Чацвер, 25.04.2024, 18:55

КАЛІНКАВІЧЫ

Галоўная »
КАЛІНКАВІЧЫгорад, цэнтр Калінкавіцкага раёна, вузел чыгунак ЛунінецГомель, Жлобін – Оўруч, за 122 км на захад ад Гомеля, за 275 км ад Мінска. Плошча 17 км². Аўтадарогамі звязаны з Гомелем, Парычамі, Жыткавічамі, Славечнам. 38,1 тыс. жыхароў (2008 г.).

Калінкавічы, Калинковичи
Герб Калінкавіч

Выяўленыя археолагамі гарадзішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Кіеўскай Русі (0,5 км на паўднёвы захад ад горада) сведчаць аб засяленні тутэйшых мясцін у далёкай старажытнасці. Аб гэтым сведчыць і знойдзены ў 1961 г. ў Калінкавічах манетны скарб (загорнутыя ў тканіну каля 2,5 тыс. манет, пераважна медныя соліды Каралеўства Польскага і ВКЛ 1660–61, 1663–66 гг., схаваныя ў 2-й палове 17 – 1-й паловы 18 ст.). Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст. як в.Валенкавічы Мазырскага павета Мінскага ваяводства ВКЛ, вялікакняжацкая ўласнасць. Упершыню ўпамінаецца пад 1560 г., у Багрымавіцкім старостве Мазырскага павета. Пад 1774 г. пазначана ў дакументах аб межах Каленкавіч з в.Гулевічы. У 1778 г. сяленне (25 хат), цэнтр Каленкавіцкай парафіі.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі. З 1793 г. да 1805 г. ва ўладанні князя Шахаўскога. У 1795 г. мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і в.Новыя Каленкавічы, на паштовай дарозе Бабруйск – Мазыр. З 1805 г. уласнасць казны, у арэндзе М.Міражнікавай. У 1839 г. 64 двары. У 1856 г. ўзведзены будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся метрычныя кнігі з 1827 г.). У 1858 г. 653 жыхары. У 1864 г. адкрыта народнае вучылішча (у 1885 г. 42 вучні). У 1866 г. 100 двароў. Памешчык Галалобаў меў у вёсцы ў 1876 г. 71 дзесяцін зямлі, крупарушку. Са здачай у эксплуатацыю 15.02.1886 г. чыгункі Лунінец – Гомель пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя. Паводле перапісу 1897 г. мястэчка ў Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, 1096 жыхароў, 2 малітоўныя школы, 2 майстэрні па апрацоўцы скур, завод колавай мазі, 27 лавак, 3 карчмы, 3 пастаялыя двары. У сяле Каленкавічы ў гэты час былі 73 двары, 388 жыхароў, царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін. Меліся паштова-тэлеграфная кантора, аптэка. У 1908 г. мястэчка (196 двароў, 2022 жыхары), сяло (63 двары, 487 жыхароў) і фальварак (2 двары, 14 жыхароў). З 1909 г. дзейнічала гандлёва-прамысловае таварыства. У 1916 г., калі закончылася будаўніцтва чыгункі Жлобін – Оўруч, Калінкавічы сталі важным транспартным вузлом.

Калінкавічы, Калинковичи
Калинковичи, Калінкавічы
Царква іконы Казанскай Божай Маці

У красавіку 1917 г. створаны валасны Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 26.04.1919 г. ў Рэчыцкім павеце Гомельскай губерні. З 24.02 да 17.12.1918 г. пад акупацыяй германскіх, з 06.03 да 29.06.1920 г. – польскіх войск, якія толькі ў выніку пагрому, учыненага ў сакавіку 1920 г., загубілі 19 чалавек. 10.11.1920 г. мястэчка захапілі банды С.Н. Булак-Балаховіча, якія ўчынілі жорсткія расправы над мірнымі людзьмі (загубілі 45 чалавек). 17.11.1920 г. Калінкавічы вызвалены. З 09.05.1923 г. да 17.04.1924 г. цэнтр Калінкавіцкай воласці, у склад якой увайшлі тэрыторыі скасаваных Аўцюцевіцкай і Дудзіцкай валасцей. З 17.07.1924 г. у складзе БССР. У 1924–30 гг. і з 1939 г. цэнтр Калінкавіцкага раёна Мазырскай (да 26.7.1930 г.) акругі. З 03.07.1925 г. гарадскі пасёлак, які хутка рос. У 1926 г. 6152, у 1939 г. 9799 жыхароў. Дзейнічалі рамеснае таварыства (у 1926 г. 109 чалавек), паравы млын з лесапільняй (з 1916 г), бачарня, кузня, электрастанцыя (з 1932 г), цагельня (з 1930 г), ткацкая (з 1927 г), шавецкая (з 1929 г), кравецкая (з 1929 г.) майстэрні, тэлефонная станцыя (з 1929 г), конная крупарушка (з 1917 г). У 1930-х г. пабудаваны грыбакансервавы камбінат, фабрыка гнутай мэблі і шмат іншых прадпрыемстваў і жылля. Працавалі лесазавод, МТС, лясгас (з 1936 г), швейная, шавецкая, абодная і бандарная арцелі, калгас «Чырвоны араты», раённая бальніца і бібліятэка, 3 сярэднія школы (адкрыты з 1932, 1934 і 1936 гг.), выходзіла раённая газета. З 20.2.1938 г. ў Палескай, з 08.01.1954 г. ў Гомельскай абласцях. У 1939 г. 9,8 тыс. чалавек. У маі 1941 г. ў Калінкавічы пераведзена Мінскае ваенна-пяхотнае вучылішча.

