Пятніца, 19.04.2024, 03:28

БРЭСТ

Галоўная »
БРЭСТ (летапісныя назвы Берасце, Бярэсце, Берестье) адміністрацыйны цэнтр Брэсцкай вобласці, у канцы 18-пачатку 20 ст. называўся Брэст-Літоўск, у 1921-39 гг. Брэст-над-Бугам, з верасня 1939 г. – сучасная назва. Горад, адміністрацыйны цэнтр Брэсцкай вобласці і раёна, на паўднёвым захадзе Беларусі, на р.Мухавец пры ўпадзенні яе ў р.Заходні Буг, вузел аўтадарог і чыгунак на граніцы з Польшчай, рачны порт, аэрапорт, за 349 км ад Мінска. Плошча 74,4 км². Падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны – Ленінскі і Маскоўскі. 319 тыс. жыхароў (2009).

Брэст
Герб Брэст-Літоўска 1845 года

Брэст
Сучасны герб

Брэст
Сучасны сцяг

Паводле народнага падання пра паходжанне назвы горада, якое запісаў у сярэдзіне 19 ст. П.М. Шпілеўскі ў сваім «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі», некалі, даўным-даўно багаты купец, прабіраючыся цераз вязкія балоты з вялікай колькасцю рознага тавару, зрубіў плаціну са ствалоў бярозы, заваліў балота бяростай (верхні белы слой бярозавай кары) і такім чынам праклаў сабе шлях. У памяць аб сваім выратаванні з гэтых балот купец пабудаваў копішча і прынёс там ахвяру язычніцкаму богу Вялесу. А самое месца, аб зрубленай з бяросты плаціны, ён назваў Берасцем, Берасценем. Пазней, прадаўшы з выгадай у Літве свае тавары, купец вярнуўся і атабарыўся на гэтым месцы са сваёй дружынай. Існуюць таксама меркаванні, што назва горада паходзіць ад наймення – бераст (дрэвавая ці куставая расліна сямейства вязавых) ці ад імя асабовага – Бераст.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што горад узнік на мяжы 10–11 ст. на тэрыторыі рассялення ўсходне-славянскага племяннога аб'яднання дрыгавічоў. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1019 г. у сувязі з барацьбой за Кіеўскі велікакняжацкі прастол паміж тураўскім князем Святаполкам Уладзіміравічам і яго братам Яраславам, князем наўгародскім. Пасля паражэння ў бітве на р.Альт з рэшткамі дружыны на шляху свайго цесця караля Баляслава Храбрага (Харобрага) у Польшчу паранены Святаполк спыніўся ў Берасці, які пазней занялі польскія войскі. У 1022, 1031, 1044 гг. паходы на Берасце рабіў князь Яраслаў (пазней празваны Мудрым). У сваім «Павучанні» Уладзімір Манамах пісаў, што каля 1073 г. ён быў пасланы вялікім князем кіеўскім ахоўваць Берасце, якое было спалена палякамі ў час набегу. У гэтым дакуменце Берасце ўпершыню названа горадам. У 11-12 ст. ён належаў тураўскім, кіеўскім, уладзіміра-валынскім князям; з'яўляўся прыгранічным гандлёвым цэнтрам Старажытнарускай дзяржавы, часта падвяргаўся ваеннным нападам. Да Берасця праяўлялі зацікаўленасць польскія князі. У 1164 г. горадам валодаў літоўскі князь Скірмунт.

