Пятніца, 19.04.2024, 10:40

ГОРКІ

Галоўная »
ГОРКІгорад абласнога падпарадкавання, цэнтр раёна, за 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна на лініі Орша – Крычаў, вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск, на р.Проня. 37,7 тысяч жыхароў (2007).

Горкі
Герб гораду

Упершыню ўпамінаецца ў «Літоўскай метрыцы» ў сярэдзіне 16 ст. як маёнтак і вёска, якія належалі князям Друцкім-Горскім. З 1584 г. ўладанне Сапег. У 1619 г. Горкі атрымалі «Устаў аб вольнасці», які ўяўляў сабою разнавіднасць малога магдэбургскага права. Дазвалялася праводзіць таргі і кірмашы. З 1626 г. мястэчка належала Горацкаму касцёлу, у 1656 г. перайшло ў валоданне Мірскага. У 1777 г. мела сваё самакіраванне і суд.

У час вайны 1654-67 гг. у кастрычніку 1654 г. пры ўдзеле палкоўніка беларускага казацкага палка К.Паклонскага горад перайшоў на бок Маскоўскай дзяржавы. Пасля Андрусаўскага перамір'я 1667 г. ў складзе Рэчы Паспалітай, належалі А.Палубенскаму. У 1676 г. Горацкае праваслаўнае брацтва адкрыла школу. Паводле інвентару 1683 г. 510 двароў з прадмесцямі Зарэчча і Казіміраўская Слабада. На кірмашах гандлявалі купцы з Смаленска, Мсціслава, Магілёва, Шклова, Оршы. Працавалі рамеснікі 28 спецыяльнасцей, у іх ліку гарбары, збройнікі, ткачы і ганчары. У 1683 г. мястэчка ў складзе маёнтка Горы, у Віцебскім ваяводстве, дзяржаўная ўласнасць. З 1685 г. ўладанне Ю.Сапегі.

У час Паўночнай вайны 1700-21 гг. Горкі знаходзіліся ў зоне ваенных дзеянняў. 09.07-16.8.1708 г. тут размяшчаліся рускія войскі пад камандаваннем Пятра I. Узвышша, дзе дыслацыравалася рускае войска, зараз завецца Пятровай горкай. У 1711 г. Пётр I разам са сваёй жонкай, будучай царыцай Кацярынай I, зноў наведаў Горкі. У тым жа годзе князь А.Меншыкаў купіў Горацкі маёнтак і валодаў ім да ссылкі ў Сібір у 1727 г., калі маёнтак быў канфіскаваны і адышоў да казны. З сярэдзіны 18 ст. ў складзе Мсціслаўскага ваяводства, у 2-й палове 18 ст. ўладанне графа Салагуба.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) мястэчка ў складзе Аршанскай правінцыі, з 1777 г. ў Аршанскім, потым у Копыскім паветах Магілёўскай губерні. Далучэнне да Расіі садзейнічала развіццю эканомікі, гандлю і рамёстваў. У 1785 г. 1491 жыхар, цэнтр маёнтка ў Аршанскім павеце Магілёўскага намесніцтва, уласнасць памешчыка. Меліся 2 млыны, гаспадарскі драўляны дварэц, 2 царквы. У 1790 г. заснавана парусінавая, у 1795 г. — суконная мануфактуры. 14.7.1812 г. ў час напалеонаўскага нашэсця праз Горкі адступаў корпус данскіх казакоў на чале з Платавым. Французы разрабавалі і знішчылі мануфактуры, спалілі аранжарэі. Страты Горы-Горацкага маёнтка склалі звыш 3 млн. рублёў, 2070 чалавек былі забіты і загінулі ад пабояў. У наваколлі горада дзейнічаў партызанскі атрад Дз.Давыдава. Вызвалены ў пачатку лістапада 1812 г. рускімі войскамі пад камандаваннем генерала Ажароўскага.

У жніўні 1829 г. маёнтак за даўгі быў канфіскаваны і перайшоў да казны. 24.04.1836 г. царскім указам у казённым маёнтку (больш за 55 тысяч дзесяцін зямельных і лясных угоддзяў) была адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа. 30.05.1837 г. адбылася ўрачыстая закладка яе будынка (цяпер корпус №4). У будаўніцтве ўдзельнічала ўсё насельніцтва акругі, арцелі майстроў з розных губерняў. 15.08.1840 г. школа пачала дзейнічаць. Складалася яна з вышэйшага і ніжэйшага разрадаў. Тэрмін навучання — 3 гады, выпускнікі атрымлівалі вышэйшую агранамічную адукацыю. Ніжэйшы разрад (выкладаліся асновы агранаміі) камплектаваўся з дзяцей прыгонных і сялян.

