Пятніца, 29.03.2024, 04:04

БУДА-КАШАЛЁВА

Галоўная »
БУДА-КАШАЛЁВАгорад раённага падпарадкавання, цэнтр Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, чыгуначная станцыя (на лініі ЖлобінГомель), за 48 км на паўночны захад ад Гомеля, 256 км ад Мінска. На поўдзень, усход і захад акаймаваны лесам. Аўтадарогамі звязаны з Гомелем, Уваравічамі, Чачэрскам. 9,4 тысяч жыхароў (2008 г.).

Буда-Кашалёва
Герб горада

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1824 г. як в.Буда, у складзе казённага маёнтка, у Кашалёўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Дзейнічала карчма. У другой палове 19 ст. назва набыла сучаснае гучанне, але да нашага часу большасць жыхароў раёна карыстаюцца старой назвай – Буда. З пачаткам будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі вёска хутка расла, па заканчэнні чыгункі ў лістападзе 1873 г. пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя III класа, на якой штогод адгружалася каля 90 тысяч пудоў лясных грузаў. Мелася паштова-тэлеграфнае аддзяленне. З 1888 г. працавала невялікае прадпрыемства па вырабу драўляных дэталей для ткацкіх станкоў.

Па перапісу 1897 г. ў Буда-Кашалёва меліся 63 двары, 487 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, вятрак, лаўка, аддзяленне паштовай сувязі, лесапільны завод, карчма. У 1914 г. пабудавана новае памяшканне народнага вучылішча. На чыгуначнай станцыі ўзводзіліся складскія і іншыя гаспадарчыя збудаванні, насельніцтва пасёлка станцыі ў 1909 г. склала 74 чалавек. З 1911 г. пры школе працавала бібліятэка. У сакакіку–лістападзе 1918 г. Буда-Кашалёва акупіравана германскімі войскамі. Актыўную барацьбу супраць акупантаў вёў створаны мясцовымі актывістамі баявы атрад. Вызвалена 30.11.1918 г.

З 09.05.1923 г. да 17.07.1924 г. цэнтр Буда-Кашалёўскай воласці Гомельскай губерні. З 03.03.1924 г. ў складзе БССР. З 27.07.1924 г. цэнтр Буда-Кашалёўскага раёна Бабруйскай, з 27.10.1927 Гомельскай (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 г. – Гомельскай вобласці. У 1925 г. было 194 двары. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоная Беларусь». З 1932 г. працавала МТС. У 1934 г. дзейнічалі шавецкая і кравецкая арцелі, маслазавод, МТС з рамонтнай майстэрняй, 4 ветракі і кузня.

З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак, 3400 жыхароў. У тым жа годзе ўзведзены двухпавярховы мураваны будынак сярэдняй школы. У 1939 г. 3,4 тысяч жыхароў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў створаны атрад народнага апалчэння (310 чалавек, камандзір Давалёў). У савецкі тыл была эвакуіравана тэхніка МТС. З жніўня 1941 г. да 27.11.1943 г. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У снежні 1941 г. карнікі загубілі 485 чалавек (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 1,5 км на поўнач ад горада). Вызвалена 4-й стралковай дывізіяй (палкоўнік Дз.Дз. Вараб'ёў) і 231-м танкавым палком (падпалкоўнік Ф.М. Кавалёў) 48-й арміі пры ўдзеле партызан. У баях за вызваленне Буда-Кашалёва загінуў 31 савецкі воін (пахаваны ў брацкіх магілах на паўночна-ўсходняй ускраіне і ў скверы па вул. Леніна). За час вайны загінулі 345 жыхароў. У 1959 г. 4600, у 1969 г. 7200 жыхароў.

З 31.12.1971 г. горад раённага падпарадкавання.

Дзейнічаюць ільнозавод, масласыразавод, хлебазавод, пладова-агароднінны завод, камбінаты будаўнічых матэрыялаў і бытавога абслугоўвання, птушкафабрыка, раённыя аб'яднанні «Сельгастэхнікі» і «Міжкалгасбуда», «Сельгасхіміі», аграрна-тэхнічны каледж (былы лясны тэхнікум), лясгас, аддзяленне электрасувязі і паштовай сувязі, аграхімлабараторыя, дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых, аптэка, санэпідэмстанцыя, 2 сярэднія, музычная і дзіцячая спартыўная школы, Дом культуры, раённая і дзіцячая бібліятэкі, раённая бальніца, дзіцячы сад, 3 дзіцячыя сады-яслі. Вядзецца мясцовае радыёвяшчанне, выдаецца раёная газета «Авангард» (з 01.10.1931 г.). У 1994 г. ўзведзены новы будынак Свята-Мікалаеўскай царквы.

Буда-Кашалёва
Краявіды

Архітэктурная планіроўка горада складаецца з сеткі злучаных паміж сабой прамалінейных вуліц. На поўдзень, поўнач і паўднёвы ўсход вуліцы маюць арыентацыю, блізкую да мерыдыянальнай. Чыгунка падзяляе горад на паўночна-заходнюю і паўднёва-ўсходнюю часткі. Грамадскі цэнтр складаюць цэнтральная плошча і вул.Леніна, дзе размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і 2–5-павярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Астатняя забудова пераважна драўляная. Радзіма віцэадмірала В.П. Дразда (загінуў 29.01.1943 г. ў час артабстрэлу на лядовай трасе пад Кранштатам, яго імем названы карабель на Паўночным флоце Расіі, адна з вуліц і пастаўлены помнік у Буда-Кашалёва), доктара гістарычных навук, прафесара Э.М. Савіцкага, доктара біялагічных навук Я.Г. Пятрова, Народнага артыста Беларусі Я.Ф. Пятрова, Заслужанага трэнера БССР кандыдата псіхалагічных навук Б.М. Зайцава, Заслужанага трэнера Р.Б. Басіна, майстроў спорту М.Р. Буслава і В.М. Жураўлёва, Заслужанага настаўніка БССР С.П. Зяцікава, паэта Г.Я. Адашкевіча. Адна з вуліц носіць імя Героя Савецкага Саюза Э.В. Лаўрыновіча, актыўнага ўдзельніка партызанскга руху на Гомельшчыне (у 1943–46 гг. старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкома, ганаровы грамадзянін горада).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.