Дзядзінец старажытнага Берасця (трохвугольнай у плане формы, умацаваны з боку поля ровам, зямляным валам і частаколам) размяшчаўся на мысе, утвораным правым берагам р.Заходні Буг і левым берагам левага рукава р.Мухавец. Вакольны горад месціўся супраць дзядзінца, на востраве, утвораным 2 суседнімі рукавамі Мухаўца. Старажытнае Берасце, размешчанае на сутоку рэк, кантралявала водныя шляхі па Мухаўцу з усходу, ад дняпроўскага вялікага воднага шляху «з варагаў у грэкі» да Буга і па Бугу – шлях з поўдня, з Валыні – да Балтыйскага мора. З самага пачатку існавання Берасце адыгрывала ролю палітычнага, эканамічнага, адміністрацыйнага і культурнага цэнтра Пабужжа. У 12 ст. на месцы дзядзінца пабудаваны драўляны замак (адноўлены ў 2-й пал. 13 ст.), у 1276-88 гг. на яго тэрыторыі валынскім князем Уладзімірам Васількавічам была ўзведзена мураваная вежа-данжон (праіснавала да 1831, знесена пры пабудове Брэсцкай крэпасці). У 13 ст. сінхронна з вежай у горадзе была змуравана царква св. Пятра. У 14-18 ст. цэнтрам абароны Берасця з'яўляўся замак з каменю і дрэва. Яго ўмацоўвалі роў і вал, на якім стаялі абарончыя сцены – гародні і 5 вежаў; замак уваходзіў у комплекс гарадскіх умацаванняў (існавалі ў 14-18 ст.). Паводле даследаванняў архітэктара І. Лаўроўскай, Берасцейская вежа-данжон 13 ст. месцілася асобна па-за межамі замка (верагодна, побач з дамініканскім касцёлам).

З пачатку 14 ст. горад знаходзіўся ў складзе ВКЛ. У 1349 г. Берасце захапіў і да 1366 г. ўтрымліваў польскі кароль Казімір III. У 1379 г. горад разрабавалі і спалілі тэўтонскія рыцары. У 1390 г. ён першым з беларускіх гарадоў атрымаў самакіраванне на аснове магдэбурскага права (пацвярджалася ў 1408, 1511, 1554, 1580, 1607, 1614, 1661); быў пабудаваны гасціны двор, праводзіліся кірмашы. У 14 ст. існавала кафедральная праваслаўная мураваная Мікалаеўская царква. У 1409 г. ў Берасцейскім замку адбылася нарада польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы) і вялікага князя ВКЛ Вітаўта, на якой быў распрацаваны план генеральнай бітвы з тэўтонскімі крыжакамі. 15.7.1410 г. ў бітве пад Грунвальдам разам з іншымі прыняла ўдзел і берасцейская харугва. У 1411 г. паводле фундацыі вялікага князя ВКЛ Вітаўта па-за межамі горада, паміж рэкамі Угрынка і Мухавец, былі пабудаваны драўляны Троіцкі касцёл (на месцы ранейшага закладзенага Ягайлам; паводле некаторых даведачных выданняў касцёл пабудавалі пасля 1380) і кляштар каталіцкага манаскага ордэна аўгусцінаў. З 1413 г. горад – цэнтр Берасцейскага староства ў складзе Трокскага ваяводства; у 1441 г. адзначаны ў ліку 15 буйнейшых гарадоў ВКЛ. Вядомы Берасцейскія старосты-намеснікі: Нац (Начка; 1440-46), Алехна Давойнавіч (1452), Ян Насуціч (1475), Я.І. Неміровіч (1483-87), Івашка Гайцэвіч (1492), Сенька Алізаравіч (1495-96), С.М. Петкавіч (1498-1503). У 1500 г. Берасце разрабавана войскамі крымскага хана Менглі-Гірэя. У 1446, 1454, 1460, 1471, 1478, 1505, 1511, 1515 і 1518 гг. адбываліся сеймы ВКЛ. З 1520 г. цэнтр павета Падляшскага ваяв., з 1566 г. – цэнтр створанага Берасцейскага ваяводства (падзялялася на Брэсцкі і Пінскі паветы; першы ваявода Ю. Тышкевіч). З 16 ст. Берасце карысталася гербам: у блакітным полі сярэбраны лук са стралой. З 1554 г., згодна з прывілеем караля Жыгімонта II Аўгуста, гораду дазвалялася карыстацца гербавай пячаткаю з выявай шатровай вежы пры зліцці дзвюх рэк. У 1566 г. Берасце складалася з 3 частак: замка, «места» (на востраве, які ўтвараўся Заходнім Бугам і рукавамі Мухаўца) і «Замухавечча» (на правым беразе Мухаўца). «Места» авальнай у плане канфігурацыі складалася з цэнтральнай часткі, умацаванай абарончай сцяной, і перыферыйнай, умацаванай валам. Асновай планіроўкі цэнтральнай часткі горада была паўавальная рынкавая плошча, якая злучалася мостам цераз Мухавец з замкам. На плошчы размяшчаліся ратуша з крамамі, друкарня, саляны склад, васкабойня, 23 двары гараджан. Планіровачны каркас горада стварала сістэма радыяльных вуліц, якія пачыналіся ад плошчы і перасякаліся паўкальцовымі вуліцамі. Ва ўмацаванай частцы «места» праходзілі 3 вуліцы, з якіх дзве (Кавальская і Пескаўская, злучаліся з Віленскім і Кракаўскім трактамі) з'яўляліся магістральнымі. На вуліцах месціліся 170 мяшчанскіх сядзіб, двор праваслаўнага епіскапа з мураванай Мікалаеўскай царквой, фарны касцёл з плябаніяй, багадзельня (шпіталь), іншыя будынкі. Перыферыйная частка «места» мела 20 невялікіх вуліц, на якіх знаходзіліся 401 мяшчанская сядзіба, 3 касцёлы (адзін з кляштарам, другі з багадзельняй, трэці – прыходскі варварынскі), Уваскрэсенская і Варварынская цэрквы. На тэрыторыі Замухавечча на 2 вуліцах размяшчаліся касцёл Дароты, Спаса-Праабражэнская царква, Сімяонаўскі манастыр і манастыр Нараджэння Багародзіцы з дзвюма цэрквамі, каля 240 сядзіб. Усяго ў 1566 г. ў Берасці налічвалася каля 1 тыс. сядзіб (паводле іншых даных – 26 вуліц, 1091 домаўладальнік, 1166 сядзіб). Горад меў каля 6-7 тыс. жыхароў, сярод якіх рамеснікі 56 рамесных спецыяльнасцей складалі прыкладна 24-25% (у 1450-80 гг. каля 40 відаў рамёстваў). У 1588 г. з'явіліся першыя брукаваныя вуліцы, у 1583 г. адкрыта аптэка. З пачатка 15 ст. існавала сінагога (да 1812 г. перабудавана на патрэбы Брэсцкай крэпасці). Гарадскія купцы развівалі гандаль з гарадамі ВКЛ, Польшчы, Рускай дзяржавы. Брэсцкая мытня ў 1-й палове 16 ст. займала 2-е месца ў даходах дзяржаўнай казны.