У 1840 г. ў Горках 445 дамоў 2528 жыхароў. Дзейнічалі 2 гарбарні, адна з 1833 г., другая з 1836 г. Пры Горы-Горацкай земляробчай школе ў 1843 г. пачала дзейнічаць ферма па вырошчванні высокапародных коней, у 1844 г. — вучэбная ферма, якая рыхтавала сялян да вядзення гаспадаркі. 30.06.1848 г. вышэйшы разрад земляробчай школы рэарганізаваны ў земляробчы інстытут з 4-гадовым тэрмінам навучання, а ніжэйшы — у земляробчае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання, якое давала сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 1859 г. адкрыты землямерна-таксатарскія курсы. Інстытут выдаваў «Запіскі Горы-Горацкага земляробчага інстытута» (1852-59), дзе друкаваліся справаздачы і навуковыя працы выкладчыкаў. Усё гэта садзейнічала росту папулярнасці Горы-Горацкіх вучэбных устаноў, у якіх у 1862 г. займаліся 542 навучэнцы амаль з усіх губерняў Расіі. Многія з іх пакінулі яркі след у гісторыі айчыннай сельскагаспадарчай навукі. Сярод іх А.В. Светаў, І.А. Сцебут, А.М. Бажанаў А.П. Людагоўскі, І.М. Чарнапятаў, Я.С. Фалькоў, І.У. Палімпсестаў, Ю.Ю. Жабенка, А.М. Казлоўскі, С.С. Касовіч, М.С. Міцуль і інш. Дзейнасць земляробчых навучальных устаноў стымулявала развіццё Горак. Пачалі працаваць бальніца, аптэка, паштовая кантора, гарадское вучылішча. У 1859 г. адкрыты чыгуналіцейны завод (27 рабочых, выпрацоўвалася 700 — 1000 пудоў металу ў год). Механічная майстэрня выпускала сельскагаспадарчыя машыны. У снежні 1861 г.Горкі сталі горадам, цэнтрам павета Магілёўскай губерні. Тут у гэты час было 566 дамоў, 4464 жыхары. Дзейнічалі 6 цэркваў, касцёл, 4 малітоўныя школы, 3 разы на год праводзіўся кірмаш.

У канцы 1862 г. ў горадзе сфарміравалася падпольная студэнцкая арганізацыя на чале з камітэтам, у склад якога ўваходзілі С.Віскоўскі, В.Дамарацкі, В.Антановіч, П.Козел, К.Дэконскі, Д.Кілдыш, С.Маргулец, Р.Чарвінскі, З.Міткевіч, Ф.Чудоўскі, С.Дымкевіч. Апошні да студзеня 1863 г. кіраваў камітэтам. Яго змяніў С.Віскоўскі, які ўстанавіў сувязь з Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні, ездзіў у Пецярбург і Маскву, адкуль прывёз для паўстанцаў 24 рэвальверы. У сакавіку 1863 г. Віленскі правінцыйны камітэт вырашыў пачаць паўстанне, кіраўніком якога на Магілёўшчыне быў Л.Звяждоўскі (Тапор), баявы саратнік К.Каліноўскага. Пасля папярэдняй падрыхтоўкі ў ноч на 24.04.1863 г. атрад Л.Звяждоўскага напаў на Горкі, захапіў зброю, грошы. Да паўстанцаў далучыліся студэнты. Кіраўніку Горацкага падпольнага камітэта была ўручана пастанова ад 13.03.1863 г. аб тым, што «падпольны ўрад прызначае грамадзяніна С.Віскоўскага начальнікам г.Горкі». Паўстанцы падзяліліся на 5 груп і адначасова напалі на кватэру начальніка ўнутранай аховы, казарму цэйхгауз, пошту і казначэйства. У баі загінулі В.Дамарацкі, К.Пржэбольскі, 3 чал. былі паранены. Затым атрад (200 чалавек, 50 павозак) выйшаў у напрамку да Крычава, да яго далучыўся атрад Е.В. Жукоўскага. Аднак паўстанцам не ўдалося прыцягнуць на свой бок сялянства. 30.04.1863 г. Звяждоўскі, пасля таго як яго атрад акружылі больш як 400 царскіх салдат, прыняў рашэнне прабівацца на захад невялікімі групамі. Удалося гэта толькі нязначнай частцы, 145 паўстанцаў былі схоплены і адпраўлены ў Магілёўскую турму. У сакавіку 1864 г. царскі суд асудзіў 26 чалавек на катаргу, 33 адправіў у ссылку. За ўдзел у паўстанні студэнтаў і выкладчыкаў земляробчы інстытут у 1864 г. быў пераведзены ў Пецярбург, а ў 1877 г. аб'яднаны з Пецярбургскім лясным універсітэтам.

