Субота, 20.04.2024, 04:38

ВЕТКА

Галоўная »
ВЕТКАгорад, цэнтр Веткаўскага раёна і саўгаса «Веткаўскі», за 22 км на паўночны ўсход ад абласнога цэнтра і чыгуначнай станцыі Гомель-Пасажырскі (на лініі Жлобін – Церахоўка), за 323 км ад Мінска. Рэльеф раўнінна-ўзгоркавы, на ўсходняй ускраіне р.Сож (прыток р.Дняпро), на поўначы мяжуе з лесам. Аўтадарогамі звязана з Гомелем, Чачэрскам, Добрушам. Прыстань на р.Сож. 8,1 тысяч жыхароў (2008 г.). У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання праведзена дэзактывацыя і частка жыхароў пераселена ў чыстыя месцы.

Ветка
Герб горада

Выяўлены археолагамі селішча 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя нашай эры (на могілках), паселішча позняга сярэднявечча (3 км на поўнач ад горада, ва ўрочышчы Цялячае) і селішча (2 км на паўночны захад ад горада, на першай надпоймавай тэрасе р.Сож, ва ўрочышчы Селішча), якія сведчаць аб засяленні тутэйшых месц у глыбокай старажытнасці. Сучасная Ветка бярэ пачатак з 17 ст., калі ў 1685 г. тут, на землях шляхціца Халецкага, была заснавана слабада. Ветка названа па аднайменным востраве, утвораным р.Сож і невялікімі адасобленымі ад яе затокамі, падобнымі на галінку (на рускай мове «ветка»). Засялілі слабаду стараверы, якія пры цару Аляксею Міхайлавічу ўцякалі з Расіі ад праследавання ўладамі. У 1695 г. збудавана і пачала дзейнічаць Пакроўская царква, якая ў хуткім часе стала шырока вядомай сярод раскольнікаў (пазней – Пакроўскі манастыр). Ветка ператварылася ў своеасаблівы цэнтр старавераў. Па палітычных матывах улады Рэчы Паспалітай ахвотна падтрымлівалі беглых старавераў і дазвалялі ім сяліцца на свабодных землях. Пасяленцы своечасова плацілі арэндную плату, стваралі свае абшчыны і жылі сваімі інтарэсамі. Але ў 1735 г. са згоды польскага ўрада 5 конных палкоў пад кіраўніцтвам палкоўніка Сыціна акружылі веткаўскія слабоды, разбурылі малітоўныя дамы і скіты. Прыгодныя да ваеннай службы стараверы былі залічаны ў салдаты, а астатнія пераселены ў аддаленыя раёны Расіі. Аднак гэта акцыя, вядомая пад назвай «першая выганка», не прывяла да радыкальных змен. Раскольнікі хутка вярталіся назад, прыбывалі і новыя перасяленцы. Каля царквы яны заснавалі мужчынскі і жаночы манастыры. У 1764 г. па загаду Кацярыны II генерал-маёр Маслаў вывез у Сібір з Веткі і суседніх слабод да 20 тысяч старавераў («другая выганка»). Пасля гэтага яна страціла сваё значэнне як цэнтр арганізацыі расколу, аднак захавала ў стараверстве гістарычны і культурны аўтарытэт. У 1772 г. тут 15 тыдняў хаваўся ад праследаванняў Емяльян Пугачоў. У Ветцы яму далі імя цар Пётр III.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Ветка ў складзе Расійскай імперыі, з 1784 г. мястэчка Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага павета Магілёўскай губерні, у 1796–1802 гг. Беларускай, з 1919 г. Гомельскай губерні. У 1834–40 гг. пабудавана Праабражэнская царква. Асноўная частка зямель належала адстаўному генерал-маёру В.П. Шлейферу, пазней – памешчыку Станевічу.