Брэст
Панарама Брэст-Літоўска. 1657 год.

Берасце таксама з'яўлялася значным рэлігійным цэнтрам. У 1550-я г. брэсцкі староста Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, дзе ў 1563 г. была выдадзена Брэсцкая біблія (іншая назва Радзівілаўская). У 1591 г. пры Мікалаеўскай царкве ўзнікла праваслаўнае братства і адчынілася школа, у якой у 1592-95 гг. выкладаў беларускі гуманіст-асветнік Л. Зізаній. 9.10.1596 г. на царкоўным саборы ў Берасці была падпісана так званая Брэсцкая унія – спецыяльны акт пра арганізацыйнае аб'яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, стварэнне уніяцкай царквы. У горадзе дзейнічалі і будавалі свае касцёлы і кляштары каталіцкія манаскія ордэны: аўгусцінцаў (драўляны з 1380, спалены ў 1666, з 1672 на гандлёвай плошчы, касцёл змураваны ў 1683-86), бернардзінцаў (з 1605, змураваны ў 1623, разбураны ў 1656 і 1660), бернардзінак (існаваў у 1624-1831, мураваны касцёл з 1750), брыгітак (з 1623, змураваны ў 1751), езуітаў (з 1616, касцёл змураваны ў 1656-1713 ), трынітарыяў (1730-60), дамініканцаў (заснаваны ў 1635, касцёл пабудаваны ў 1696). Пры кляштарах адчыняліся школы. У 1620 г. пабудаваны касцёл і кляштар базыльян. З 1620 г. дзейнічаў Брэсцкі езуіцкі калегіум (пабудаваны ў 1623, разбураны ў 1654-67, адноўлены ў 1679, з 1773 – школа), дзе вучыўся беларускі мысліцель, грамадска-палітычны дзеяч і педагог К. Лышчынскі (1634-89). У 1696-1760 гг. пры калегіуме дзейнічаў тэатр.

