Пятніца, 29.03.2024, 12:28

ЖЛОБІН

Галоўная »
ЖЛОБІНгорад абласнога падпарадкавання, цэнтр Жлобінскага раёна, вузел чыгунак на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы, прыстань на правым беразе р.Дняпро, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Плошча 26 кв. км. На ўсходняй ускраіне р.Дняпро, на захадзе меліярацыйныя каналы. Аўтадарогі звязваюць горад з Бабруйскам, Гомелем, Рагачовам, Доўскам, Светлагорскам. 72,5 тысяч жыхароў (2008 г.).

Жлобін
Герб горада

У пісьмовых крыніцах упершыню называецца пад 1492 г. як паселішча Хлепаны ў Вялікім княстве Літоўскім, уласнасць Хадкевічаў. Сярод жылой забудовы вылучаўся замкавы комплекс, які ўзвышаўся над прырэчнай жылой зонай паселішча, на правым беразе Дняпра, за 100 м ад упадзення ў яго ручая Чорначка. У час вайны Івана III з яго зяцем вялікім князем Літоўскім Аляксандрам быў падвергнуты разбурэнням і далучаны да маскоўскіх уладанняў, але пазней зноў вернуты Літве. З 1509 г. ў Рагачоўскай воласці, у валоданні каралевы Боны, а з 1556 г. ў складзе казённага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 г. ў валоданні полацкага шляхціца. У ліпені 1654 г. казакі ўкраінскага гетмана І.Н. Залатарэнкі ўзялі штурмам і спалілі Жлобін. У 1790 г. кароль Станіслаў Аўгуст выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і чатыры гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які належаў І.Халецкаму. Здаўна дзейнічалі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 г. дзейнічала Узвіжанская царква.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Расійскай імперыі. У час нашэсця Напалеона французскія войскі 20.07.1812 г. занялі Жлобін, але ў хуткім часе з-за актыўных дзеянняў рускіх войскаў вымушаны былі адступіць. Паводле рэвізіі 1816 г. 189 двароў. З 1818 г. мястэчка. Паводле інвентару 1847 г. 965 жыхароў. У 1860 г. 1576 жыхароў, 263 драўляныя дамы, царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа цераз Дняпро. У 1863 г. замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 г. 15, у 1889 г. 92 вучні), 5 малітоўных школ, хлебазапасны магазін. З 1876 г. працаваў дрожджавы завод, з 1868 г. – крупарушка. Славіўся кірмашамі, на якіх пераважаў продаж дублёных і простых сялянскіх шуб і кажухоў. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

Значнае ажыўленне ў жыццё Жлобіна ўнеслі адкрыццё 16.11.1873 г. руху па чыгунцы Асіповічы – Гомель і пачатак дзейнасці чыгуначнай станцыі 2-га класа. У гонар гэтай падзеі 16.11.1993 г. побач з чыгуначным вакзалам пастаўлены на вечную стаянку паравоз серыі «Су». За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана дэпо на 9 паравозаў, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал. Вялікім няшчасцем для мястэчка былі пажары. 13.05.1880 г. за 2 гадзіны пажар знішчыў амаль усё мястэчка – 359 дамоў, царкву, усе 5 яўрэйскіх малітоўных школ, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. Але не паспелі аправіцца ад гэтай бяды, як 16.5.1889 г. адбыўся новы пажар – згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Жлобін
Капліца Святога Казіміра

У 1860 г. 262 жыхары, у 1880 г. 64 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. Паводле перапісу 1897 г. ў в.Карпілаўцы 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, малітоўная школа, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Пазней Карпілаўка ўвайшла ў склад Жлобіна. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі. 24.12.1902 г. адкрыта чыгунка Віцебск – Жлобін, а 02.11.1915 г. – чыгунка Жлобін – Калінкавічы, што значна пашырыла транспартныя сувязі мястэчка і зрабіла яго важным чыгуначным вузлом. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. Становішча рабочых чыгункі было нялёгкім. З 22.12.1905 г. да з 02.01.1906 г. адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 г. дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне. У 1909 г. ў Жлобіне, які паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі.

27.04.1910 г. местачкоўцы на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 г. адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 г. – крэдытнае таварыства. У 1915 г. на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, якое суправаджалася сутыкненнямі з паліцыяй. У лютым 1918 г. Чырвоная гвардыя разграміла асноўныя часці 1-га польскага корпуса генерала Ю.Т. Доўбар-Мусніцкага, якія 13.01.1918 г. захапілі мястэчка. З 02.03.1918 г. да 24.11.1918 г. Жлобін акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. 06.06.1919 г. з агітацыйна-інструктарскім поездам «Кастрычніцкая рэвалюцыя» яго наведаў М.І. Калінін і на мітынгу ў чыгуначным дэпо выступіў з заклікам памнажаць дапамогу фронту ў барацьбе з іншаземнымі войскамі.