У 1826 г. ў Ветцы 2057 жыхароў. У аднайменным маёнтку ў 1865 г. было 2354 дзесяцін зямлі, вадзяны млын, піцейны дом і лаўка. Вяскоўцы займаліся пераважна земляробствам, а таксама кавальскім рамяством, вырабам якараў і канатаў. Развівалася талесная вытворчасць (у 1829 г. выраблена 1680 аршын талесаў). Да 1840 г. працавала суконная фабрыка купца А.Лазарава. Актыўна дзейнічалі прыстань і пераправа цераз Сож. У 1860 г. з прыстані адышло 36 суднаў з рознымі таварамі і 69 лясных плытоў. Было разгружана 47 суднаў. З поўдня прыбывалі збожжа, соль і іншыя тавары, а ў Херсонскі порт накіроўваліся розныя пароды драўніны, канаты, якары. На верфі, якая дзейнічала з 1840 г., будаваліся драўляныя рачныя судны (бярлінцы). Штогод праводзіліся 2 кірмашы (Сырны і Спасаўскі), на якіх у 1861 г. было прапанавана для продажу тавараў на 34 880 рублёў. У Ветцы праводзілася прадажа Крымскай солі, якая дастаўлялася па Дняпры і Сажы і давала вялікія прыбыткі. З 1853 г. працавалі 2 майстэрні па апрацоўцы скуры. Узоры апрацаванай тут скуры экспанаваліся ў Магілёўскім губернскім музеі. У 1864–74 гг. працавалі 3 крупарушкі, у 1870–80 гг. – 6 невялікіх канатна-вяровачных прадпрыемстваў. 11.05.1865 г. пажар знішчыў 98 двароў. У 1885 г. 5982 жыхары, 11 мураваных і 994 драўляныя будынкі, 4 мураваныя і 120 драўляных крам. У 2-й палове 19 ст. дзейнічалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, народныя вучылішчы для хлопчыкаў (з 1869 г.) і для дзяўчынак (з 1874 г.), у якіх у 1889 г. навучаліся 113 дзяцей. Цэнтр Веткаўскай воласці (да 8.12.1926 г.), у склад якой у 1890 г. ўваходзілі 21 селенне з агульнай колькасцю 1615 двароў.

Паводле перапісу 1897 г. Ветка – мястэчка, 1169 жылых будынкаў, 7134 жыхары, царква, капліца, стараверскі і яўрэйскі малітоўныя дамы, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, прыёмны пакой, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 прыстані, хлебазапасны магазін, 8 млыноў, 12 кузняў, 2 цагельныя і 6 канатных заводаў, 3 кажэўныя майстэрні, 5 крупарушак, 245 лавак, у тым ліку кніжная, бібліятэка, 5 піцейных дамоў. Побач быў аднайменны фальварак з цагельным заводам. З 1904 г. дзейнічала сацыял-дэмакратычная група Веткі, якая ўваходзіла ў Палескі камітэт РСДРП. З 1908 г. дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. У 1909 г. 10 340 жыхароў, 15 мураваных і 1752 драўляных (з іх 980 жылых) пабудоў, 2327 дзесяцін зямлі, школа, вінная лаўка, млын, хлебазапасны магазін, медыцынскі прыёмны пакой, праваслаўная і стараверская цэрквы, яўрэскі малітоўны дом. У 1910 г. пабудавана бальніца на 15 ложкаў. У красавіку 1917 г. створаны валасны Савет салдацкіх дэпутатаў. У канцы ліпеня 1917 г. адбылася забастоўка рабочых на канатна-вяровачным заводзе, якая закончылася перамогай бастуючых.

З пачатку 1918 г. да 02.12.1918 г. акупіравана германскімі войскамі. У пачатку мая 1918 г. нямецкае камандаванне перадало Ветку разам з Гомельскім паветам Украіне. Сюды ўступілі гайдамакі гетмана Скарападскага. Летам 1918 г. местачкоўцы для барацьбы супраць акупантаў стварылі партызанскі атрад (кіраўнік Дадзілаў). З выгнаннем немцаў былі выгнаны і гайдамакі.

