Пятніца, 19.04.2024, 16:11

ЕЛЬСК

Галоўная »
ЕЛЬСК (да 05.02.1931 г.Каралін) – горад раённага падпарадкавання, чыгуначная станцыя (на лініі Калінкавічы – Оўруч), цэнтр раёна, за 117 км на паўднёвы захад ад Гомеля, 319 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Оўручам, Нароўляй. 9,6 тысяч жыхароў (2008 г.).

Ельск
Герб горада

Паводле пісьмовых крыніц упамінаецца з 16 ст., належаў Спадам, якія пераехалі сюды з Францыі, потым Аскерам і Яленскім. Уваходзіў у Мазырскі павет Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1784 г. ўпамінаецца ў сувязі з увядзеннем грашовага збору з тых, хто праязджаў праз мястэчка. У 1775 г. на сродкі К.Аскеркі пабудавана драўляная Свята-Троіцкая царква, будынак якой складаўся з сістэмы зрубаў (пастаўленых на крыжы) і шатровай званіцы над уваходам, дзейнічалі касцёл, яўрэйскі малітоўны дом. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі, у Міхалкоўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

У 1795 г. 24 двары. Штогод 1 верасня праводзіўся кірмаш. У 1842 г. ўладальнікам маёнтка Яленскім пабудаваны новы будынак царквы, у ёй захоўваўся абраз Божай Маці. Праз мястэчка праходзіў тракт з Рагачова ў Валынь, паштовая станцыя (8 экіпажаў). У 1858 г. 300 жыхароў, у 1866 г. 56 двароў, 422 жыхары, царква, сінагога, вадзяны млын.

З пабудовай у 1873 г. чыгуначнай лініі Жлобін – Оўруч пачала працаваць чыгуначная станцыя. Цэнтр маёнтка, гаспадар якога Анзельм у 1876 г. валодаў 9582 дзесяцінамі зямлі, 2 карчмамі, вадзяным млынам, вінакурняй і смалакурняй. Паводле перапісу 1897 г. ў мястэчку 45 двароў, 388 жыхароў, царква, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, паштовая станцыя, 9 крам, карчма, цэнтр Каралінскай воласці (скасавана 17.07.1924 г.). У сяленні Каралін 98 двароў, 590 жыхароў, хлебазапасны магазін, працавалі вінакурны завод, паштова-тэлеграфная кантора. У 1908 г. 167 двароў, 910 жыхароў. У 1917 г. ў мястэчку 1132, у маёнтку 273, на чыгуначнай станцыі 61 жыхар. У выніку бандыцкіх пагромаў, якія адбыліся на працягу 1919–20 гг., загінулі 18 жыхароў. У 1921 г. 400 двароў, 2040 жыхароў, школа, пачала дзейнічаць вузкакалейная чыгунка да в.Рамязы. З 17.07.1924 г. цэнтр Каралінскага, з 05.02.1931 г. Ельскага раёнаў. З 20.08.1924 г. да 27.09.1938 г. цэнтр Ельскага с/с Каралінскага, з 05.02.1931 г. Ельскага раёнаў Мазырскай (да 26.07.1930 г. і з 21.06.1935 г. да 20.02.1938 г.) акругі, з 20.02.1938 г. Палескай, з 08.01.1954 г. Гомельскай абласцей. Дзейнічалі 2 рамесныя таварыствы (у 1926 г. 72 чалавекі), калгасы «1 Мая», «Праца» і «Прыклад», 2 маслазаводы, вінакурня, грыбаварня, кузня, стальмашня, электрастанцыя, цагельня, кравецкая, шавецка-шубная і дрэваапрацоўчая майстэрні (у 1933 г. 83 рабочых), лесапільня, паравы млын з крупарушкай, лясгас (з 1936 г.). Па чыгунцы значную частку перавозак складалі лесаматэрыялы. З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў створаны знішчальны батальён (камандзір І.А. Казінец). 23.08.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Са жніўня 1941 г. да снежня 1943 г. дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі Я.М. Шацько і А.І. Сухмель). У 1943 г. ў Ельску дыслацыраваўся 101-ы славацкі полк, афіцэр якога Я.Налепка з групай салдат-антыфашыстаў перайшоў на бок партызан. Нямецкія акупанты загубілі 465 жыхароў. Вызвалены ў ноч на 27.11.1943 г., але пад напорам варожых сіл 29.11.1943 г. савецкія часці адступілі. 11.01.1944 г. 415-я стралковая дывізія 61-й арміі і партызаны 37-й Ельскай партызанскай брыгады канчаткова вызвалілі Ельск. У баях за горад загінулі 313 воінаў і 10 партызан (пахаваны ў брацкіх магілах па вул.Карповіча, на могілках і за 2 км на ўсход ад горада). 128 жыхароў загінулі на фронце.

У 1953 г. каля Ельска атрыманы першы прыток нафты ў колькасці 16,5 тон і 945 кубічных метраў газу. У 1971 г. 6,7 тыс. жыхароў. З 05.07.1971 г. горад раённага падпарадкавання. Размешчаны мэблевая фабрыка, хлебны, кансервавы і малочны заводы, райсельгасхімія, палігон жалезабетонных вырабаў, камбінаты будматэрыялаў, бытавога абслугоўвання, аграхімлабараторыя, леспрамгас, аб'яднанне «Сельгастэхніка», аддзяленні паштовай і электрычнай сувязі, ветстанцыя, лясгас, 3 сярэднія, музычная і дзіцячая спартыўная школы, Дом школьнікаў, школа мастацтваў, Дом культуры, 6 дашкольных устаноў, 2 бібліятэкі, краязнаўчы музей (адкрыты ў 1966 г. як музей народнай славы, з 07.01.1976 г. краязнаўчы). Вядзецца раённае радыёвяшчанне, выходзіць газета «Народны голас» (са снежня 1931 г.).

null
Свята-Троіцкая царква

Забудоўваецца згодна генеральнага плана, распрацаванага ў 1968 г. Гомельскімі абласнымі праектнымі майстэрнямі інстытута «Белдзяржпраект». Планіровачна складаецца з прамалінейных, паралельных паміж сабой амаль мерыдыянальнай арыентацыі вуліц, якія, перакрыжоўваючыся шыротнымі вуліцамі, утвараюць сетку кварталаў. Частка будынкаў мураваная, шматпавярховая. На поўнач — адасоблены ўчастак забудовы (былая в.Чырвоны Пільшчык). У 1990 г. да горада далучана в.Камуна (да 1920 г. Анзельмава), якая была цэнтрам Багуціцкага с/с. Адна з вуліц носіць імя ўраджэнца горада, супрацоўніка міліцыі В.А. Акінчыца (загінуў пры выкананні службовых абавязкаў). Радзіма беларускага педагога і філосафа М.П. Анцукевіча (былое мястэчка Каралін), доктара тэхнічных навук, прафесара К.А. Бачкова, доктара сельскагаспадарчых навук В.М. Яцухны.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.