У 1605 і 1612 гг. горад з'яўляўся месцам збору ваенных канфедэрацый; у 1653 г. тут адбыўся сейм Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне 17 ст. ў Брэсце налічвалася 14 цэхаў, якія аб'ядноўвалі 48 рамесных прафесій. У 1659 г. заснаваны манетны двор, дзе ў 1664-66 гг. чаканілі дробныя медныя манеты (барацінкі).

Брэст
Сярэдневяковы план Брэста

Жыхары Брэста актыўна ўдзельнічалі ў антыфеадальнай вайне 1648-51 гг. у Беларусі. У 1648 г. лагерам каля горада размясцілася апалчэнне супраць казакоў, якое сабрала шляхта Берасцейскага (Брэсцкага) павета, 5(15) верасня таго ж года былі пакараны смерцю 17 гараджан, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы паўстання. Сярод пакараных быў грамадскі і царкоўны дзеяч, ігумен Сімяонаўскага манастыра А. Філіповіч. Калі да Брэста падышлі атрады казакоў, пасланых Б. Хмяльніцкім на Беларусь, у горадзе пачалося паўстанне. Паўстанцы і казацка-сялянскія атрады разбілі вялікі атрад апалчэнцаў на чале з брэсцкім кашталянам К. Тышкевічам. У лістападзе-снежні 1648 г. каля горада адбываліся баі паміж паўстанцамі і войскам (наёмнікамі і шляхтай) пад камандаваннем Я. Радзівіла. У пачатку 1649 г. яго войска здолела захапіць Брэст; загінула каля 2 тыс. чал., горад быў моцна разбураны. Брэст значна пацярпеў таксама ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гт. У 1657 г. яго спалілі шведы, у 1660 г. занялі рускія войскі, у 1661г. – войскі Рэчы Паспалітай. У выніку ваенных дзеянняў колькасць «дымоў» скарацілася з 1500 да 869 (на 42%). У перыяд Паўночнай вайны 1700-21 гг. у горадзе быў створаны склад правіянту для забеспячэння рускай арміі; у 1706 г. горад наведаў Пётр I; пазней Брэст захапілі і разрабавалі шведскія войскі. Пасля вайны пастановай сойма гараджане былі вызвалены на 4 гады амаль ад усіх дзяржаўных павіннасцей. Толькі ў 2-й палове 18 ст. пачалося ажыўленне гандлю і эканомікі горада, які паступова стаў галоўным рачным портам на р. Заходні Буг (вывозілі збожжа, пяньку лес і іншае). Каля 1770 г. падскарбій ВКЛ А. Тызенгаўз заснаваў у Брэсце суконную мануфактуру (у 1780 працавалі 20 рабочых, закрыта ў 1780 г.). У канцы 18 ст. горад налічваў 3,5 тыс. жыхароў. У 1792 г. тут знаходзілася рэзідэнцыя кіраўнікоў Таргавіцкай канфедэрацыі.

З 1795 г. Брэст-Літоўск знаходзіўся ў складзе Расійскай імперыі як павятовы горад Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерняў. У 1797 г. 623 дамы, з іх 21 мураваны, суконная фабрыка, вінакурня. У 1811 г. 3596 жыхароў. У вайну 1812 г. Брэст зноў апынуўся ў паласе ваенных дзеянняў і быў захоплены напалеонаўскай арміяй. Вызвалены рускай арміяй 25.12.1812 г. Вялікія страты гораду і яго жыхарам нанеслі пажары 1802, 1822, 1828, 1835 гг. У час пажару 1828 г. згарэлі 220 пабудоў, у тым ліку уніяцкая царква, кляштар брыгітак, 150 крам.