Калінкавічы
Успенская царква

У Вялікую Айчынную вайну ў час абарончых баёў 1941 г. супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў мужна змагаўся мясцовы знішчальны батальён. 21.08.1941 г. горад захоплены нямецкімі войскамі. З верасня 1941 г. да снежня 1943 г. дзейнічала падпольная арганізацыя «Смугнар» («Смерть угнетателям народа»), кіраўнікамі былі К.М. Бакун, К.Я. Ярмілаў, М.Судак. У чэрвені 1942 г. партызаны ўзарвалі электрастанцыю. Вялікую падрыўную работу вяла падпольная група чыгуначнікаў (кіраўнікі П.С. Ануфрыеў і В.І. Баравік), куды ўваходзілі 37 чалавек. У жніўні 1942 г. акупанты арыштавалі і загубілі большасць членаў падпольнай арганізацыі. З верасня 1942 г. дзейнічала маладзёжная падпольная арганізацыя (кіраўнік М.М. Судас, 11 чалавек). 27.09.1941 г. акупанты расстралялі 300 вязняў (старых, жанчын, дзяцей; пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на вул. Савецкай, каля чыгуначнага пераезда). За час акупацыі загублена 455 жыхароў. Вызвалены 14.1.1944 г. воінамі 61-й арміі. У баях за вызваленне Калінкавіч загінулі 853 воіны (пахаваны ў брацкіх магілах па вул.Савецкай і Куйбышава). У ліку пахаваных Героі Савецкага Саюза А.Дз. Данілаў, А.М. Азёрын, М.С. Барысаў, Ц.І. Брагонін, М.І. Быкоўскі, А.А. Лысенка, А.Р. Ніканаў, Б.М. Сураўцаў, П.М. Суркоў. 12.01.1944 г. ў раёне горада камандзір 54-га бамбардзіровачнага палка, палкоўнік М.А. Крыўцоў накіраваў самалёт, які загарэўся, на скапленне варожых войск. 21-й часці і злучэнню прысвоена найменне «Калінкавіцкіх». Адна з вуліц горада носіць імя генерала-палкоўніка П.А. Бялова, кавалерыйскі корпус якога ўдзельнічаў у вызваленні Калінкавіч. У барацьбе супраць акупантаў на фронце і ў партызанах загінулі 720 жыхароў.

Калінкавічы
Троіцкі касцёл

У 1959 г. 14,9 тыс. чалавек. З 07.03.1963 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1966 г. да горада далучана суседняя в.Карчага. У 1970 г. 23,9 тыс. жыхароў. Размешчаны мясакамбінат (з 1930 г.), хлебазавод, фабрыкі мэблевая (з 1960 г.) і бытавой хіміі (склалася ў 1960-я г. на базе створанай у 1930-х г. арцелі «Спартак»), Палескі хімлясгас, камбінаты хлебапрадуктаў (з 1959 г.) і бытавога абслугоўвання, прамкамбінат, плодакансервавы камбінат, рамонтна-механічны завод, раённае аб'яднанне і Палескае спецыялізаванае аддзяленне сельгасхіміі, завод і палігон жалеза-бетонных вырабаў, цэх Мазырскага домабудаўнічага камбіната, завод дахавых матэрыялаў, раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, аўтатранспартнае прадпрыемства, лакаматыўнае дэпо. Дзейнічаюць 9 сярэдніх, музычная і спартыўная школы, 17 дашкольных устаноў, Дом школьнікаў Дом культуры, кінатэатр, 60 спартыўных збудаванняў, 2 паліклінікі, 3 бальніцы, 4 бібліятэкі, 6 аддзяленняў сувязі, райаграпрамтэхніка, аптэка, Калінкавіцкі краязнаўчы музей (адкрыты 23.03.1991 г). Працуе мясцовае радыёвяшчанне, выходзіць раённая газета «Калінкавіцкія навіны» (з 1941 г.). 04.11.1993 г. адкрыта царква ў імя Казанскай Багародзіцы.

Калінкавічы
Сінагога

Планіроўка квартальная, абапал чыгункі, на поўдні шаша Лунінец – Гомель адасабляе вялікі ўчастак горада. Забудова цэнтра вялася на аснове гістарычнай плошчы, перыметр якой забудаваны грамадскімі будынкамі. Найбольш старажытнымі з'яўляюцца вуліцы Сялянская, Савецкая, Чырвонаармейская, Пралетарская, Калініна і завулкі Сялянскі і Мазырскі. Узведзены новыя мікрараёны Поўнач, Цэнтр, Меліяратар, Залінейны, Паўднёва-Усходні. У цэнтры горада – мемарыяльная Алея Герояў. Забудова мураваная і драўляная, значная яе частка шматпавярховая. Радзіма яўрэйскага паэта С.А. Ляльчука, беларускіх пісьменнікаў В.А. Казько, Я.І. Сергіевіча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР А.Г. Выгоннага, заслужанага дзеяча мастацтва БССР К.К. Казелкі, беларускіх мастакоў А.І. Дулубу, Т.І. Кіршчынай, доктара эканамічных навук, прафесара А.І. Мілюкова, заслужанага трэнера БССР В.П. Капылова, маці-гераіні С.І. Федаровіч (выгадавала 10 дзяцей). Паблізу ёсць залежы гліны, суглінку і жалезняку.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.