Чацвер, 28.03.2024, 12:01

БЯЛЫНІЧЫ

Галоўная »
БЯЛЫНІЧЫ — гарадскі пасёлак, цэнтр Бялыніцкага раёна, за 44 км ад абласнога цэнтра і чыгуначнай станцыі Магілёў, 144 км ад Мінска, на левым беразе р.Друць (прыток Дняпра), на шашы Мінск — Магілёў. 9,9 тысяч жыхароў (2005).

Бялынічы
Герб гарадскога пасёлку

Па рукапісных крыніцах вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства ВКЛ, у валоданні князёў Збаражскіх, адзін з якіх, Сцяпан Андрэевіч, у 1555-64 гг. быў віцебскім, a з 1566 г. трокскім ваяводам. У 1577 г. ў складзе маёнтка Цяцерын. У канцы 16 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. З пачатку 17 ст. Бялынічы і воласць у валоданні Сапег. У 1620 г. 16 гандлёвых і 331 вулічны пляц. У 1622 г. ваявода віленскі і канцлер ВКЛ Леў Сапега заснаваў тут кляштар кармелітаў, пры якім быў узведзены драўляны касцёл. Яго сын Казімір у 1624 г. ўпрыгожыў касцёльны абраз каштоўнымі каменнямі, алтар — серабром; Л.Сапега зрабіў фундуш на адкрыццё прыходскага вучылішча. У 1630 г. ў Бялынічах 513 дымоў. 4.10.1634 г. Казімір Леў Сапега атрымаў для Бялыніч каралеўскі прывілей на магдэбургскае права і правядзенне кірмашоў. Фальварак Бялынічы перайшоў у 1630 г. ад М.В. Кісяля-Дагаргапіцкага да І.Бялыніцкага-Бірулі. У сярэдзіне 17 ст. пры кармеліцкім кляштары існавала друкарня.

Падчас вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654-67 гг. Бялынічы шмат пацярпелі. У жніўні 1654 г. войска ВКЛ, на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам, злучылася каля Галоўчына з войскам гетмана польскага В.А. Галеўскага і пераправілася цераз р.Друць каля Бялыніч. Ім супрацьстаяла рускае войска пад камандаваннем князя А.М. Трубяцкога. Бітва 24.08.1654 г. каля мястэчка Шапялевічы (на поўначы ад Бялыніч) закончылася паражэннем Радзівіла, a 06.10.1654 г. літоўскае войска ў складзе 6 харугваў (эскадронаў) напала каля Бялыніч на казацкі атрад сотніка Восіпа Букаша з палка Канстанціна Паклонскага, створанага з дазволу цара Аляксея Міхайлавіча, і разбіла яго. Пасля гэтага адступілі і ўкраінскія казакі з палка Залатарэнкі. Палкоўнік К.Паклонскі даносіў цару, што Бялыніцкі павет разрабаваны. У 1658 г. Бялынічы зноў апынуліся ў зоне ваенных дзеянняў у сувязі з канфліктам паміж казацкім войскам на Беларусі пад камандаваннем І.Нячая і рускім войскам. Паводле ўмоў Андрусаўскага перамір'я 1667 г. Бялынічы засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. У 1-й палове 18 ст. яны перайшлі да Агінскіх. У 1734 г. ў складзе Магілёўскай эканоміі, 180 двароў. У 1760 г. кармеліты замест драўлянага касцёла, пабудаванага ў 1742 г., узвялі мураваны храм у форме крыжа, падобны да нясвіжскага фарнага касцёла. Сцены кляштара былі ўпрыгожаны фрэскамі. Тут збіралася шмат паломнікаў. У 2-й палове 18 ст. дзейнічаў невялікі кляштар марыявітак. Гандлёвы шлях, які праходзіў праз Бялынічы, звязваў цэнтральныя раёны Беларусі з Расіяй. Сюды прыходзілі абозы нават з Масквы. У 18 ст. працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Бялынічы ў Расійскай імперыі, цэнтр воласці Магілёўскага павета. У 1785 г. 831 жыхар, млын, 2 драўляныя царквы. У атласе Магілёўскай губерні, складзеным у 1777 г., адзначаецца, што мястэчка Бялынічы «мае вельмі добра ўпарадкаваны і выдатна ўпрыгожаны жывапісам касцёл кармеліцкага ордэна, уніяцкую царкву, жыдоўскую школу і драўляны дом графа Агінскага. У гэтым мястэчку адбываюцца штогод 4 кірмашы... на ўсіх гэтых кірмашах збіраюцца дробныя купцы з конямі, рагатай жывёлай і іншымі таварамі, а сяляне з хатнім рукадзеллем».