У жніўні 1867 г. было зацверджана палажэнне аб гербе г.Горкі. У ім гаварылася: «Намаляваць у сім гербу, як гласную эмблему г.Горкі тры гары, сярэдняя вышэй за іншыя, а для таго, каб паказаць на занятак жыхароў горада земляробствам — вырастаючыя з гор каласы, у вольнай частцы шчыта размясціць герб Магілёўскай губерні. Шчыт упрыгожыць вежай з трыма зубцамі». У 1880 г. ў Горках налічвалася 838 дамоў, 4686 жыхароў, меліся 2 гарбарныя, дражджавы, 5 крухмальных заводаў, 4 крупарушкі, 4 маслабойні (адкрыты ў 1861, 1872, 1873 і 1876). Дзейнічалі навучальныя ўстановы: земляробчая школа, землямерна-таксатарскія курсы, рамеснае вучылішча (з 1872) і народная школа. Размяшчалася станцыя на трактах Орша — Клімавічы — Касцюковічы і Шклоў — Горкі — Ляды, якая ў 1880 г. мела 12 коней. 23.07.1881 г. адкрыта тэлеграфная станцыя.

Меліся 93 гандлёвыя кропкі. Дзейнічала бальніца на 10 ложкаў. Калі ў 1880 г. насельніцтва складала 4686 чалавек, то ў 1897 г. — 6737 чалавек (з іх паводле перапісу 41,3% былі непісьменнымі), у 1904 г. — 7137 чалавек, у 1911 г. — 7519 чалавек. Прамысловасць у канцы 19 — пачатку 20 ст. была прадстаўлена дробнымі прадпрыемствамі, колькасць якіх складала ў 1888 г. — 7, у 1900 г. — 29, у 1904 г. — 34 (158 рабочых). У 1904 г. меўся 821 дом, з іх толькі 22 мураваныя. У 3 земляробчых навучальных установах атрымлівалі спецыяльную адукацыю 437 навучэнцаў. У канцы 19 ст. ў цэнтральнай частцы горада пабудавана мураваная царква.

У 1875 г. ў Горках узнікла некалькі народніцкіх гурткоў аб'яднаных затым у цэнтральны гурток. Члены гэтых гурткоў былі звязаны са студэнтамі Пецярбургскага універсітэта. Для правядзення агітацыйнай работы і наладжвання сувязі з народніцкімі гурткамі ў Горкі прыязджаў член выканаўчага камітэта «Народнай волі» Р.П. Ісаеў. У Горках нарадзіліся браты Я.І. і У.І. Бычковы — актыўныя ўдзельнікі народніцкага руху 1870-80-х гг.