09.05.1923 г. створана Жлобінская воласць. З 02.03.1924 г. Жлобін у складзе БССР, з 17.07.1924 г. – адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26.07.1930 г. ў Бабруйскай акрузе, з 20.02.1938 г. ў Гомельскай вобласці); з 03.07.1925 горад. Да восені 1920 г. ўведзена ў строй дзеючых электрастанцыя магутнасцю 35 к.с. У 1924 г. на паўночнай ускраіне заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927–29 гг. пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 г. – будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 г. працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 г.) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 05.06.1931 г. выдавалася раённая газета, а затым пачала выходзіць чыгуначная шматтыражка «Ударнік». У 1937 г. ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы і ў 1940 г. – новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938–1939 гг. на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо. З 27.09.1938 г. горад раённага падпарадкавання.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны чыгуначнікі Жлобіна абсталявалі браняпоезд, які ўдзельнічаў у баях на станцыі Свіслач (на ветцы Асіповічы – Магілёў). Дзейнічаў эвакапункт. Нямецка-фашысцкія войскі 04.07.1941 г. захапілі Жлобін. 06.07.1941 г. часці 63-га стралковага корпуса (камандзір – камкор, пазней генерал-лейтэнант Л.Р. Пятроўскі) 21-й арміі ў ходзе разведкі боем выбілі гітлераўцаў з горада, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка ноччу адступілі за Дняпро. Пасля грунтоўнай падрыхтоўкі воіны Пятроўскага і байцы знішчальнага батальёна (створаны 27.06.1941 г.) 13.07.1941 г. зноў вызвалілі Жлобін і да канца ліпеня адкінулі ворага на 20–30 км на захад.

Прыклад мужнасці і гераізму праявіў у гэтых баях маёр, камандзір батальёна 154-й стралковай дывізіі Ф.А. Баталаў (09.08.1941 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, яго імем названа вуліца ў Жлобіне). 14.08.1941 г. савецкія войскі пад пагрозай акружэння зноў, цяпер ужо надоўга, пакінулі Жлобін, які быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі да чэрвеня 1944 г. У кастрычніку 1941 г. склаліся падпольныя групы ў паравозным дэпо (кіраўнікі У.П. Міненкаў, М.І. Елісееў, Г.В. Канапляннікаў, П.А. Дзямінская і І.М. Казлоў), у друкарні (кіраўнікі М.П. Калеснічэнка і Р.П. Баранаў), ваеннаслужачых урачоў у раённай бальніцы (кіраўнік У.М. Лабанаў). У 1942 г. ўзніклі новыя групы – Гарбатава, С.В. Казлова, Дз.В. Ніжнікава, Т.І. Раміські, І.І.Цыркунова. Дзейнічала падполле і ў іншых месцах. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, медыкаменты і боепрыпасы для партызан, вывелі са строю больш за 50 паравозаў, зрывалі водазабеспячэнне чыгуначнага вузла, узарвалі механічны цэх дэпо, спалілі масларобчы і лесазавод, цагельню, склады, перадавалі партызанам звесткі пра абарончыя рубяжы нямецкіх войск і аб руху паяздоў. Акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада). У лютым 1944 г. савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, і горад да чэрвеня знаходзіўся на лініі фронту. Частка яго жыхароў была кінута акупантамі ў Азарыцкія лагеры смерці. У баях за горад загінулі 553 воіны і 2 партызаны (пахаваны на вайсковых могілках на вул.Кутузава, у скверы). Вызвалены 26.06.1944 г. часцямі 48-й арміі 1-га Беларускага фронту. 3-м часцям і злучэнням прысвоена найменне «Жлобінскія».

Жлобін
Новы будынак чыгуначнага вакзала

Пасля вызвалення Жлобін хутка аднаўляўся і развіваўся. Ужо ў кастрычніку 1944 г. адкрылася чыгуначнае вучылішча, аднаўляліся школы, медыцынскія ўстановы, жыллёвы фонд, прамысловыя прадпрыемствы. У 1963 г. да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. Калі ў 1939 г. насельніцтва Жлобіна складала 19,3 тыс. чал., то ў 1970 г. – 25 тыс. чалавек. З 17.03.1963 г. горад абласнога падпарадкавання. 30.12.1978 г. адбыўся пуск 1-й чаргі завода штучнага футра, а ў канцы 1984 г. ўступіў у строй дзеючых Беларускі металургічны завод, у 1990 г. – радыётэлевізійная трансляцыйная станцыя. 