Новы этап у развіцці Брэста пачаўся ў 1836-42 гг., калі на месцы старога горада і замка была пабудавана Брэсцкая крэпасць, як частка сістэмы ўмацаванняў на захадзе Расійскай імперыі (аўтары праекта інжынер-генералы Н.М. Малецкі, К.І. Оперман, палкоўнік А.І.Фельдман; нагляд за будаўніцтвам ажыццяўлялі генерал І.І. Дэн, пазней генерал-фельдмаршал І.Ф. Паскевіч; крэпасць рэканструявана ў 1864 і 1911-14). Пры будаўніцтве крэпасці былі пакінуты некаторыя пабудовы старога горада. У перабудаваных будынках кляштараў езуітаў, базыльян, бернардзінцаў размяшчаліся канцылярыя каменданта, афіцэрскае казіно, кадэцкі корпус (у 1841-60). Крэпасць знаходзілася на 4 астравах, утвораных рукавамі рэк Мухавец, Заходні Буг і сістэмай каналаў, і складалася з Цэнтральнага ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў. Жылая забудова горада перамясцілася за 2 км ад крэпасці, на 3 фарштаты: Кобрынскі, Валынскі, Забугскі.

У 1845 г. Брэст налічваў каля 18 тыс. жыхароў, быў зацверджаны яго новы герб: на мысе пры зліцці дзвюх рэк круг з сярэбраных шчытоў, над ім узвышаецца штандар крэпасці, у верхняй частцы гербавы знак Гродзенскай губерні – зубр. У 1846 г. на Гандлёвай плошчы былі пабудаваны гандлёвыя рады, у 1856 г. кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (разбураны ў Вялікую Айчынную вайну, у 1950-я г. адноўлены і прыстасаваны пад Брэсцкі абласны краязнаўчы музей), у 1865 г. Сімяонаўская царква (захавалася і дзейнічае). У 1860 г. ў горадзе 6 плошчаў, 225 вуліц і завулкаў, у 1861 г. – 20,9 тыс. жыхароў, 178 лавак, 27 заезных дамоў, карчма. У 1860-я г. працавалі 5 тытунёвых фабрык, 6 прадпрыемстваў па вырабе свечак, розныя майстэрні. Развіццё Брэста адбывалася пераважна на ўсход ад крэпасці, на месцы Кобрынскага фарштата. Рэгулярная планіровачная сетка вуліц утварала дробныя прамавугольныя або трапецападобныя кварталы. Пасля завяршэння будаўніцтва чыгунак, якія звязалі Брэст з Варшавай (1869), Масквой (1871), Кіевам (1873), Гомелем (1886), горад ператварыўся ў буйны чыгуначны вузел (уключаў 5 станцый, 4 вакзалы, 5 лакаматыўных і 2 вагонныя дэпо, інш. прадпрыемствы). У 1883-86 гг. узведзены будынак Цэнтральнага чыгуначнага вакзала (архітэктары Я. Гарбуноў В. Лорберг, Л. Нікалаі; з 1888 г. у будынку і на перонах мелася электрычнае асвятленне). З 1865 г. дзейнічала 4-класная прагімназія, у канцы 1870-х г. – гарадское 4-класнае і царкоўна-прыходскае вучылішчы, прыватны пансіён для шляхетных дзяўчат, з 1874 г. – прыватная бібліятэка, з 1885 г. – музычна-драматычнае таварыства, у 1903-04 гг. – 2 гімназіі. У 1895 г. існавалі 12 бальнічных устаноў (на 713 ложкаў), 5 аптэк. У 1897 г. ў Брэсце 46 568 жыхароў (з іх 45,5% пісьменных); у 1904 г. працавалі 75 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (858 рабочых), 784 рамесныя майстэрні (2834 чал.). Працоўныя горада і яго жыхары актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905-07 гг. Дзейнічалі Брэсцкія арганізацыі РСДРП (аформілася ў канцы 1905) і Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС у Літве, існавала ў 1902-06), Брэсцкая ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя РСДРП (існавала ў 1905-06), якія кіравалі падрыхтоўкай і правядзеннем забастовак, маніфестацый і інш. выступленняў працоўных горада і салдат крэпасці. У 1913 г. ў Брэсце 57,3 тыс. жыхароў. У 1-ю сусветную вайну з 26.8(8.9).1915 г. горад і крэпасць акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. За перыяд акупацыі (да канца 1918) у Брэст-Літоўску было спалена і разбурана 2500 будынкаў з 3670, узарвана частка ўмацаванняў крэпасці. З 3.1918 г. пасля перагавораў у будынку Белага палаца крэпасці быў падпісаны мірны дагавор Савецкай Расіі з Германіяй і яе саюзнікамі. 20.2.1919 г. Брэст-Літоўск захоплены польскімі войскамі, 1.8.1920 г. вызвалены Чырвонай Арміяй. 19.8.1920 г. зноў заняты польскай арміяй. У сакавіку 1919-жніўні 1920 г. пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)ЛіБ у горадзе і наваколлі дзейнічалі Брэсцкія падпольны камітэт КП(б)ЛіБ (старшыня Я.Б. Быкін) і камуністычнае падполле. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Брэст увайшоў у склад Польшчы, стаў цэнтрам Палескага ваяводства У 1921 г. горад, цэнтр Брэсцкага павета, налічваў 1941 будынак, 29 460 жыхароў. У 1929 г. – 37 684 жыхары, у 1937 г. – 51,2 тыс. жыхароў. Працавалі чыгуначныя, швейныя, зброевая і механічныя майстэрні, тытунёвая фабрыка, гарэлачны завод акцыянернага таварыства «Познань», піваварны завод «Карона», лесапільны завод, млын; у 1929 г. – 2 бібліятэкі (гарадская і настаўніцкая), 2 кінатэатры, 19 школ (з іх 7 пачатковых, 7 прыватных, сярэдняя тэхнічная, гандлёвая, гарадская кваліфікацыйная, 2 рамесныя), 7 гімназій (у тым ліку 1 дзяржаўная, 3 прыватныя польскія, 2 прыватныя яўрэйскія, 1 прыватная руская), 3 бальніцы (гарадская на 60 ложкаў, чыгуначная на 150 ложкаў, яўрэйская на 90 ложкаў), некалькі прыватных лячэбніц. У 1925 г. пабудавана электрастанцыя. У 1929 г. ў межы горада былі ўключаны Граеўская Слабодка (іншая назва Граеўка), Кіеўская Слабодка (іншая назва Кіеўка), в. Шпановічы. Дзейнічалі акруговыя і гарадская арганізацыі КПЗБ, КСМЗБ; рэвалюцыйна-дэмакратычныя арганізацыі: Беларуская сялянска-работніцкая грамада, клуб «Змаганне»; культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы. У 1922-25 гг. баставалі рабочыя друкарні, тытунёвай фабрыкі, лесапільнага завода, чыгуначнікі, швейнікі і інш. 21.2.1926 г. адбылася дэманстрацыя беспрацоўных, у 1928-30 гт. – выступленні рабочых лесапільных прадпрыемстваў, чыгуначнікаў. У студзені 1927 г. ў горадзе адбыўся суд, арганізаваны ўладамі Польшчы, над групай дзеячаў КПЗБ, сярод якіх былі В.З. Харужая і З.Ф. Паплаўскі.