У студзені 1902 г. ў Горках арганізавана група сацыял-дэмакратаў іскраўцаў, ініцыятарам стварэння і членамі якой былі навучэнцы землямерна-таксатарскіх класаў. 18.04.1903 г. пад кіраўніцтвам групы іскраўцаў адбылася сходка, на якой прысутнічалі 90 чалавек з ліку навучэнцаў і сялянскай моладзі. 01.05.1903 г. адбылася забастоўка навучэнцаў рамеснага вучылішча. У канцы 1903 — пачатку 1904 г. створана арганізацыя РСДРП. Узначальвалі яе Р.Гернгрос, Т.Гоманаў, В.Станкевіч і інш. У студзені 1904 г. яна ўвайшла ў Палескі камітэт РСДРП і на 1-м з'ездзе арганізацый РСДРП Палескага раёна (май 1905) прызнана паўнамоцнай. 01.01.1904 г. горацкія сацыял-дэмакраты перадрукавалі брашуру У.І. Леніна «Да вясковай беднаты» і распаўсюдзілі яе сярод насельніцтва суседніх вёсак. 15.01.1905 г. па ініцыятыве групы РСДРП адбыўся сход рабочых і навучэнцаў земляробчага вучылішча, на якім было вырашана арганізаваць дэманстрацыю ў знак пратэсту супраць расстрэлу пецярбургскіх рабочых. 16.01.1905 г. сацыял-дэмакраты правялі палітычную дэманстрацыю, у якой удзельнічала каля 250 чалавек. У час яе загінулі члены арганізацыі П.Бруцэр і Ф.Ярафееў. Вуліца, дзе гэта адбылося, зараз носіць іх прозвішчы, у 1978 г. тут устаноўлены мемарыяльны знак. У сакавіку 1905 г. сацыял-дэмакратычная арганізацыя выдала пракламацыю «Да сялян. Тры ўказы...» і адозву «Таварышы сяляне». 04.07.1905 г. адбылася ўсеагульная забастоўка рабочых з удзелам сялян з навакольных вёсак. У ліпені 1905 г. адбылася стачка ў знак пратэсту супраць расстрэлу рабочых Адэсы і Лодзі. Працоўныя Горак пад кіраўніцтвам арганізацыі РСДРП актыўна ўдзельнічалі ў Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачцы 1905 г. У час Снежаньскай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905 г. быў створаны баявы атрад для дапамогі пралетарыяту Масквы, але своечасова дабрацца да Масквы ён не змог. 05.12.1905 г. вучні Горацкага земляробчага вучылішча арганізавалі мітынг з удзелам 200 навабранцаў і сялян, заклікалі не падпарадкоўвацца афіцэрам. У 1906 г. адбылася першамайская забастоўка рабочых і навучэнцаў, у ліпені таго ж года — галадоўка палітзняволеных у турме. У 1909 г. ў Горках было 825 дамоў, 7493 жыхары, 2 плошчы, 48 вуліц і завулкаў, 1 бульвар, меліся тэлефон (12 абанентаў), друкарня, бальніца, 5 аптэкарскіх магазінаў, бібліятэка, 3 гасцініцы, пачало дзейнічаць аддзяленне педагагічнага таварыства.

05(18).03.1917 г. створаны Горацкі Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Большасць у ім належала эсэрам і меньшавікам. Улада знаходзілася ў руках павятовага камісара Часовага ўрада. У канцы кастрычніка 1917 г. бальшавікі арганізавалі чырвонагвардзейскі атрад (80 чалавек) на чале з ваенным камісарам Горацкага павета С.Дз. Пагодзіным (яго імя носіць чыгуначная станцыя). У канцы снежня 1917 г. на 1-м павятовым з'ездзе Саветаў рабочых, чырвонаармейскіх і сялянскіх дэпутатаў перамаглі бальшавікі. 28.01.1918 г. ў Горках канчаткова ўстаноўлена савецкая ўлада. Горацкі Савет пачаў фарміраваць атрад Чырвонай Арміі, які быў забяспечаны зброяй, атрыманай з Петраграда. 06-07.03.1918 г. контррэвалюцыянеры ўзнялі мяцеж, разграмілі выканком павятовага Савета, забілі ваенкома Пагодзіна. Мяцеж быў хутка падаўлены. 19.07.1918 г. адбылася 1-я партыйная канферэнцыя РКП(б) Горацкага павета. Партыйная арганізацыя ў гэты час налічвала 217 камуністаў і спачуваючых. У жніўні 1918 г. сфарміраваны бальшавіцкі выканком Горацкага павета (старшыня І.Д. Караблёў). 18.01.1919 г. створаны Горацкі Саюз камуністычнай моладзі (сакратар А.І. Лівак).

У 1918 г. адкрыта школа 2-й ступені, якая размясцілася ў нацыяналізаваным будынку, у 1924 г. налічвала 402 вучні, мелася бібліятэка. З сярэдзіны студзеня 1919 г. дзейнічаў павятовы камісарыят па ваенных справах. З 02.02.1919 г. г.Горкі ў РСФСР, з 26.04.1919 г. ў складзе Гомельскай губерні. 07.04.1919 г. рашэннем калегіі Наркамасветы РСФСР на базе сярэдніх земляробчых вучэбных устаноў адноўлены Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. У 1920 г. ў сувязі з наступленнем белапалякаў горад апынуўся ў прыфрантавой паласе. Пачаў дзейнічаць Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які падпарадкоўваўся Рэўваенсавету 16-й арміі.

