Субота, 20.04.2024, 11:04

ДРАГІЧЫН

Галоўная »
ДРАГІЧЫНгорад, цэнтр Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. За 110 км на ўсход ад Брэста, 7 км ад чыгуначнай станцыі Драгічын на лініі БрэстГомель, на аўтадарозе Брэст – Пінск. 15 тыс. жыхароў (2008).

Драгічын
Герб Драгічына

Бескурганны могільнік 4-2 вв. да н.э. за 2 км на паўночны захад ад чыгуначнай станцыі сведчыць аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах з глыбокай старажытнасці. Паводле У.Ф.Ісаенкі старажытнае паселішча эпохі Кіеўскай Русі ўзнікла ў 12 ст. у 14 - 1-й паловы 15 ст. ў складзе Здзітаўскай воласці Кобрынскага княства ВКЛ, гаспадарская ўласнасць. Да сярэдзіны 17 ст. ўпамінаецца пад назвай Давячоравічы, вёска, сяло. Упершыню ўзгадваецца ў 1452 г. ў даравальнай грамаце вялікага князя літоўскага Казіміра Ягайлавіча пінскаму намесніку, князю Юрыю Нарымунтавічу, у вотчыну якому была перададзена частка Здзітаўскай воласці, у тым ліку сяло Давячоравічы.

У 1-й палове 16 ст. ў Кужалічынскім войтаўстве, у складзе Пінскага княства (староства), уласнасць каралевы Боны. З 16 ст. дзейнічалі праваслаўныя Ільінская, Мікалаеўская, Прачысценская і Прэсвятой Багародзіцы цэрквы, Праабражэнскі праваслаўны манастыр, дакументы якога былі страчаны ў час ваенных дзеянняў 1657 г., у Забугскай частцы знаходзілася Спаская царква. Пад 1542 г. упамінаецца царква Святой Тройцы, якая размяшчалася ў прадмесці Драгічына і ў 1563 г. па распараджэнні караля Жыгімонта II Аўгуста была надзелена зямлёй, а таксама дзесяцінай з прыбыткаў вёсак Хролавічы і Сіневіцы. З 1659 г. пры гэтай царкве быў жаночы манастыр.

У 2-й палове 16 ст. ў ходзе валочнай памеры «зямля гэтага сяла памерана і сахой паразганяна на валокі ў тры палі на марг(оў) 10... з якой чынш мае быць з 1556 года». З 1623 г. мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ, цэнтр Давячоравіцкай воласці, уласнасць ваяводы ВКЛ Льва Сапегі. Ураднік яго Ян Уладзіслаў Нявельскі па даручэнні ваяводы заснаваў тут Багародзіцкую царкву. Давячоравіцкія жыхары ахвяравалі ёй дом і зямлю з агародамі. Цэнтрам мястэчка была плошча з гандлёвымі радамі і адыходзячымі ад яе вуліцамі Пінскай, Хомскай, Пярковіцкай і інш. З 1655 г. ўпамінаецца пад афіцыйнай назвай Драгічын (Дарагічын). У 1749 г. пінскім маршалкам Міхалам Ажэшкам тут засн. Францысканскі манастыр, пабудаваны касцёл (драўляны, пазней мураваны). Драгічын стаў цэнтрам рымска-каталіцкай парафіі (у 1781 налічвала 510 парафіян), скасаванай у 1838 г. З апошняй чвэрці 18 ст. цэнтр Драгічынскага графства. У інвентары 1778 г. названы горадам, меў ратушу, уласны герб. У графстве лічылася 256 сялянскіх дамоў, 1422 жыхары, 49 яўрэйскіх гаспадарак. У горадзе з прадмесцямі было 86 сялянскіх дамоў 500 жыхароў, 43 яўрэйскія гаспадаркі, 3 вуліцы. Мяркуецца, што ўсяго насельніцтва ў горадзе і прадмесцях было каля 785 чалавек, з іх хрысціян каля 540, яўрэяў каля 245; манастыр, царква, сінагога, касцёл, 12 бровараў, 5 корчмаў, лазня, уладанне А.Астроўскага.

З 1795 г. ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр Драгічынскай воласці Кобрынскага павета ў Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У 1849 г. 98 дамоў, 167 жыхароў, паштовая станцыя (на тракце Кобрын – Пінск). У 1-й палове 19 ст. маслабойня, 2 гарбарныя заводы. У 1862 г. заснавана аднакласнае народнае вучылішча (з 1911 г. – двухкласнае). У 1863 г. падчас паўстання ў мястэчку дзейнічалі ваенна-паліцэйскае ўпраўленне і сялянскія каравулы самааховы. У 1878 г. было 1476 жыхароў, у тым ліку 1300 яўрэяў і 176 хрысціян. У 1882 г. праз Драгічын пракладзена чыгуначная лінія Пінск – Жабінка Палескіх чыгунак, што спрыяльна адбілася на росце мястэчка. У 1886 г. 1535 жыхароў, валасное праўленне, царква, школа, гандлёвыя рады, 5 піцейных дамоў, кірмаш, аптэка, у прыгарадзе – вінзавод, ветраны і конны млыны. У 1897 г. было 280 дамоў (140 жылых), 2258 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, 2 народных вучылішчы, сельская лячэбніца. Напярэдадні 1-й сусветнай вайны ў Драгічыне 2 маслабойні, завод па ачыстцы мелу, фабрыка саламяных капелюшоў, 7 мукамольняў (усяго 36 рабочых), паштова-тэлеграфнае аддзяленне, двухкласнае народнае вучылішча (108 вучняў у 1915, абслугоўвала 17 вёсак воласці, мела ўласную бібліятэку ў 1807 тамоў кніг). У 1915-18 гг. акупіраваны германскімі, у 1919 г. – польскімі войскамі. 25.7.1920 г. Чырвоная Армія вызваліла Драгічын, але ў хуткім часе ім зноў авалодалі палякі. З лістапада 1920 г. цэнтр Драгічынскага павета і гміны ў Палескім ваяводстве Польшчы.

