Пятніца, 29.03.2024, 09:40

КАПЫЛЬСКА-КЛЕЦКІ СТРОЙ

Галоўная »
КАПЫЛЬСКА-КЛЕЦКІ СТРОЙ – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у XIX – пачатку XX стст. Пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім раёнах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання.

капыльска-клецкі строй
Капыльска-Клецкі строй. Жанчына ў святочным адзенні.
Вёска Морач Клецкага раёна.


Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), з адкладным шырокім каўняром, з глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геаметрычны (радзей раслінны і з выявамі птушак, фігураў людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах (гарызантальнымі і вертыкальнымі палосамі ў шахматным парадку) і на каўняры. Андaрак шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных пасак або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне.

капыльска-клецкі строй
Капыльска-Клецкі строй. Святочны ўбор жанчыны.
Вёскі Колкі Клецкага раёна


Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геаметрычным арнаментам. Крой і мастацкае аздабленне льняной спадніцы і андарака падобныя. Андарак і спадніцу прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала пэўныя танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1-2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкаратыўныя клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фалдаваннем, складкамі. Гарсэт шылі з сініх, зялёных, блакітных, малінавых крамных тканінаў (шарсцянка, сацін, шоўк), кароткім (вышэй лініі таліі, часцей без баскі) з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі разнаколерных тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчынаў – шоўкавыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна, разнаколерных стужак; наміткі, хусткі. Нагруднымі і шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, тасёмкі, абразкі.

Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геаметрычнага арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле (насілі навыпуск, падпярэзвалі шырокім узорыстым поясам з кутасам) і нагавіцы. Паверх кашулі апраналі камізэльку. Галаўныя ўборы – саламяныя капелюшы (брылі), картузы, кучомкі, аблавухі.

Аўтар: М.Ф. Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.