З 22.9.1939 г. Брэст у складзе БССР, з 4.12.1939 г. – цэнтр Брэсцкай вобласці, з 15.1.1940 г. – аднайменнага раёна. У 1940 г. 68,8 тыс. жыхароў, 24 прамысловыя прадпрыемствы, 17 школ, 2 тэхнікумы, 3 вучылішчы, Рускі драматычны тэатр. У Вялікую Айчынную вайну з 22.6.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці савецкімі воінамі доўжылася да канца ліпеня 1941 г. За перыяд акупацыі гітлераўцы стварылі ў горадзе 4 канцлагеры з 8 аддзяленнямі і філіяламі, загубілі звыш 40 тыс. чал. (у вобласці больш за 83,9 тыс. чал.), зруйнавалі ўсе прадпрыемствы і культурна-асветніцкія ўстановы, амаль палову жыллёвага фонду. У Брэсце, раёне і вобласці супраць ворагаў дзейнічалі абласная і гарадская антыфашысцкія арганізацыі, патрыятычнае і маладзёжнае падполлі, падпольныя абкамы і гаркамы, КП(б)Б і ЛКСМБ, Брэсцкае партызанскае злучэнне, выдаваліся падпольныя газеты «За Родину», «Заря». 28.7.1944 г. горад вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі.