Ветка
Асабняк купца Грошыкава

З 1919 г. ў Гомельскай губерні РСФСР, з 1926 г. ў складзе БССР, цэнтр раёна. 09.10.1919 г. створана арцель «Праца», а 05.01.1920 г. на агульным сходзе жыхароў было прынята рашэнне аб стварэнні сельска-гаспадарчай арцелі «Араты». Валасны выканаўчы камітэт у пачатку 1924 г. сваёй пастановай перайменаваў амаль усе найбольш значныя па памерах вуліцы – Праабражэнскую ў вул.Леніна, Манастырскую – у Першамайскую, Беседскую ў Кастрычніцкую, Канатскую ў імя Свярдлова, Саломенскую ў Чырвонаармейскую, Вінніцкую ў вул.Камунараў, Зарэчную ў Камсамольскую і г.д. У 1924 г. пабудавана электрастанцыя, у 1930 г. створаны калгас. 20.05.1931 г. пачала выходзіць раённая газета. Працавалі вінзавод, торфараспрацоўчая і трыкатажная арцелі, цагельня, абутковая, кравецкая, шавецкая, вяровачная, дрэваапрацоўчая майстэрні, машынна-трактарная станцыя (з 1934 г.), крухмала-патачны завод, маслазавод, нафтавы млын. У 1931 г. заснавана ткацкая арцель, у 1938 г. – панчошна-трыкатажная фабрыка. Пастановай ЦВК і СНК БССР ад 15.07.1935 г. аднесена да ліку гарадоў, а Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27.09.1938 г. – да гарадоў раённага падпарадкавання. У 1939 г. 6 тысяч жыхароў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны быў створаны атрад народнага апалчэння (140 чалавек, кіраўнік Зарэцкі). 18.08.1941 г. пасля жорсткіх баёў, якія вяла тут 55-я стралковая дывізія, Ветка была занята нямецка-фашысцкімі войскамі. Акупанты загубілі больш за 200 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на паўднёва-ўсходняй ускраіне). Вызвалена 28.09.1943 г. часцямі 89-й і 159-й танкавых брыгад, 44-й мотастралковай брыгады 1-га танкавага корпуса, 17-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса Бранскага фронту. У баях за Ветку загінулі 873 воіны (пахаваны ў брацкай магіле на вул.Савецкай). У ліку пахаваных Герой Савецкага Саюза, старэйшы лейтэнант, камандзір танкавай роты А.М. Хутаранскі. 568 жыхароў Веткі загінулі на фронце.

У Ветцы размешчана бавоўна-прадзільная і ткацкая фабрыкі, камбінат бытавога абслугоўвання, малочны завод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, ПМК-93, ДРСУ-185, раённыя вузлы паштовай і электрычнай сувязі, райсельгасхімія, райсельэнерга, райаграпрамтэхніка, дом-інтэрнат «Шубіна», лясгас, торфабрыкетны завод «Веткаўскі», 2 сярэднія і музычная школы, 4 дашкольныя ўстановы, 2 бібліятэкі, гарадскі Дом культуры, клуб, паліклініка, бальніца, санэпідэмстанцыя, аптэка, дзяржаўны музей народнай творчасці (з 1978 г.), аснову экспазіцыі якога складае прыватная калекцыя Ф.Р. Шклярава. Выходзіць раённая газета «Голас Веткаўшчыны».

Ветка
Спаса-Праабражэнскі сабор

Планіровачна складаецца з 4 паралельных паміж сабой вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, уздоўж р.Сож і яе поймы, злучаных завулкамі. Другую частку забудовы складаюць 5 вуліц шыротнай арыентацыі, злучаных завулкамі. Усходняя ад цэнтральнай плошчы частка забудавана кароткімі мерыдыянальнымі вуліцамі. Грамадскі цэнтр – плошча, дзе размешчаны адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі. Па гененеральнаму плану, распрацаванаму ў 1974 г. Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва, новы жылы раён фарміруецца на поўнач ад грамадскага цэнтра. Прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў паўночна-ўсходнім, паўднёвым і паўднёва-ўсходнім раёнах. Здаўна ў Ветцы і навакольных вёсках шырока выкарыстоўваецца для знадворнага дэкарыравання жылля разьба па дрэве, якая дапаўняецца паліхромнай размалёўкай. Радзіма партызана і дзяржаўнага дзеяча, журналіста і дыпламата У.І. Бровікава, вядомага рускага паэта Дз.М. Кавалёва (яго імя носіць адна з вуліц горада), Героя Сацыялістычнай Працы Т.В. Васільковай, генерал-маёра Д.І. Скарабагатава (яго імя носіць адна з вуліц горада), поўнага Георгіеўскага кавалера К.А. Вышнікава, беларускага скульптара А.Т. Курачкіна, жывапісцаў В.Р. Ландарскага, С.М. Цуканава, М.Ф. Шклярава, дзяржаўнага дзеяча БССР Н.Л. Сняжковай, заслужанага будаўніка Беларусі А.Е. Фаміна, заслужаных настаўнікаў Беларусі С.П. Гаробчанкі, Н.К. Гаўрыкавай і Е.Р. Іўковіч, беларускага кампазітара С.В. Райнера, доктара тэхнічных навук В.І. Пракошчыка, доктара фізіка-матэматычных навук П.М. Барадзіна.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.