13.09.1921 г. адбылася канферэнцыя рабочых, сялян і чырвонаармейцаў Горацкага павета, якая адобрыла лінію савецкай улады ў галіне эканамічнай палітыкі на 10-м з'ездзе РКП(б). Горацкая партыйная арганізацыя ў гэты час была адной з самых вялікіх павятовых арганізацый губерні — 52 партовыя ячэйкі аб'ядноўвалі 242 членаў партыі. Дзейнічала павятовая партыйная школа, дзе ў 1921 г. навучалася 20 чалавек. Да канца 1923 г. ў горадзе і павеце было адноўлена 186 прамысловых і рамесных прадпрыемстваў у якіх было занята 885 чалавек. За 3 км ад горада была пабудавана чыгуначная станцыя Беларускія Горкі (цяпер ст.Пагодзіна). У сакавіку 1924 г. Горацкі павет разам з г.Горкі быў вернуты БССР. 17.07.1924 г. Горкі сталі цэнтрам раёна Аршанскай акругі. Яшчэ 26.10.1923 г. двухгадовыя Горацкія каморніцка-таксатарскія курсы былі пераўтвораны ў каморніцка-землеўпарадкавальны інстытут з 4-гадовым тэрмінам навучання. У 1922-24 гг. выходзілі «Материалы ЗапОМО» (Западной опытно-мелиоративной организаии), у 1923-24 гг. часопіс выканаўчага бюро прафсекцыі Горацкага сельгасінстытута «Голос революционного студенчества», у 1924-26 гг. «Запіскі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута», у 1926-30 гг. «Запіскі Беларускай дзяржаўнай Акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі» і «Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства», у 1931-32 гг. «Працы Горацкай занальнай вопытнай станцыі малочнай гаспадаркі», у 1935-58 гг. «Працы Беларускага сельскагаспадарчага інстытута». У 1924 г. створана сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1924 г. арганізаваны камбінат, які аб'яднаў электрастанцыю, жывёлабойню і млын. Працавалі 2 лесапільні, гарбарны завод. Усяго ў 1925 г. ў Горках дзейнічалі 83 дробныя прадпрыемствы, у тым ліку прадзільная фабрыка з уласным лакамабілем, 2 млыны. У 1924 г. дзейнічалі цэнтральная школьная бібліятэка, партыйны клуб і хата-чытальня пры ім, школы палітграматы і для малапісьменных. Па ініцыятыве Горацкага аддзялення секцыі навуковых работнікаў пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў 1927 г. арганізаваны сялянскі універсітэт з мэтай павышэння ведаў сялян аб агратэхніцы і жывёлагадоўлі, а таксама для павышэння кваліфікацыі рабочых саўгасаў. Дзейнічалі рабфак, сельскагаспадарчая вучэбная ферма. У 1927 г. ў горадзе пачалася пракладка водаправода па вуліцах Пралетарскай, Леніна, Інтэрнацыянальнай. Насельніцтва ў гэты час складала 8,5 тысяч чалавек. У 1928 г. пачалі дзейнічаць кравецкая і абутковая майстэрні, невялікая электрастанцыя, маслазавод, у 1929 г. — хлебазавод, у 1930 г. кавальская і трыкатажная майстэрні, а таксама харчовая арцель, ільнозавод, у 1931 г. лесапільня і арцель інвалідаў, у 1932 г. сталярна-бандарныя майстэрні. У 1929 г. пабудавана электрастанцыя, якая зняла праблему забеспячэння электраэнергіяй прадпрыемстваў і камунальнай гаспадаркі, а ў 1931 г. завершаны работы па электрыфікацыі горада і сельскагаспадарчай акадэміі. У гады 1-й пяцігодкі пабудаваны 2 цагельная заводы і мукамольнае прадпрыемства. У 1929 г. ў Зарэцкай слабадзе быў арганізаваны калгас «Чырвоны ўсход». У наступныя гады арганізаваны яшчэ 2 калгасы — «Шлях сацыялізму» і імя Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама саўгас «Горкі». У лістападзе 1930 г. створана Горацкая МТС, у якой у лютым 1931 г. мелася 40 трактароў і іншая тэхніка. У 1932 г. пры МТС пачала дзейнічаць майстэрня па рамонце трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Яе паслугамі карысталіся таксама Мсціслаўская і Раснянская МТС. Палітаддзел МТС выдаваў газету «За бальшавіцкія калгасы» (з 08.07.1933), газету для жанчын «Ударніца калгасных палёў» (з 01.09.1934).

