяліліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц. Радзіма кампазітара У.І. Будніка, генерал-лейтэнанта В.Ф. Багдановіча, мастачкі Н.А. Чарнагаловай, заслужанага настаўніка Беларусі Л.А. Ліхаты. Непадалёку размешчаны радовішчы будаўнічага каменю (159,5 млн. м3) і гаручых сланцаў (1181 млн. т.).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.