Брэст
Брэсцкі чыгуначны вакзал

Пасля вызвалення горад паступова адрадзіўся і вырас у буйны прамысловы і культурны цэнтр Рэспублікі Беларусь. Ужо ў 1945 г. ў адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў БССР пачаліся работы па гененеральнаму плану аднаўлення і рэканструкцыі Брэста. Распрацоўка яго вялася супрацоўнікамі інстытута «Белдзяржпраект» і была завершана ў 1948 г. (план удакладняўся і карэкціраваўся архітэктарам Г.А. Парсаданавым да 1953). Генеральны план вызначаў напрамак развіцця горада на 2 пасляваенныя дзесяцігоддзі і прадугледжваў удасканаленне планіровачнай структуры горада, разбіваў усю тэрыторыю Брэста на планіровачныя раёны, якія, у сваю чаргу, дзяліліся на прамысловыя і жылыя раёны, мікрараёны. Горад развіваўся ва ўсходнім (раёны Кіеўка і Усходні), паўночным (Адамкава-Рэчыца-Граеўка) і часткова паўднёвых напрамках. Прадугледжвалася аднаўленне, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне цэнтра горада і галіновых магістралей – вул. Леніна (звязвала Прывакзальную плошчу з набярэжнай р.Мухавец) і вул. Маскоўскай (пачыналася каля Брэсцкай крэпасці і пераходзіла ў шашу Брэст–Масква). Забудоўвалася плошча Леніна як адміністрацыйна-грамадскі цэнтр Брэста. У цэнтры ўзводзіліся 4-5-і павярховыя дамы (архітэктары А. Сувораў, З. Леўчанка); рэканструяваны чыгуначны вакзал (1956), пабудаваны універмаг (1955), гасцініца «Буг» (1958). Згодна з новым генеральным планам развіцця Брэста, які быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР у 1965 г. (распрацаваны ў інстытуце «Белдзяржпраект», архітэктары Ю. Глінка, Я. Ліневіч, А. Гарбачоў), далейшае развіццё горада адбывалася ва ўсходнім напрамку: ствараўся ўсходні прамысловы вузел, вялося будаўніцтва буйнейшага раёна Усход, які ўключае 7 мікрараёнаў і грамадскі цэнтр. Спрыяльным для прамысловага і жыллёвага будаўніцтва па генеральнаму плану з'яўляўся і паўднёвы напрамак. У 1976 г. план быў скарэкціраваны да 2000 г. ў Мінскім філіяле Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва (архітэктары Г.Булдаў, Р.Арцёмчык). У 1970-я г. пачалося асваенне зямель пад жылую забудову ў паўд. напрамку (левабярэжная частка р. Мухавец). Паўднёвы жылы раён разлічаны на 70-80 тыс. жыхароў і складаецца з 6 мікрараёнаў. У пачатку 1970-х г. ў Брэсце сфарміравалася 6 раёнаў, дзе вялося будаўніцтва жылля: паўднёвы, цэнтральны, усходні, Граеўскі, Адамкова-Рэчыца і раён Камянецкай шашы. Паводле праекта планіроўкі цэнтра Брэста 1968 г. (архітэктары В. Анікір, Г. Трушнікава) фарміруецца ансамбль грамадскіх будынкаў у раёне плошчы Леніна, рэканструюцца вуліцы Леніна і Савецкая, забудоўваецца Маскоўская вуліца. У 1985 г. ў Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва распрацаваны праект рэгенерацыі гістарычнай часткі Брэста, які прадугледжваў захаванне планіроўкі, што склалася гістарычна, як помніка горадабудаўніцтва. Гэты праект стаў першым вопытам у серыі праектаў рэгенерацыі гістарычных гарадоў Беларусі. У сувязі з будаўніцтвам прадпрыемстваў паўднёвага прамысловага вузла ў 1980-я г. асвойваецца новы раён горада – паўднёва-ўсходні (з 1983 г. забудоўваецца мікрараён паўднёвы ўсход-3; архітэктары Карват, М. Козік). У паўднёвым прамысловым вузле размешчана машына-будаўнічае аб'яднанне. У 1992 г. БелНДІП горадабудаўніцтва распрацаваў чарговы генеральны план развіцця Брэста (галоўны архітэктар А. Зайцава), які прапануе канцэпцыю комплекснага развіцця горада. Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца сацыяльная накіраванасць горадабудаўнічых рашэнняў. У ім больш поўна ўлічана інтэграцыя паміж горадам і сумежнымі з ім тэрыторыямі. Умовы планіровачнага развіцця дазваляюць пашырэнне горада ў паўночных і паўднёвых напрамках. Асноўнае жыллёвае будаўніцтва весці на тэрыторыях, якія прымыкаюць да вул. Паркавай і працягу бульвара Шаўчэнкі ў паўднёвай частцы горада, да вул.Лейтэнанта Рабцава ў паўночнай частцы, а таксама да вул.Піянерскай у раёне Бярозаўкі. Актыўнаму асваенню належыць тэрыторыя, абмежаваная вул.Маскоўскай і р.Мухавец.