У 1939 г. ў горадзе налічвалася 22 475 жыхароў, меліся 2 сярэднія школы, 3 бібліятэкі, Дом культуры, кінатэатр, паліклініка, бальніца, Дом калгасніка, дзіцячая амбулаторыя. Дзейнічаў радыёвузел, з кожным годам павялічвалася колькасць радыёкропак. Хутка развівалася Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія (у 1919-1925 і 1933-1948 яна мела назву Беларускі сельскагаспадарчы інстытут). Тут былі 4 факультэты: агранамічны з 3 аддзяленнямі (жывёлагадоўчае, раслінаводчае і эканамічнае), землеўпарадкавальны, лясны і меліярацыйны. У 1927 г. вучэбны курс выкладалі 35 прафесараў. Былі пабудаваны 2 новыя вучэбныя корпусы, 5 жылых дамоў, 3 студэнцкія інтэрнаты, клуб-тэатр, пераабсталявана бібліятэка. З 1919 г. дзейнічала друкарня. 01.05.1927 г. пры акадэміі пачаў працаваць першы ў СССР нядзельны універсітэт з двухгадовым навучаннем. Яго слухачамі сталі батракі, беднякі і працаўнікі саўгасаў. У гаспадарках сельгасакадэміі ўкараняліся навейшыя дасягненні агратэхнікі, заатэхнікі. У 1928 г. пачалася распрацоўка мясцовых залежаў торфу для выкарыстання ў якасці паліва і ўгнаення для палёў. 04.10.1929 г. пачала выходзіць шматтыражка «За пралетарскія кадры». У 1930 г. выходзіў «Бюлетэнь Горацкай сельскагаспадарчай доследнай станцыі». У 1940 г. ў сувязі са 100-гадовым юбілеем Горацкі сельскагаспадарчы інстытут узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У гэты час раённую камсамольскую арганізацыю ўзначальваў малады камуніст — аграном Ф.А. Сурганаў, які ў 1940 г. вылучаны на пасаду 1-га сакратара Магілёўскага абкома КП(б)Б, а ў пасляваенны час працаваў старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

У Вялікую Айчынную вайну 12.07.1941 г. нямецка-фашысцкія захопнікі занялі горад і ўстанавілі жорсткі акупацыйны рэжым. У вучэбным корпусе №1 акадэміі размясціўся фашысцкі засценак, у аўдыторыі № 81 — «камера смерці» (тут былі закатаваны многія савецкія патрыёты). У першыя дні акупацыі гітлераўцы забілі 130 дзяцей з мясцовага дзіцячага дому. Праз 0,8 км на поўнач ад Горак ва ўрочышчы Белы Ручай пахавана каля 2 тысяч савецкіх грамадзян, расстраляных гітлераўцамі 17.10.1941 г. З кастр. 1941 г. да лістапада 1942 г. дзейнічала Горацкае антыфашысцкае падполле, у якое ўваходзілі 67 чалавек (11 груп). У чэрвені 1942 г. частка падпольшчыкаў пайшла ў лес і далучылася да патрыятычнай групы А.В. Шульгіна-Д.В. Вайстрова. У ліпені 1942 г. фашысты напалі на след падпольшчыкаў. Пасля катаванняў быў расстраляны А.П. Кузняцоў, П.І. Яцун, А.С. Магазіншчыкаў, І.С. Марчанка, больш за 40 іншых падпольшчыкаў і іх сваякоў. На тэрыторыі акадэміі, па вул.Ціміразева, пахавана каля 10 тысяч мірных грамадзян, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ад рук гітлераўцаў. У парку акадэміі акупанты стварылі лагер смерці, дзе было закатавана больш за 300 савецкіх ваеннапалонных. 26.06.1944 г. савецкія войскі занялі горад. На ўсходняй ускраіне, на могілках пахаваны 3 савецкія воіны, якія загінулі пры вызваленні Горак. На скрыжаванні вуліц Якубоўскага і Вакзальнай, каля аўтавакзала ў 1982 г. ўстаноўлены помнік у гонар воінаў 33-й і 49-й армій 2-га Беларускага фронту, 1-й і 4-й паветраных армій, якія вызвалілі горад і раён ад гітлераўскіх акупантаў.

Адразу пасля вызвалення была адноўлена тэлеграфная і тэлефонная сувязь, якая з кожным годам пашыралася, у 1950-я г. адкрыта аўтаматычная тэлефонная станцыя. Да канца 1945 г. ў Горках уступілі ў строй хлебазавод, прамкамбінат, маслазавод, арцелі «Прагрэс» і «Харчавік», раённая друкарня і электрастанцыя. 25.12.1945 г. пачаў дзейнічаць радыёвузел, што дазволіла разгарнуць радыёфікацыю не толькі райцэнтра, але і бліжэйшых вёсак. 01.12.1945 г. аднавіліся заняткі ў Беларускім сельскагаспадарчым інстытуце (з 1948 Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). У горадзе меўся дзіцячы дом.