Дзейнічаюць кар'ер фармовачных матэрыялаў, мэблевая і мастацкай інкрустацыі фабрыкі, мясакамбінат, кансервавы завод, рамонтна-механічны завод, швейная фабрыка, Беларускі металургічны завод, хлебазавод, лясгас, камбінат бытавога абслугоўвання, раённае аддзяленне сувязі, лакаматыўна-чыгуначнае дэпо, вагоннае дэпо, раённы вузел паштовай сувязі, бальніца, аптэка, санэпідэм-станцыя, вышэйшае прафтэхвучылішча-87, ПТВ-143 «Трыкатажнік», школа-інтэрнат (з 1963 г.), металургічны тэхнікум, 38 малых прадпрыемстваў і аб'яднанняў, малочны завод, камбікормавы завод, камбінат будматэрыялаў, раённыя аб'яднанні «Сельгастэхніка» і «Сельгасхімія», вышэйшае вучылішча агратэхнікі, 11 сярэдніх, 1 васьмігадовая, 3 пачатковыя школы, 2 школы мастацтваў, 1 спартыўная школа, 115 спартыўных збудаванняў, 28 дашкольных устаноў, Дом школьнікаў, кінатэатр, Дом культуры, клуб чыгуначнікаў, 6 масавых бібліятэк, аддзяленне сувязі, 2 бальніцы, раддом, 2 паліклінікі, тубдыспансер, лёгачна-туберкулёзны санаторый для падлеткаў, гісторыка-краязнаўчы музей (заснаваны ў 1989 г., адкрыты для наведвальнікаў у лютым 1992 г.), мясцовая студыя кабельнага тэлебачання, гідраметэастанцыя, заапарк, 128 магазінаў і 84 прадпрыемствы грамадскага харчавання. На базе раённай друкарні заснавана выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Тэхнічная кніга». У 1995 г. ўзведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы. Вядзецца мясцовае радыёвяшчанне, выходзіць аб'яднаная (для горада і раёна) газета «Новы дзень» (з 05.06.1931 г.). Цесныя сувязі мае Жлобін з гарадамі Мейдэн (Галандыя), Скаленчэ (Італія), Пелгржымаў (Чэхія) і інш.

Жлобін
Праваслаўная царква

Забудова квартальная, пераважна мураваная, шматпавярховая. Генеральны план распрацаваны ў 1964 г. інстытутам «Белдзяржпраект». У 1975 г. ў яго ўнесены змены Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Асноўны накірунак развіцця горада – паўночны. Гарадскі цэнтр складаецца з двух самастойна дзеючых комплексаў. Галоўны цэнтр – плошча Вызваліцеляў, забудаваная будынкамі грамадскіх арганізацый, клуба і жылымі дамамі. Прывакзальная плошча, на якой сканцэнтраваны шэраг устаноў гандлю і грамадскага харчавання, з'яўляецца значным фокусам прыцягнення насельніцтва горада і нясе на сабе, па сутнасці, функцыю другога гарадскога цэнтра. Зараз абедзве плошчы рэканструюцца (архітэктар В.Г. Ісачанка). Забудаваны 7 новых мікрараёнаў, у тым ліку 4 пры Беларускім металургічным заводзе. У 1995 г. збудаваны Праабражэнскі храм. Радзіма Герояў Савецкага Саюза М.С.Быкава, М.У.Барташова (яго імем названа вуліца ў Жлобіне), М.К.Кавалёва, заслужанага артыста БССР М.А. Кавязіна, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Д.М. Жураўлёва, спартсмена, сярэбранага прызёра алімпійскіх гульняў 1972 г. У.М. Лавецкага, заслужанага архітэктара Беларусі Л.М. Тамкова, доктара тэхнічных навук З.І. Жукоўскага, заслужанага майстра спорту СССР па лёгкай атлетыцы В.І. Рудзянкова, заслужанага настаўніка прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларусі Г.І. Рымарова, заслужанага настаўніка БССР М.П. Косцева (ганаровы грамадзянін Жлобіна), беларускіх мастакоў В.К. Жолтак і Г.В. Говара, пісьменнікаў М.Д. Бажанава, Р.І. Добіна, Б.А. Міхайлоўскага, удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Забайкаллі Р.А. Васільева. Паблізу Жлобіна размешчаны залежы суглінку і гліны.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.