Серада, 24.04.2024, 12:29

БРАГІН

Галоўная »
БРАГІН – гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага Савета і Брагінскага раёна, 119 км на паўднёвы захад ад Гомеля, 357 км ад Мінска, 28 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на ветцы Хойнікі – Васілевічы ад лініі КалінкавічыГомель), на р.Брагінка; на поўдні меліярацыйныя каналы. Аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам. 3,7 тыс. жыхароў (2008 г.). У сувязі з радыяцыйным забруджаннем у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з Брагіна ў чыстыя месцы пераселена 1651 сям'я (4892 чалавек).

Брагін
Герб горада

Выяўлены і даследаваны археолагамі дзядзінец Брагіна адносіцца да 11 – 13 ст., быў абкружаны па перыметры абарончым валам. Ён заснаваны ў зоне змяшання дрыгавічоў, палян і севяран. У час пракладкі газаправода ў 1997 г. на адной з вуліц Брагіна выяўлены гліняны гаршчок з манетамі 1536–49 гг., што сведчыць аб яго тагачасных гандлёвых сувязях. У пісьмовых крыніцах Брагін упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147 г. як горад Кіеўскага княства. Северскія князі Ольгавічы і Давыдавічы ў час барацьбы з кіеўскім князем Ізяславам Мсціславічам разрабавалі і спустошылі Брагін. Кіеўскі князь Рурык Расціславіч у 1187 г. аддаў Брагін сваёй нявестцы Верхуславе, дачцы Суздальскага вялікага князя Усевалада Юр'евіча. З 1360-х г. у складзе ВКЛ.

Праз Брагін у 1506 г. татары накіроўваліся да Клецка, Ліды, Ашмян, Ваўкавыска, Гродна, пакуль 05.08.1506 г. войска ВКЛ на чале з М.Глінскім не разбіла іх каля Клецка. У 1503 г. і 1508 г. Брагін упамінаецца ў перапісцы Маскоўскага вялікага князя Васіля з вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I аб памежных спрэчках. Граматай Жыгімонта I у 1511 г. Брагіну і яго жыхарам даваўся шэраг ільгот. Пад 1537 г. горад пазначаны ў матэрыялах аб перамовах Маскоўскай дзяржавы з Літвой. Паводле размежавання ў 1564 г. Брагінская воласць увайшла ў склад Мазырскага павета Кіеўскага, потым Мінскага ваяводстваў. Князь А.А. Вішнявецкі, які з сярэдзіны 16 ст. валодаў Брагінам, па перапісу войска літоўскага 1567 г. павінен быў пастаўляць для фарміравання харугваў 12 коней.

З канца 16 ст. Брагін быў асноўнай рэзідэнцыяй князёў Вішнявецкіх. Свята-Мікалаеўскую царкву, якая тут дзейнічала з сярэдзіны 16 ст., Вішнявецкія надзялілі зямлёй і ў 1609 г. заснавалі Праабражэнскі мужчынскі манастыр, ператвораны ў 1842 г. ў прыход-скую царкву (не захавалася). Пры два-ры А.Вішнявецкага адзін з яго слуг аб'вясціў сябе ў 1604 г. царэвічам Дзмітрыем – сынам Івана Грознага і вядомы ў гісторыі як Лжэдзмітрый I. У 1648 г. жыхары Брагіна адчынілі браму казацкім атрадам на чале з Нябабам, Напалічам і Хвяськом, за што карным атрадам Рэчы Паспалітай горад быў разбураны. У 15 – 17 ст. на месцы дзядзінца размяшчаўся замак – комплекс драўляна-земляных умацаванняў. Паводле інвентару 1574 г. на вале былі сцены-гародні, абарончая вежа з боку ракі, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вялікай святліцай наверсе. Замак не аднаўляўся і пераўтварыўся ў гаспадарчы двор Вішнявецкіх. У 1784 г. ўзведзены новы будынак Свята-Мікалаеўскай царквы (не захавалася). Найбольш прыкметнымі ў царкве былі абраз Спасіцеля, напісаны на кіпарыснай дошцы, – дараванне імператара Аляксандра Мікалаевіча; евангелле Кіеўскага выдання 1697 г., дакументы князя Вішнявецкага 1793 г. і 1744 г. на вылучаныя ім землі для царквы. У 1790 г. ўзведзена драўляная Раства-Багародзіцкая царква (не захавалася). З 1770-х г. у Брагіне дзейнічала місія езуітаў з касцёлам.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Брагін у складзе Расійскай імперыі. У 1850 г. ў ім 149 двароў, 1233 жыхары. Граф Ракіцкі меў у Брагіне і Мікулічах у 1855 г. 26 650 дзесяцін зямлі, 2 ветракі, 6 конных млыноў, вадзяны млын, сукнавальню. Тракт звязваў Брагін з Лоевам. У 1860 г. ў Брагіне 261 гаспадарка, 2628 жыхароў, 2 праваслаўныя царквы, касцёл, праводзіліся 2 кірмашы ў год. У 1864 г. адкрыты народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа. Горад быў цэнтрам воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, у склад якой у 1885 г. ўваходзілі 24 сяленні з 1297 дварамі. У 1886 г. ў Брагіне 286 двароў, працавала аптэка. Паводле перапісу 1897 г. тут 648 двароў, 4519 жыхароў, 3 царквы, капліца, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, паравы млын, піваварны завод, 6 крупарушак, 3 маслабойні, 5 майстэрань па апрацоўцы скур, 5 цагельняў, 82 лаўкі, 2 заезныя двары, карчма і аптэка. 20 сяльчан займаліся ганчарствам.