У 1921 г. ў мястэчку налічвалася 242 дамы, 1987 жыхароў, у тым ліку 353 праваслаўных, дзейнічала павятовае праўленне, паштовае агенцтва, касцёл, гарадскі сад, чыгуначная станцыя на лініі Брэст – Мікашэвічы, праводзіўся штомесячны кірмаш. У 1935 г. каля 2,5 тыс. жыхароў, электрастанцыя, гміннае зернясховішча, павятовая бальніца, некалькі гасцініц, парафіяльны касцёл, чыгуначны прыпынак Драгічын-Палескі, да якога вялі 2 брукаваныя вуліцы. 3 1924 г. дзейнічаў падпольны райкам КПЗБ, барацьбу з акупацыйнымі ўладамі вёў партызанскі атрад на чале з сакратаром Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ І.П. Тарасюком. У 1934 г. тут адбыўся суд над 29 членамі КПЗБ. З 04.12.1939 г. цэнтр воласці і павета Пінскай вобласці БССР, 414 дамоў, 3125 жыхароў. З 15.01.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр Драгічынскага раёна, 750 дамоў, 4202 жыхары, электрастанцыя, 4 млыны, маслазавод, 2 сталярныя, механічная, швейная, абутковая арцелі, МТС (засн. 15.1.1940), 7-гадовая школа, кінатэатр, бібліятэка, бальніца, радзільны дом, амбулаторыя, ветпункт, пошта, тэлеграф, 9 магазінаў і крам, выдавалася газета «Чырвоная зара».

У Вялікую Айчынную вайну 25.06.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У красавіку 1942 г. адбываліся масавыя расстрэлы жыхароў горада. Вызвалены 17.07.1944 г. войскамі 212-й стралковай дывізіі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. Пасля вызвалення горада ў яго цэнтры і на ўскраінах былі выяўлены месцы пахаванняў больш за 4 тыс. мірных жыхароў, закатаваных фашыстамі і іх памагатымі ў гады акупацыі. Карныя акцыі праводзілі нямецкі гарнізон і паліцэйская ўправа ў Драгічыне. У баях за вызваленне горада загінулі 275 савецкіх воінаў і партызан (пахаваны ў брацкіх магілах у гарадскім скверы па вул. Леніна і на могілках). 62 жыхары загінулі на фронце.

null
Былы касцёл Дзевы Марыі

У 1950 г. заснавана школа механізацыі сельскай гаспадаркі, з 1953 г. СПТВ-29. У 1959 г. было 3,5 тыс. жыхароў. З 10.11.1967 г. горад. У 1965 г. пачаў працаваць трактарарамонтны, у 1973 г. – камбікормавы заводы. У 1971 г. 7,1 тыс. жыхароў. У 1970-я г. да Драгічына далучаны вёскі Зарэчка, Стараселле. Шашой Брэст – Пінск падзяляецца на паўночную і паўднёвую часткі. У 1971 г. Брэсцкі філіял інстытута «Белдзяржпраект» распрацаваў першы генеральны план горада. У цэнтры горада ўзведзены мураваныя адміністрацыйныя, гандлёвыя і шматпавярховыя жылыя дамы. Пераважная ж частка Драгічына занята індывідуальнай драўлянай аднапавярховай забудовай. Генпланам 1982 г. развіццё горада прадугледжана ў паўночна-заходнім кірунку. У 1989 г. 13 тыс. жыхароў.

Драгічын
Царква Стрэчання Гасподняга.

У Драгічыне прадпрыемствы машына-будавання (трактарарамонтны завод), будаўнічых матэрыялаў, харчовай (камбікормавы завод, сумеснае прадпрыемства «Фрост і К» – вытворца мінеральнай вады), фармацэўтычнай (рэспубліканскія унітарныя прадпрыемствы «Экзон» і «Экзон-Глюкоза») галін прамысловасці, лясгас. Дзейнічаюць аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй, гімназія, 2 сярэднія школы, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, школа мастацтваў, 4 дзіцячых сада, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам, цэнтр пазашкольнай работы, Дом культуры, маладзёжны цэнтр, кінатэатр, 2 бібліятэкі, бальніца, паліклініка, 4 аптэкі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва, 2 басейны, гасцініца, камбінат бытавога абслугоўвання, пошта, тэлеграф. Музей партызанскай славы імя Дз.К. Удовікава, 2 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемарыяльная дошка І.П. Тарасюку, помнік В.З. Харужай. Вядзецца мясцовае радыёвяшчанне, выдаецца раённая газета «Драгічынскі веснік». Радзіма генерал-маёра В.М. Лучыца, беларускіх мастакоў У.У. Кожуха і П.С. Мысліўца, заслужанага работніка культуры Беларусі Т.В.Здзітаўскай. У склад Драгічынскага с/с уваходзілі: да 1942 г. – в. Астрыўкі (спалена нямецкімі карнікамі, не адрадзілася), да 1959 г. – в. Чарнопаль, да 1970-х г. – вёскі Зарэчка, Пікачы, Саха, Стараселле (не існуюць).

Крыніца:
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.