Брэст
Забудова цэнтральнай часткі Брэста

У пасляваенны перыяд у межы горада ўвайшлі навакольныя вёскі: Адамкова, Бярозаўка 1-я, Бярозаўка-2-я (усе 1958), Бярозаўка (1968), Валынка (у 1921-39, наз. Траўгутава), Вулька-Падгародская, Гузні (абедзве 1968), Дуброўка (1979), Кавалёва (1958), Кацельня-Падгародская (1968), Кацінбор (1979), Крушына (1968), Лысая Гара (1958), Пугачова (1979), Рэчыца, Трышын (абедзве 1968); Паўднёвы пасёлак (1958). У 1945 г. ў Брэсце налічвалася 22,9 тыс. жыхароў, у 1959 г. – 73,6 тыс, 1970 г. – 121,5 тыс, 1979 г. – 177 тыс, 1989 г. – 259 тыс, у 1998 г. – 299,2 тыс. жыхароў.

Працуюць прадпрыемствы электра-тэхнічнай і электроннай (сярод іх электралямпавы завод), металаапрацоўчай, лёгкай («Брэсцкі панчошны камбінат», «Дываны Брэста» і інш.), харчовых, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. У1996 г. створана свабодная эканам. зона «Брэст». З кастрычніка 1939 г. працуе Брэсцкая мытня, з 1991 г. – мытня «Заходні Буг». Дзейнічаюць Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, Дзяржаўны тэхнічны універсітэт, 2 тэхнікумы; абласныя Тэатр драмы і музыкі і Тэатр лялек; Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці; музеі: археалагічны «Бярэсце» (з 1983), абласны краязнаўчы, абароны Брэсцкай крэпасці-героя, «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». У Брэсце праводзяцца міжнародныя штогадовыя фестывалі: тэатральны «Белая вежа», дзіцячы музычны «Пралескі». Сярод шматлікіх помнікаў гісторыі горада самы значны – мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (створаны ў 1969-71). Помнікі архітэктуры: будынкі банка (1926), гарадскіх асабнякоў пачатку 19 ст. (перакрыжаванні вуліцы Міцкевіча з вуліцамі Савецкай і Камсамольскай), пошты (сярэдзіна 19 ст.), чыгуначнага вакзала (1886); Мікалаеўская царква(1906), Сімяонаўскі кафедральны сабор (1865), кафедральны Крыжаўзвіжанскі касцёл (1856), жылыя дамы канца 19-сярэдзіны 20 ст. на вуліцах Савецкай, 17 Верасня, Савецкіх пагранічнікаў.

Брэст
Брэсцкі тэатр драмы і музыкі

Брэст – радзіма Героя Беларусі У.М. Карвата, Герояў Савецкага Саюза А.С. Благавешчанскага, П.І. Івашуціна, І.П. Мазурука, вучонага-славіста В.В. Макушава, матэматыка Я.П. Громера, педагога В.М. Сарокі, кампазітара і дырыжора В.М. Трамбіцкага, беларускага пісьменніка М.М. Пракаповіча, мастакоў Л.Б. Алімава, А.А. Алонцава, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1978 г., прэм'ер-міністра Ізраіля ў 1977-83 гг. М. Бегіна і інш.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.