Чацвер, 28.03.2024, 20:15

КАРАГОД, каравод, танок

Галоўная »
КАРАГОД, каравод, танок – старажытны від мастацкай творчасці славянскіх і некаторых суседніх народаў, у якім арганічна сінтэзаваліся танец, песня, гульнёвае драматызаванае дзеянне, часам з музычным суправаджэннем. У Беларусі пашыраны амаль паўсюдна, асабліва на Магілёўшчыне і Палессі (мясцовыя назвы – кола, круг, абруч). Тэматыка разнастайная і ўключае песні працоўнага, абрадавага, любоўнага, сямейна-побытавага, святочна-гульнёвага характару. У паэтычных тэкстах зберагліся сляды гістарычных падзеяў. Выкананне карагоду звычайна прыходзілася на каляндарныя і сямейна-бытавыя святы і абрады.

карагод
Карагод "Заінька". Выконваюць жыхары вёскі Маторына Расонскага раёна

Да веснавога і зімовага цыклаў земляробчага календара прымяркоўваліся спецыяльныя карагоды (юраўскія, траецкія, русальныя, купальскія і інш.), якія мелі адпаведную тэматыку і структуру. Паводле музычна-харэаграфічнай структуры падзяляюцца на тры вялікія групы: карагодныя песні, гульнёвыя карагоды і карагодныя танцы.

карагод
Гульнёвы карагод "Мак". Выконвае фальклорны калектыў
з вёскі Смаляніца Пружанскага раёна


У карагодных песнях галоўная ўвага аддаецца выкананню песні, мелодыі. Павольны тэмп, шырокая распеўнасць, адсутнасць дакладных рытмічных акцэнтаў, наяўнасць складаных метраў збліжаюць карагодныя песні з народнай вакальнай лірыкай, веснавымі і купальскімі песнямі. Рухі выканаўцаў, як правіла, простыя (звычайны крок, крок з рухам у бок, «пераменны крок» і інш.), малюнкі нескладаныя – кола, кола ў коле (з рухам у розныя бакі, прамы ланцужок, здвоеная васьмёрка («крывы танок»), змейка, ручаёк, калона, адвольны гурт. Тыповыя карагодныя песні «Пава», «Страла», «Сонейка», «Гусачок», «Да й не расці, укропэ» і інш. Для гульнёвых карагодаў характэрная наяўнасць пэўнага дзеяння, якое разыгрываюць удзельнікі, больш хуткі тэмп і дакладны рытм. У харэаграфіі нярэдка імітуюцца рухі розных жывёлаў і птушак, з гумарам паказваюцца асобныя рысы чалавека. Найбольш пашыраныя малюнкі – кола ці паўкола з салістамі ў цэнтры, дзве шарэнгі, што процістаяць адна адной. У іх больш цесная сувязь паэтычнай, гульнёвай і харэаграфічнай структураў, больш дакладна выступае сіметрычнасць, «квадратнасць» рытма-пластычных формулаў. Большую ролю адыграюць элементы драматычнага мастацтва, пантамімы, мімікі. Найбольш тыповыя карагоды гэтай групы – «Са вянком я хаджу», «А мы проса сеялі», «Падушачка», «Горад», «Верабей», «Жавароначак», «Юрачка», «Лянок», «Канапелькі», «Мак», «Заінька». У якасці падгрупы гульнёвых карагодаў вылучаюць карагодныя гульні, што сваёй структурай найбольш блізкія да гульняў («Прададзенае дзіця», «Сваха», «Чортава рабро», «Хрэн», «Мост», «Паншічка», «Плётачка» і інш.). У карагодных танцах галоўнае месца займае харэаграфія, і разнастайныя дэкаратыўныя запляценні рук; для хуткіх – развітая харэаграфічная лексіка (ад віртуозных «каленцаў» салістаў да імклівых рухаў усіх удзельнікаў). Тыповыя карагодныя танцы – «Завіванне вянкоў», «Гусарыкі», «Чарот», «Пеўнік», «Лета» ды інш.

карагод
Карагод "Перапёлачка". Вёска Тонеж Лельчыцкага раёна

Вясной і ўлетку карагоды ўсіх відаў звычайна выконваліся на вуліцы пры вялікім зборы люду. Узімку ў хаце выконвалі найчасцей гульнёвыя карагоды і карагодныя гульні. Многія з іх былі неад'емнай часткай калядных вечароў («Зязюля», «Яшчур», «Халімон», «Жаніцьба Цярэшкі» ды інш.). У сямейна-бытавой абраднасці карагоды ладзіліся ў асноўным на вяселлях, дзе яны прымяркоўваліся да пэўных рытуалаў (выпяканне каравая, абход з ім хаты, танец маладых, выхад з-за стала ды інш.). Як вясельныя ў розных рэгіёнах Беларусі выконваліся карагоды «Зазулейка», «Качан», «Рушнік», «Каза», «Падушачка» ды інш. У наш час бытуюць у асноўным у мастацкай апрацоўцы на сцэне, у самадзейных і прафесійных этнаграфічных калектывах.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.