Вучэбная гаспадарка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (БСГА), цэнтр якой размяшчаецца ў горадзе, спецыялізуецца на мясамалочнай жывёлагадоўлі, насенняводстве збожжавых культур, мае 9797 га сяльгасугоддзяў, у тым ліку 6971 га ворыўнай зямлі, 118 трактароў, 24 збожжаўборачныя камбайны, 120 грузавых аўтамашын і іншую тэхніку, 5 вытворчых участкаў, 18 жывёлагадоўчых ферм.

У горадзе дзейнічаюць 4 сярэднія школы, 8 дашкольных устаноў, дзіцяча-юнацкая спартыўная і конна-спартыўная школы, Дом піянераў і школьнікаў, станцыя юных натуралістаў, 3 бібліятэкі, Дом культуры, раённыя паліклініка і бальніца, аграметэастанцыя, грамадская лазня, ветэрынарная лячэбніца, лясгас. Атрымалі вядомасць ансамбль песні і танца «Радасць» БСГА, які ў 1974 г. ўдастоены звання народнага, Горацкі народны духавы аркестр і народны музей рэвалюцыі, баявых і працоўных традыцый. Выдаецца газета «Ленінскі шлях» (р. 22.10.1930), дзейнічае раённае радыёвяшчанне. На 12 факультэтах БСГА навучаецца звыш 11 тысяч студэнтаў і слухачоў 42 нацыянальнасцей нашай краіны, а таксама 51 краіны свету. На 62 кафедрах працуе 660 выкладчыкаў, 17 дактароў і 297 кандыдатаў навук. У 1971 г. вучэбна-вопытная гаспадарка ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». У БСГА ёсць бібліятэка, бальніца. Выдаецца шматтыражная газета «Советский студент».

Архітэктурна-планіровачная структура горада падпарадкавана рэльефу мясцовасці. Рака Проня і яе прытокі Паросіца і Копылка расчляняюць горад на 3 раёны: Слабада (зона індывідуальнай забудовы), Зарэчны (цэнтр горада, зона змешанай забудовы) і раён БСГА (вучэбныя карпусы, жылы пасёлак, грамадска-спартыўны комплекс, батанічны сад, парк). Да жылой забудовы, каля чыгуначнай станцыі Пагодзіна, далучаецца прамысловая зона. Тут знаходзяцца завод жалезабетонных вырабаў, маслазавод, хлебазавод, ільнозавод, вытворчы ўчастак Шклоўскага мэблевага аб'яднання, раённае аграпрамысловае аб'яднанне, элеватар, аўтабаза №17, друкарня, ПМК-251.

Планіровачная структура цэнтральнай часткі прамавугольная. Галоўнай магістраллю з'яўляецца вул.Якубоўскага, якая арыентавана з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і звязвае аўтавакзал з тэрыторыяй БСГА. У паўночнай частцы яна выходзіць да шашы Орша — Мсціслаў. Паралельна да галоўнай, на ўсход праходзіць вул.Мсціслаўская. Асноўнымі вуліцамі папярочнага напрамку з'яўляюцца вуліцы Леніна (пачынаецца ад плошчы імя Якубоўскага і арыентавана на ўсход) і Вакзальная (пачынаецца ад аўтавакзала і звязвае цэнтральную вуліцу з Прывакзальнай плошчай на чыгуначную станцыю Пагодзіна). Цэнтральную плошчу на вул.Якубоўскага вылучаюць вуліцы Калініна, Гастэла, Молакава, Заслонава, якія ідуць на захад ад галоўнай магістралі. Тэрыторыю БСГА звязвае з вуліцай Якубоўскага вуліца Ціміразеўская і яе працяг — вуліца Ярафеева.

Асноўныя гарадскія магістралі — вуліцы Якубоўскага, Леніна, Вакзальная, Ціміразева — забудаваны мураванымі шматсекцыйнымі 2-5-павярховымі жылымі дамамі з магазінамі на 1-м паверсе. На вуліцах Вакзальнай і Ціміразева склаліся новыя мікрараёны, забудаваныя сучаснымі 5-9-павярховымі жылымі дамамі і будынкамі культурна-бытавога характару. На астатняй тэрыторыі — індывідуальная жылая забудова, якая складаецца з аднапавярховых мураваных і драўляных дамоў сядзібнага тыпу. У 1960-70-я г. пабудаваны новы мост праз ручай Копылка, у выніку чаго вул.Якубоўскага злучылася з вул.Вакзальнай.