Падчас вайны 1812 г. мястэчка ў зоне ваенных дзеянняў, як у ходзе наступлення французскай арміі, так і ў час рускага контрнаступлення. Паводле інвентару 1825 г. ў мястэчку 287 дымоў, 783 жыхары, у фальварку Бялынічы 71 дым, 522 жыхары. У 1823 г. 556 жыхароў, у 1838 г. 325 двароў. У 1845 г. 992 двары, у фальварку — 89. У 1846 г. 940 жыхароў, прыстань на р.Друць. У сярэдзіне 19 ст. было шмат заезных дамоў, а падчас кірмашоў амаль ва ўсіх дамах мястэчка размяшчаліся прыезджыя. З 1855 г. дзейнічала піваварня. Фальварак ва ўладанні Агінскага, затым Кажухоўскіх. У 1844 г. згарэла Мікалаеўская царква, а ў 1859 г. — амаль усе дамы разам з касцёлам. У 1845 г. царква адбудавана. У 1861 г. 1945 жыхароў. Памешчык Мясаедаў меў у 1869 г. ў Бялынічах і вёсках Аксенькавічы, Аслікі, Бярозаўка, Закапулле, Ключкі, Міхалёва, Паночак, Рудня 22 092 дзесяцін зямлі, 3 вадзяныя млыны, 2 сукнавальні, піцейны дом, дзягцярны, піваварны, вінакурны і цагельны заводы. У 1864 г. адкрыта школа (двухкласнае народнае вучылішча), у якой у 1889 г. навучаліся 50 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак, у 1907 г. — 144 хлопчыкі і 22 дзяўчынкі. З 1870 г. працавала крупадзёрка. У пачатку 1876 г. каталіцкі кляштар ператвораны ў праваслаўны мужчынскі манастыр, куды ў 1877 г. пераведзены Тупішчанскі мужчынскі манастыр разам з браціяй, царкоўным начыннем, маёмасцю і званамі. У 1880 г. 895 жыхароў, 279 драўляных дамоў, 3 праваслаўныя царквы, з іх 2 мураваныя, 3 малітоўныя школы, бальніца, аптэка, вінакурня і цагельня, млын і крупадзёрка. У 100 гаспадарках займаліся вырабам ільняной і пяньковай пражы і тканіны, частка жыхароў — кавальскім і кравецкім промыслам. У 1895 г. на вінакурным заводзе пачала дзейнічаць паравая машына. Паводле перапісу 1897 г. 2300 жыхароў. У 1909 г. адкрыта бібліятэка. У 1909 г. 417 дамоў (1 мураваны), 894 дзесяцін зямлі. Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў ліпені 1917 г. створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Бялынічы
Касцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармелітаў босых.
Гравюра па малюнку Напалеона Орды


З канца лютага да лістапада 1918 г. Бялынічы акупіраваны германскімі войскамі. У 1919 г. дзейнічаў валасны рэўком. З 01.01.1919 г. ў складзе БССР, з канца лютага 1919 г. ў РСФСР, у сакавіку 1924 г. зноў у БССР. 26.05.1924 г. створаны сельскагаспадарчае крэдытнае і кааператыўнае таварыствы; адкрыты народны дом, аптэка, бальніца, хата-чытальня, 4-гадовая школа ператворана ў 7-гадовую. З 17.07.1924 г. цэнтр раёна Магілёўскай акругі, з 15.01.1938 г. — вобласці. 14.10.1924 г. адбылася раённая выстаўка, на якой дэманстравалі свае дасягненні 114 сялянскія, 1 кааператыўная гаспадарка, 6 сельскагаспадарчых аб'яднанняў. У 1925 г. пачалі дзейнічаць школа сялянскай моладзі і сельскагаспадарчая арцель. У выніку пажару 12.06.1926 г. згарэлі жылыя дамы агульнай плошчай 350 квадратных сажняў і нежылыя — 300 квадратных сажняў. У 1926 г. 2425 жыхароў. У канцы 1920-х гг. працавалі спажывецкае таварыства, метэаралагічная станцыя, электратурбіна, ад якой мястэчка атрымлівала святло, млын, лесапільня, сукнавальня, смалакурня. У 1929 г. арганізаваны калгас «Чырвоны барэц», які меў 1384 дзесяцін зямлі, аб'ядноўваў 118 гаспадарак, пабудавана невялікая гідраэлектрастанцыя. Дзейнічалі швейная, шавецкая і кавальская арцелі, смалакурня, хлебазавод, друкарня, сукнавальня. 08.01.1932 г. пачала выходзіць раённая газета «Чырвоны кавалерыст» (у 1938-41 пад назвай «Калектыўная праца», у 1944-62 «Зара камунізму», зараз «Зара над Друццю»). Палітаддзел Бялыніцкай МТС у 1933-34 гг. выпускаў шматтыражную газету «Камунар». З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак. У пачатку 1941 г. пабудаваны радыёвузел, дзейнічалі раённая бібліятэка, Дом культуры, яслі, дзіцячая кансультацыя, аптэка, амбулаторыя, бальніца, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі і 2 сярэднія школы.