У 1904 г. ўзнікла група РСДРП. У 1920-х г. дзейнічалі 3 пачатковыя і 1 дзесяцігадовая школы, клуб, бібліятэка, урачэбны ўчастак, ветэрынарны пункт, паштова-тэлеграфная кантора, сельска-гаспадарчае крэдытнае таварыства, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1929 г. арганізаваны калгас. Працавалі маслазавод, паравы млын, вятрак, кравецкая і шавецкая арцелі, кузня. З 15.07.1935 г. Брагін – мястэчка, з 27.09.1938 г. – гарадскі пасёлак.

У Вялікую Айчынную вайну з 29.08.1941 г. да 23.11.1943 г. дзейнічала патрыятычнае падполле. Стварыў і ўзначаліў яго П.Р. Зяновіч, з вясны 1942 г. ім кіраваў М.Л. Дубіна, з кастрычніка 1942 г. — С.І. Рэпчанка. Падпольшчыкі трымалі сувязь з партызанамі, вялі агітацыйную работу, перашкаджалі акупантам вывозіць моладзь у Германію, здабывалі для партызан зброю і боепрыпасы. У жніўні 1942 г. фашысты арыштавалі і расстралялі многіх падпольшчыкаў. У 1943 г. падпольшчыкі спалілі друкарню, 2 аўтамашыны, сапсавалі электрастанцыю, сумесна з партызанамі ў ноч на 11.04.1943 г. разграмілі варожы гарнізон, пасля чаго разам з сем'ямі пашлі ў партызанскі атрад. У 1941–43 гг. нямецкія фашысты расстралялі 8 тысяч мірных жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на вул. Пясочнай). У баях за Брагін і наваколле загінулі 257 воінаў 9-га гвардзейскага і 89-га стралковага карпусоў 61-й арміі, а таксама 9 партызан (пахаваны ў брацкіх магілах на могілках на вул. Камсамольскай і Савецкай). Сярод тых, што загінулі, Героі Савецкага Саюза П.С. Мамкін і М.Ф. Махаў.

Брагін
Свята-Мікалаеўская царква

У Брагіне размешчаны крухмальны завод, масласырзавод, лясгас, райсельгасхімія, райаграпрамтэхніка, аграхімлабараторыя, ветлячэбніца, хлебакамбінат, камбінат бытавога абслугоўвання, аптэка, музычная школа, гістарычны музей з карціннай галерэяй, раённая і дзіцячая бібліятэкі, сярэдняя школа, раённы Дом культуры, раённая бальніца, дзіцячы сад, 2 аддзяленні сувязі, гідраметэастанцыя. Вядзецца радыёвяшчанне, выходзіць раённая газета «Маяк Палесся». У 1970 г. да Брагіна далучана в.Ліпкі. Планіровачна гарадскі пасёлак складаецца з сеткі кварталаў выцягнутых з поўдня на поўнач уздоўж ракі. Генеральны план яго развіцця распрацаваны ў 1973 г. Мінскім філіялам Цэнтр. навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва. Асноўныя адміністрацыйныя і гандлёвыя будынкі сканцэнтраваны вакол плошчы. У цэнтральнай частцы размешчаны 2-, 4- і 5-павярховыя жылыя дамы. Астатняя забудова пераважна 1-павярховая, драўляная. У 1990-я г. пабудавана драўляная царква. Адна з вуліц Брагіна названа імем яго ўраджэнца Ф.І. Скараходава, які ў 1918 г. камандаваў партызанскім атрадам (каля 500 чалавек) і разграміў некалькі камендатур германскіх войск. Радзіма доктара хімічных навук, прафесара В.С. Скараходава, беларускіх мастакоў А.Я. Грэся, Я.Г. Панамарэнкі і беларускага пісьменніка С.Е. Палуяна. Паблізу ёсць радовішчы жалезняку, гліны і суглінкаў.

У склад Брагінскага пасялковага Савета да 1962 г. ўваходзілі пасёлак Пуцілавік, да 1970 г. – в.Ліпкі (не існуюць).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 10
Гасцей: 10
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.