Грамадскі цэнтр мае лінейны характар, уключае цэнтральную частку вул.Якубоўскага з плошчамі Вакзальнай, Цэнтральнай, імя Якубоўскага. Вакзальная плошча склалася перад будынкам аўтавакзала і звязана вул.Вакзальнай з Прывакзальнай плошчай. Насупраць будынка аўтавакзала ў 1982 г. ўстаноўлены помнік у гонар воінаў, якія ў чэрвені 1944 г. вызвалілі г.Горкі. На плошчы каля чыгуначнага вакзала ўстаноўлены помнік С.Дз. Пагодзіну.

Галоўнай з'яўляецца Цэнтральная плошча. Яе ансамбль фарміруюць мураваныя грамадскія і жылыя будынкі, сярод якіх Дом Саветаў, 5-павярховыя жылыя дамы з магазінамі і кафэ на 1-м паверсе, Дом абрадаў і экскурсійнае бюро. У цэнтры, перад Домам Саветаў у 1982 г. ўстаноўлены помнік У.І. Леніну. Плошчу Якубоўскага вылучаюць вуліцы Леніна і Савецкая. Тут, у цэнтры, у невялікім скверы ўстаноўлены ў 1972 г. бюст двойчы Героя Савецкага Саюза І.І. Якубоўскага. Ансамбль гэтай плошчы фарміруюць будынкі Дома культуры, гаркома партыі (на рагу вуліц Якубоўскага і Леніна), аддзяленне сувязі, рэстаран.

Ha адрэзку вул.Якубоўскага, паміж плошчамі Цэнтральнай і імя Якубоўскага, размяшчаюцца асноўныя гандлёвыя і бытавыя будынкі, узведзеныя ў 1950-я г. Далейшае развіццё горада паводле генеральнага плана, распрацаванага ў БелНДІП горадабудаўніцтва ў 1972 і 1984 гг., прадугледжваецца ў паўднёва-ўсходнім і ўсходнім напрамках. На р.Паросіца намячаецца стварэнне вадасховішча.

Горкі
Сельскагаспадарчая Акадэмія

Захаваўся шэраг помнікаў архітэктуры, галоўныя з якіх з'яўляюцца карпусы БСГА. Помнікамі прыроды з'яўляюцца дэндралагічны парк, дзе растуць 500 відаў дрэў і кустарнікаў, 2 сажалкі на ручаі Копылка («Ніжняе возера» і «Верхняе возера»), пладовы сад вучэбнай гаспадаркі акадэміі. На тэрыторыі БСГА устаноўлены помнікі вучоным-аграномам, якія скончылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут — аднаму з заснавальнікаў навуковага раслінаводства ў Беларусі, першаму доктару сельскай гаспадаркі ў Расіі А.В. Саветаву, І.А. Сцебуту, вучонаму-аграному, аднаму з заснавальнікаў навуковага гароднінаводства, садаводства Беларусі М.В. Рытаву, савецкім вучоным у галіне жывёлагадоўлі М.Ф. Іванову і Герою Сацыялістычнай Працы, акадэміку АН БССР, УАСГНІЛ Дз.М. Пранішнікаву. У 1972 г. ў парку ўзведзены помнік на ўшанаванне памяці 210 выкладчыкаў, студэнтаў і служачых БСГА, якія загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе ў Вялікую Айчынную вайну.

Горкі
Свята-Мікалаеўская царква

Горкі — радзіма Л.С. Абэцэдарскага (12.07.1916 — 06.07.1975), беларускага савецкага гісторыка, члена-карэспандэнта Акадэміі педагагічных навук; В.М. Лубякі (26.04.1891 — 16.6.1950), акадэміка АН БССР; арганізатараў гурткоў нарадавольцаў У.І. Бычкова (1861 — 30.08.1883) і Я.І. Бычкова, а таксама аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Пінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну П.Г. Шапавалава (1904 — 30.09.1941), члена-карэспандэнта АН БССР І.С. Цітовіча (30.06.1917 — 12.06.1985), беларускай мастачкі М.З. Савіцкай (н. 16.04.1928), генерал-маёра М.М. Кідалінскага (07.05.1907 — 1952).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.