У Вялікую Айчынную вайну, ў пачатку ліпеня 1941 г., Бялынічы апынуліся на напрамку галоўнага ўдару 2-й танкавай групы нямецка-фашысцкіх войск. Тут трымалі абарону падраздзяленні 172-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. 4-5 ліпеня батарэя капітана Б.Л. Хігрына вяла цяжкі бой супраць гітлераўскіх танкаў (яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза). 06.07.1941 г. Бялынічы захоплены нямецкімі войскамі, якія за час акупацыі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 1968 чалавек. З ліпеня 1941 г. дзейнічаў першы партызанскі атрад, разгортвалася патрыятычнае падполле (кіраўнікі І.С. Карзун, Л.У. Бабіч), члены якога распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, перадалі партызанам 4 кулямёты, каля 50 вінтовак, шмат патронаў, медыкаментаў, паведамлялі звесткі аб варожых гарнізонах, зрывалі вываз моладзі на прымусовую працу ў Германію, праводзілі дыверсіі. У ноч на 11.10.1943 г. партызаны Быхаўскага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Клічаўскага, Круглянскага, Магілёўскага, Шклоўскага раёнаў пад кіраўніцтвам штаба ваенна-аператыўнай групы (ВАГ), пры Магілёўскім падпольным абкоме КП(б)Б, зрабілі адначасовы налёт на 11 нямецкіх гарнізонаў. У разгроме нямецка-паліцэйскага гарнізона ў Бялынічах удзельнічалі 2 батальёны 208-га партызанскага палка, 2 атрады (760-ы і 600-ы) Бялыніцкай ВАГ, а таксама атрад (120 чалавек) маёра Шастакова. Ім дапамагала Бялыніцкае падполле. У ходзе бою, які працягваўся тры з паловай гадзіны, варожы гарнізон быў разгромлены. Партызаны страцілі 13 чалавек забітымі і 30 параненымі. Вызвалены Бялынічы 29.06.1944 г. падраздзяленнямі 32-й і 42-й стралковых дывізій з удзелам партызан. У брацкіх магілах на могілках і ў парку на вул.Савецкай пахавана 976 савецкіх воінаў, якія загінулі 28-30.06.1944 г. ў баях за вызваленне Бялыніч і бліжэйшых населеных пунктаў. На вул.Калініна ў 1971 г. ў гонар воінаў-вызваліцеляў пастаўлена стэла. За 1,5 км па паўднёвы захад ад Бялыніч пахавана больш за 1500 жыхароў гарадскога пасёлка і навакольных вёсак, якіх 12.12.1941 г. расстралялі нямецка-фашысцкія захопнікі. Паводле перапісу 1959 г. тут 4244 жыхары. Да пасёлка далучаны ў 1972 г. вёска Новы Шлях, у 1977 г. вёскі Бярозаўка, Задруцкая Слабада, пас.Тарфяны.

Генеральны план забудовы распрацаваны ў 1967 г. Магілёўскім філіялам Белдзяржпраекта. У Мінскім філіяле Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва ў 1974 г. распрацаваны праект планіроўкі і забудовы цэнтральнай часткі гарадскога пасёлка. Аснову архітэктурна-планіровачнай структуры складаюць 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы: Савецкая, якая з поўдня на поўнач праходзіць праз цэнтральную частку пасёлка, і Ленінская, арыентаваная шыротна. Аўтадарога звязвае Бялынічы з Круглым. Кампазіцыйным цэнтрам з'яўляюцца плошчы на вул.Савецкай (аснова грамадскага цэнтра) і на скрыжаванні вуліц Савецкай і Ленінскай (былы гістарычны цэнтр, з'яўляецца культурна-асветніцкай, гандлёвай часткай пасёлка). Дзейнічаюць масласырзавод, хлебазавод, крухмальны завод, раённае аб'яднанне «Сельгастэхніка», саўгас «Бялынічы», рамонтна-механічныя майстэрні, лясніцтва, 2 сярэднія, музычная і дзіцячая спартыўная школы, 3 дашкольныя ўстановы, 2 аддзяленні ашчаднага банка, аддзяленне сувязі, сельскае ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом школьнікаў, кінатэатр, бальніца, аптэка. Алея Герояў Савецкага Саюза з бюстамі А.М. Касаеву, Л.Дз. Лорчанку, Б.Л. Хігрыну, С.Р. Церашкевічу на поўнач ад цэнтра гарадскога пасёлка. 29.05.1970 г. адкрыты мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Выходзіць раённая газета «Зара». Працуе рэдакцыя раённага радыёвяшчання. Самадзейны тэатр юнага гледача ў 1968 г. ўдастоены звання народнага. Радзіма Героя Савецкага Саюза І.В. Свідзінскага, савецкага аграхіміка, акадэміка Акадэміі навук БССР, прафесара М.К. Малюшыцкага, пісьменніка і літаратуразнаўцы І.З. Шарахоўскага, пісьменніка В.І. Найдзіна (былая вёска Бярозаўка), беларускай мастачкі Л.В. Журавовіч, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР І.І. Шклярэўскага.

Бялынічы
Царква іконы Багамацеры Бялынічскай

У склад Бялыніцкага пасялковага Савета да 1968 г. ўваходзіў пасёлак Перамога (не існуе).

За 1 км на ўсход ад гарадскога пасёлка знаходзяцца балота Няропля і тарфяное радовішча Цітаўка.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.